Поўнач сектара Газа пакінулі каля 500 тысяч чалавек — ЦАХАЛ
Прадстаўнік Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) прызнаў, што характар цяперашняй аперацыі такі, што пазбегнуць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ўдаецца не заўсёды.
16.10.2023 / 07:26
Палесцінскія ўцекачы. Фота: Hatem Moussa / AP
Прэс-аташэ Арміі абароны Ізраіля падпалкоўнік Джонатан Конрыкус сказаў журналістам, што, па ацэнцы ізраільскай арміі, поўнач сектара Газа пакінулі каля паўмільёна чалавек, піша Бі-бі-сі.
Раней Ізраіль, рыхтуючыся да ўводу арміі ў сектар Газа, запатрабаваў ад цывільнага насельніцтва яго паўночнай часткі, уключаючы сам горад Газа, тэрмінова эвакуявацца на поўдзень.
Прэс-аташэ ЦАХАЛ абвінаваціў ХАМАС у тым, што ён перашкаджае мірным грамадзянам эвакуявацца на поўдзень сектара. Са слоў падпалкоўніка Конрыкуса, вайсковая аперацыя ў Газе падыходзіць да «ўзмоцненай» фазы, і заставацца ў яе зоне будзе небяспечна.
На пытанне аб авіяўдары па калідоры эвакуацыі, у выніку якога ў пятніцу, як сцвярджаюць палесцінцы, загінулі 70 чалавек, падпалкоўнік Конрыкус адказаў толькі, што ЦАХАЛ не б'е наўмысна па мірным насельніцтве.
Падчас брыфінгу ён прызнаў, што характар цяперашняй аперацыі такі, што пазбегнуць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ўдаецца не заўсёды.
Сектар Газа. Google Maps
«Мы б'ем па ХАМАС, мы б'ем па іх інфраструктуры і мы актыўна палюем на іх камандзіраў. Калі вы палюеце на жывую цэль, якая можа перасоўвацца, не заўсёды, напэўна, па відавочных прычынах можна ўжываць тую ж тактыку з абвяшчэннем загадзя, якая дазваляе мінімізаваць спадарожную шкоду, бо гэта асоба дазнаецца, што на яе палююць, і можа збегчы», — сказаў прэс-аташэ ізраільскай арміі.
Таксама вядома, што паліва для генератараў у бальніцах Газы засталося на суткі, заявіла ААН.
Чытайце таксама:
Хан-Юніс на каленях. Як пракарміць, размясціць і аказаць дапамогу паўмільёну палесцінскіх бежанцаў
Байдэн: Ізраіль павінен знішчыць ХАМАС
Ізраіль эвакуюе цэлы горад. Такое адбываецца ўпершыню ў гісторыі дзяржавы