Прэм'ер Эстоніі: Пастаўкам газу ў краіну і інтэрнэту нічога не пагражае. Але мы вельмі сур'ёзна ставімся ды інцыдэнту

Учора ўвечары, адразу пасля вяртання з Фінляндыі ў Эстонію, прэм'ер-міністр Кая Калас склікала нараду, каб абмеркаваць інцыдэнты, звязаныя з газаправодам Balticconnector і падводным камунікацыйным кабелем паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. Брыфінг правялі Дэпартамент замежнай разведкі Эстоніі, цэнтр ваеннай разведкі і паліцыя бяспекі Эстоніі, піша Delfi.ee.

11.10.2023 / 09:26

Кая Калас інспектуе Сілы абароны. У ходзе вучэнняў амаль 10 000 рэзервістаў, прыпісаных да структуры сухапутнай абароны, пройдуць паглыбленую падрыхтоўку. «Я выказваю вялікую падзяку ўсім удзельнікам вучэнняў, а таксама ўсім іх блізкім і працадаўцам, якія сваім разуменнем паставіліся да гэтага». Фота з інстаграма Каі Калас

Па словах прэм'ер-міністра, пастаўкам газу ў Эстонію або міжнароднаму інтэрнэт-злучэнню нішто не пагражае, але і Эстонія, і Фінляндыя вельмі сур'ёзна ставяцца да інцыдэнтаў і робяць усё магчымае для высвятлення абставінаў. Пастаўкі газу забяспечваюцца за кошт уласных рэсурсаў Эстоніі і праз Латвію, а няспраўнасць падводнага кабеля сувязі не ўплывае на інтэрнэт-паслугі, дадала прэм'ер-міністр.

«Я знаходжуся ў цесным кантакце з прэм'ер-міністрам Фінляндыі Петэры Орпа, і сёння падчас тэлефоннай размовы мы абмеркавалі далейшыя крокі. Цэнтральная крымінальная паліцыя Фінляндыі пачала следства аб магчымай дыверсіі на газаправодзе Balticconnector, бо ўцечка адбылася ў эканамічнай зоне Фінляндыі. Эстонія таксама распачала крымінальнае расследаванне з прычыны няспраўнасці кабеля сувязі», — сказала Калас.

Абедзве краіны праінфармавалі саюзнікаў па НАТА і дзяржавы-сябры Еўрапейскага Саюза аб інцыдэнтах. У прэм'ер-міністра Калас адбыліся тэлефонныя размовы з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен, кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем і генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам.

«Мы абмеркавалі неабходнасць і магчымасці ўзмацнення абароны крытычна важнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры», — паведаміла прэм'ер-міністр.

Урад абмяркуе інцыдэнт таксама на кабінетнай нарадзе ў чацвер.

Чытайце таксама:

Нарвежская сейсмастанцыя зафіксавала магчымы выбух каля газаправода ў Фінскім заліве

Прэзідэнт Фінляндыі назваў прычынай уцечкі на газаправодзе знешняе ўздзеянне. Магчыма, гэта была дыверсія

Nashaniva.com