Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Верабей трапіў у прыцэл сілавых структур
У бізнэс-супольнасці абмяркоўваюць арышты людзей, набліжаных да Мікалая Вераб'я. Гэта ўспрымаецца як спробы падабрацца да бізнэсмена, галоўны палітычны актыў якога пасля пачатку вайны памножаны на нуль.
06.10.2023 / 20:04
Мікалай Верабей. Фота: TUT.by
Пра тое, што ў Беларусі арыштоўваюць набліжаных да Мікалая Вераб'я людзей, «Нашай Ніве» паведамілі тры не звязаныя між сабой крыніцы.
«Сам Верабей пакуль на свабодзе, але ў яго таварышаў усё не вельмі добра», — сказаў нам адзін з суразмоўцаў.
«Што пэўныя праблемы ёсць, пацвярджаю», — дадаў іншы чалавек са сферы, блізкай да роду дзейнасці Вераб'я.
Аналагічную інфармацыю мы атрымалі і яшчэ ад аднаго суразмоўцы, які падкрэсліў, што «з Украінай у яго перспектыў ужо няма і ягоныя сувязі больш непатрэбныя, а недатыкальных у нас няма».
Дэталі пытанняў органаў да людзей з атачэння Мікалая Вераб'я нам невядомыя, але сэнс прэтэнзій да многіх іншых раней набліжаных «да двара» бізнэсменаў палягаў у тым, што на фоне скарачэння прыбыткаў тыя не маглі выконваць узятыя на сябе абавязкі ў частцы адлічэнняў на інфраструктуру, спорт, фонды і на больш далікатныя забавязанні.
Нарадзіўся Мікалай Верабей ва Украіне, часам яму прыпісваюць сваяцкія сувязі з кумам Пуціна Віктарам Медзведчуком.
Асноўны бізнэс Вераб'я — аптовы гандаль расійскімі нафтапрадуктамі на беларускім рынку і іх экспарт за мяжу.
Верабей зарабіў багацце на перапродажы нафтапрадуктаў — а часам і проста расійскай нафты пад выглядам беларускай, — ва Украіну.
Вялікія грошы, якія праходзілі праз Мікалая Вераб'я, былі заробленыя ў тым ліку на аперацыях з прадукцыяй наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан» у час, калі Наваполацкам кіравала Наталля Качанава.
Лукашэнкаўскія чыноўнікі, сябры і спартоўцы бясплатна адпачывалі на базе адпачынку пад Наваполацкам, якая належала Мікалаю Вераб'ю, а развівалася пры спрыянні Наталлі Пяткевіч.
Верабей стаў блізкім да некаторых заўважных асоб у лукашэнкаўскім атачэнні — да Уладзіміра Канаплёва, Юрыя Чыжа.
Потым Верабей на пару з Аляксандрам Шакуціным і Аляксеем Алексіным дзяліў імперыю былога сябра.
Вераб'я, як і Алексіна, звязваюць са скандалам з «прысадкамі» і «растваральнікамі» ў 2012 годзе.
Гэтыя людзі вельмі блізкія і маюць супольныя актывы. Напрыклад, яны разам пад сцягам «Брэміна Груп» валодаюць ільготнай эканамічнай зонай пад Оршай, якую ў народзе называюць «Аршорам».
Верабей да нядаўняга часу меў шырокія бізнэс-сувязі сярод арыентаваных на Маскву ўкраінскіх бізнэсменаў. Суразмоўцы «Нашай Нівы» таксама выказваюць меркаванне, што Верабей быў фінансава спрычынены да дзейнасці ўкраінскіх прарасійскіх тэлеканалаў 112Украіна, NewsOne i ZIK, якія таксама звязваюць з Медзведчуком.
Нельга выключаць, што Верабей быў у апошняга зіц-старшынёй Фунтам, таму што сам Медзвядчук пасля Майдану 2014 года аказаўся са звязанымі рукамі.
Так, у 2018-м кампанія Вераб'я «Нафтабітумны завод» спрабавала прыватызаваць украінскі «Цэнтрэнерга». Але ўкраінскі Фонд дзяржмаёмасці адхіліў заяўку з прычыны таго, што «канчатковым бенефіцыярам з'яўляецца асоба з РФ».
Выказвалася меркаванне, што трубаправод «Прыкарпатзахадтранс» Медзвядчук прадаў Вераб'ю для адводу вачэй, а ў якасці падзякі за паслугу Верабей атрымаў кантакты з людзьмі ў Расіі, якія вызначаюць квоты на экспарт нафты.
Напачатку вайны гэты нафтаправод таксама пацярпеў ад бамбардзіровак.
Чытайце таксама: Крыніцы: Трубу набліжанага да Лукашэнкі Вераб'я разбамбілі ва Украіне. Там было дызелю на $10 мільёнаў
Канец украінскай гісторыі Вераб'я заклала прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага і рашэнне новых палітычных эліт спыніць дзейнасць прамаскоўскіх дзялкоў ва Украіне, а канчаткова падвёў рысу саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Чытайце таксама:
«Знялі з яго няслаба». Банкруцтва пагражае «Востраву чысціні»
Як 398 еўра ператварыліся ў 5 мільёнаў. Справа Апсіта: каму і чаму падыгралі расследавальнікі?