«Знялі з яго няслаба». Банкруцтва пагражае «Востраву чысціні»
Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысціні і смаку» ды «Востравам здароўя», сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі. Вялізны выкуп лукашыстам за выхад уласніка з СІЗА, праблемная бізнэс-мадэль і эканамічныя шокі пагражаюць пазнавальнай кампаніі накаўтам. Гэта хвалюе рынак і работнікаў: «Востраў чысціні» — адзін з найбольшых прыватных працадаўцаў краіны.
«Востраў чысціні» — адзін з двух найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі. Тавары для чысціні, рэчы для кухні і гэтак далей — гэта тое, з чаго яны пачыналі.
З часам яны пашырылі прапанову тавараў і сталі «Востравам чысціні і смаку», а таксама запусцілі сетку са 100 аптэк «Востраў здароўя».
У сегменце гандлю хіміяй «Востраў чысціні» саступае па памерах толькі «Міле», мае 650 крам ва ўсёй краіне.
Кіруе крамамі і брэндамі група кампаній «Ромакс». Яе асноўныя бенефіцыяры — сям'я Віктара Рамука. На Рамукоў працуюць больш за 7000 чалавек.
Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі восенню 2022-га.
Чытайце таксама:
«Ужо некалькі сутак не можам да іх дазваніцца»: ДФР з маскі-шоу прыйшоў у «Востраў чысціні»
Затрыманы гендырэктар «Вострава чысціні» Віктар Рамук
Нейкі час Рамук правёў у СІЗА і, па інфармацыі суразмоўцаў «Нашай Нівы», выйшаў па звычайнай схеме, пагадзіўшыся выплаціць лукашыстам налічаныя штрафы.
«Знялі з яго няслаба», — кажуць нашы суразмоўцы, называючы суму 7 мільёнаў долараў.
Для лукашэнкаўскай Беларусі выкупы сталі звычайнай практыкай. Найбольш за выхад, як лічыцца, некалі заплаціў уласнік «Сервалюкса» Яўген Баскін. Там двухзначная лічба, 35 мільёнаў долараў.
Чытайце таксама: «Не сволач». Як мультымільянер Баскін нечакана трапіў у санкцыйныя спісы. Дасье
Накладзеныя штрафы пахіснулі і без таго нестабільную фінансавую сітуацыю ў кампаніі, лічаць суразмоўцы «Нашай Нівы», якія прадракаюць «Ромаксу», калі не здарыцца цудаў, банкруцтва ў перспектыве шасці месяцаў.
«Рамук заўсёды больш думаў пра маштабаванне, чым пра якасць кіравання. Скажам шчыра, што менеджмент у яго заўсёды быў бесталковы, але хібы ў фінансавай мадэлі і кіраванні асабліва не праяўляліся, пакуль рынак пёр», — лічыць адзін з нашых суразмоўцаў, чыя кампанія адзін з контрагентаў «Ромакса».
«Каб зразумець, наколькі гэта быў салодкі бізнэс і якую зорку ён злавіў, можна параўнаць цэны на аднолькавыя мыйныя або гігіенічныя сродкі за мяжой і ў Беларусі. Ну і любая гаспадыня, канечне, імкнецца карыстацца імпартам, бо лічыцца, што ён і лепшы, і на даўжэй хапае», — кажа іншы суразмоўца.
«У выніку, злавіўшы зорку на рытэйле хіміі, ім пачало здавацца, што ўсё ў Беларусі так працуе. Толькі бяры і прадавай. Яны ўлезлі ў прадукты, алкаголь і, што самае страшнае, у фармацэўтыку. І тут пад усе ягоныя планы яму 713-ты ўказ — на!
Скарачэнне купчай здольнасці, рост цаны імпарту праз падзенне рубля, абмежаванне максімальнай нацэнкі па 713-м указе, падаражэнне крэдытаў, пагашэнне абавязкаў па крымінальнай справе. Тут проста ўсё супраць яго сыграла, ну і гігантаманія загубіла — у такіх умовах іх бізнэс-планы не сыходзяцца з самымі песімістычнымі прагнозамі для акупнасці. Цяпер ужо ясна, што трэба было думаць пра якасць, а не пра рост», — дае ацэнку адзін з беларускіх банкіраў.
«Востраў чысціні» не тое што вельмі закрэдытаваны, але ў яго і вельмі шырокі партфель. Там больш за 10 крэдытораў. А ўявіць, што 10 беларускіх банкаў збяруцца за адным сталом, каб дамовіцца і выратаваць кампанію… не, такое малаімаверна. Пакуль што кожны спрабуе дастаць сваё з яшчэ жывой кампаніі, разумеючы, што праз паўгода там будзе банкруцтва і ты станеш у чаргу крэдытораў, у якой будзеш і не першым, і не другім. Вось тады ўжо яны будуць дамаўляцца, можа быць, а пакуль гэта нікому не трэба», — дадаў іншы банкір, знаёмы з сітуацыяй.
Некаторыя ўдзельнікі рынку і банкіры сыходзяцца ў думцы, што варта чакаць банкруцтва «Ромакса» ў перспектыве шасці месяцаў. Калі не здарыцца цудаў.
Нагадаем, нядаўна ў Беларусі загінула сетка крамаў «Хатні». З вялікімі намаганнямі і стратамі з крызісу спрабуе выкараскацца «Віталюр», абапіраючыся на інтарэс канкурэнта — «Санты», якая паўдзельнічала ў ратаванні сеткі пазыкамі і арэндай плошчаў.
«Хто дасць грошай «Ромаксу», не зусім ясна, таму што той, каму б у тэорыі магло быць цікава — іншы рытэйл, — сам сутыкаецца з тымі самымі праблемамі, што і Рамук. У каго больш праблем, у каго менш. Частка кампаній сапраўды трымаецца толькі на лепшай фінансавай мадэлі і старых запасах. І пашырацца сёння рызыкоўна.
У тое, што дапамогуць рускія, я не веру, там няма дурных лезці на спецыфічны рынак пад 713-ы ўказ, калі гэта не схема, як з Wildberries.
Ну і ў «Ромакса» складаная структура бізнэсу, там шмат кірункаў: вытворчасць, рытэйл, імпарт. Усё аформлена на розных людзей, усё як бы паасобку, як з гэтым разбірацца знешняму гульцу, мне асабіста незразумела», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».
Група кампаній Рамука — адзін з найбольшых прыватных працадаўцаў Беларусі, у ёй працуюць 7000 чалавек, таму напружаная фінансавая сітуацыя выклікае ў людзей трывогу.
«Давядзецца шукаць іншую працу. А дзе шукаць?» — перажывае адна з прадавачак.
Ці стане пасля смерці «Ромакса» побытавая хімія ў Беларусі таннейшай?
«Не. Большая канкурэнцыя гэта заўсёды лепш, чым яе адсутнасць. У нейкім невялікім горадзе дзве крамы, умоўна, «Міла» і «Востраў чысціні». Яны яшчэ неяк паміж сабой бадаюцца, зніжкі робяць, спрабуюць дзесьці знізіць цану ў параўнанні з канкурэнтам. Калі гэтага не стане, людзі пачнуць плаціць яшчэ больш. Усё проста», — рэзюмаваў суразмоўца «Нашай Нівы».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары