Хан-Юніс на каленях. Як пракарміць, размясціць і аказаць дапамогу паўмільёну палесцінскіх бежанцаў
Горад Хан-Юніс на поўдні сектара Газа захліснула людская хваля, піша Рушдзі Абу Алуф на BBC з палесцінскага Хан-Юніс.
Сотні тысяч бежанцаў з поўначы сектара Газа дабіраліся сюды на чым маглі: на машынах, калі было чым іх заправіць, на запрэжаных у вазы конях, калі такія меліся, або пешшу, калі іншых варыянтаў не было.
Яны дабраліся і ўбачылі горад, які задыхаецца ад колькасці людзей і быў дрэнна падрыхтаваны да таго, што за адну ноч яго насельніцтва падвоіцца.
Кожны пакой, кожны завулак, кожная вуліца забітыя натоўпамі мужчын, жанчын і дзяцей. Далей ісці проста няма куды.
ХАМАС кажа, што 400 тысяч з больш як 1,1 млн жыхароў паўночнага сектара Газа за апошнія 48 гадзін пакінулі свае дамы і адправіліся на поўдзень, у адпаведнасці з папярэджаннем Ізраіля.
«Я ішоў разам з імі, са сваёй жонкай і трыма дзецьмі, а таксама з запасам вады на два дні», — кажа Рушдзі Абу Алуф.
Многія жыхары поўначы палічылі, што ізраільскія бомбы і пагроза будучага сухапутнага ўварвання, якое стала непазбежным пасля таго, як баевікі з Газы забілі ў Ізраілі 1300 чалавек, адмяняюць загад ХАМАС заставацца на месцы.
Але на гэтай вузкай палосцы зямлі, заблакаванай з усіх бакоў і адрэзанай ад астатняга свету, варыянты куды ісці далей — абмежаваныя. І гарантый бяспекі ніхто нікому не дасць.
Каментары