Самыя пажылыя палітвязні — хто яны і за што іх арыштавалі
Адзін з іх атрымаў дзевяць гадоў калоніі, і яму тэрмінова патрэбная перасадка ныркі, іншага судзяць сёмы раз запар.
21.10.2023 / 17:52
Тысячы людзей у Беларусі сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананні, за выступы супраць дыктатуры ці за патрабаванне свабодных выбараў і сумленнага падліку галасоў на іх. Сярод вязняў — нямала людзей старэйшага веку, ветэранаў працы.
Наталля Таран
Наталля Таран у 2017 годзе. Фота: яе старонка ў «Аднакласніках»
Самая пажылая з палітзняволеных, чые імёны вядомыя, — 75-гадовая Наталля Таран. Яна нарадзілася ў горадзе Ялта. Па прафесіі была токарам, але апошнія гады на пенсіі.
Затрымалі яе за публікацыі ў «Аднакласніках». Крамолу ўгледзелі ў некалькіх «класах» пад допісамі. Гэта палічылі паклёпам на Лукашэнку, абразай Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Жанчыне далі тры з паловай гады зняволення.
Судзіла яе вядомая ў Бабруйску суддзя Вольга Серакова. Яна часта займаецца палітычнымі крымінальнымі справамі, асудзіла па іх каля 20 чалавек.
Вольга Серакова — актыўная выканаўца масавых палітычных рэпрэсій пасля 2020 года. Фота з яе старонкі Укантакце
Сярод іншага, яна дадала паўгода да прысуду Сяргея Франчука, брата каліноўца Вадзіма Кабанчука, а таксама ўхваліла перавод палітвязня Андрэя Навіцкага на строгі рэжым адбыцця пакарання.
Васіль Бераснеў
Васіль Бераснеў. Фота: «Вясна»
Васіль Бераснеў — самы стары з вядомых палітвязняў-мужчын, яму 73 гады.
Ён вядомы ў Оршы чалавек. У 80-я Бераснеў быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім пад Оршай (цяпер — Высокаўскі аграрны каледж). Неўзабаве ўзначаліў Аршанскі раённы савет дэпутатаў. Але пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады стаў на бок лагера дэмакратычных сілаў.
Быў упершыню арыштаваны ў 2006-м за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. У 2010-м балатаваўся ў мясцовыя саветы ад аргкамітэта па стварэнні партыі «Народная грамада», якой кіруе Мікола Статкевіч. А ў 2017-м адбываў 14-суткавы арышт за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў».
Таксама мужчына займаўся праваабаронай, прадстаўляючы Беларускі Хельсінскі камітэт у Оршы і ваколіцах. Уваходзіў у Аршанскую кааліцыю дэмакратычных сілаў.
А з 2016 года кіраваў аршанскай суполкай прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Дзейнічала яна і ў раёнах паблізу — Талачынскім, Сенненскім, Дубровенскім. Займаўся юрыдычнымі пытаннямі, дапамагаючы ў працаўладкаванні, абскарджваючы незаконныя звальненні і нявыплаты заробкаў.
Яго затрымалі 20 красавіка 2022 года па справе прафсаюза РЭП. А разам з ім і Генадзя Фядыніча з Вячаславам Арэшкам. Берасневу прысудзілі дзевяць гадоў калоніі за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «заклікі да санкцыяў» і «распальванне варожасці».
У калоніі стан Васіля Бераснева пагоршаў да крытычнага. Спачатку з'явілася інфармацыя пра тое, што ў яго праблемы з адзінай ныркай і падвышаны ціск. Адміністрацыя СІЗА і калоніі ігнаравала заявы пра аказанне медычнай дапамогі.
Дзесяць дзён таму стала вядома, што Бераснева перавялі ў шпіталь, бо яму патрабуецца тэрміновая перасадка ныркі. Медыкаментозна дапамагчы яму немагчыма, і ён мае патрэбу ў бесперапынным медыцынскім наглядзе.
Аляксандр Ярашук
Фота: Facebook-старонка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў
Лідару Беларускага незалежнага прафсаюза Аляксандру Ярашуку 71 год.
Ярашук больш за 20 гадоў узначальваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Часта выступаў пасярэднікам у перамовах паміж уладамі Беларусі і еўрапейскімі чыноўнікамі, Міжнароднай арганізацыяй працы.
Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года. Абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і «закліках да санкцыяў». У выніку яму прысудзілі чатыры гады калоніі.
За рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў рэжым Лукашэнкі атрымаў адказ ад Міжнароднай арганізацыі працы. Яна ўжыла супраць Беларусі 33-ы артыкул статута МАП. Арганізацыя перастала аказваць дапамогу афіцыйным уладам Беларусі, а беларускія дэлегацыі не запрашаюцца на афіцыйныя мерапрыемствы МАП. Таксама апісаныя рэкамендацыі для бізнэсу — перагледзець адносіны з Беларуссю і закрыць усе праекты, не накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі з правамі працоўных. Краінам-чальцам МАП забараняецца дэпартаваць у Беларусь прафсаюзных актывістаў.
Патрабаванне МАП — прыняць місію арганізацыі ў Беларусі і дазволіць яе чальцам наведаць прафсаюзных лідараў у няволі. Афіцыйны Мінск чакана адмаўляецца, а лідар праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда назваў рашэнне «маніпуляцыяй і фальсіфікацыяй».
Артыкул 33 ужываўся перад гэтым толькі аднойчы — у дачыненні да М'янмы ў 2001-м за прымяненне прымусовай працы. М'янма тады згубіла адчувальную частку міжнароднай падтрымкі, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі і фінансавання інавацыйных праектаў. У выніку санкцыі з М'янмы былі амаль знятыя толькі праз 11 гадоў. Гэта афіцыйнае прызнанне таго, што ў Беларусі крытычная сітуацыя са свабодай аб'яднанняў і сходаў.
Аляксандр Новікаў
Аляксандр Новікаў
Аляксандру Новікаву з Гомеля таксама 71 год. Ён літаратуразнаўца і аўтар блога litkritika.by (цяпер — litkritika.blogspot.com). Вядома, што ў часы СССР мужчына служыў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі і меў афіцэрскае званне.
У сваім блогу ён крытыкаваў улады Беларусі і асабіста Мікалая Чаргінца, кіраўніка афіцыйнага Саюза пісьменнікаў. За гэта Чаргінец часцяком пісаў на яго заявы ў міліцыю за «паклёп», а пасля напісаў на яго адкрыты данос на сайце саюза, які называецца «Ай ды шэльма, ай ды падлізнік». Новікава абвінавачвалі ў тым, што ён быццам падманам «прабраўся» ў праўладны саюз пісьменнікаў, ставіць знак роўнасці між Гітлерам і Сталіным, не надта паважліва ставіцца да Чырвонай Арміі, а таксама крытыкуе Лукашэнку.
У 2022-м Новікаў заняў праўкраінскую пазіцыю. Таксама ён параўноўваў падзеі ў Беларусі з раманам Оруэла «1984» і 1937-м, пікавым годам сталінскіх рэпрэсіяў.
27 чэрвеня 2022 года Аляксандра асудзілі на два гады калоніі за «незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё» і «распальванне варожасці ці варажнечы». Фармулёўка абвінавачання такая:
«Н. публікаваў на сваім сайце артыкулы, якія мелі на мэце дамагчыся перагляду сусветнай гісторыі, вынікаў вайны, дыскрэдытацыі Перамогі. Размяшчаў матэрыялы, у якіх змяшчаліся прыкметы рэабілітацыі нацызму, а таксама варожасці ў адносінах да груп, якія паважаюць гісторыю савецкага перыяду.
Акрамя таго, публікаваў у фэйсбуку фатаграфіі, імёны і звесткі аб месцы працы супрацоўнікаў МУС».
Перад тым, як апынуцца за кратамі, мужчына напісаў на старонцы ў «Аднакласніках»:
«Сябар спазнаецца ў бядзе. Але не заўсёды сябры могуць дапамагчы. Асабліва, калі на тваім календары 1937 год. Я заўсёды з вамі, сябры!»
Васіль Дземідовіч
Васіль Дземідовіч. Фота: база «Кіберпартызанаў»
Васіль Дземідовіч — самы стары чалавек у спісе датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Адметна, што дзейнасць гэтая заключалася ў пакіданні каментароў у тэлеграм-чатах.
Яму 71 год. Нарадзіўся Васіль ва Уздзенскім раёне, у вёсцы Стальбоўшчына. У 1971 годзе яго забралі ў армію. Служыў ён у элітнай на той час інжынерна-сапёрнай часці дэсантных войскаў №11932, якая тады знаходзілася ў Літве.
Дземідовіч каля 20 гадоў пражыў у Наўгародскай вобласці, дзе працаваў юрысконсультам і быў заснавальнікам фірмы. Вядома, што ў 2013-м мужчына пераехаў у Мінск, але пасля вярнуўся ў Расію. Калі дакладна ён вярнуўся ў Беларусь назусім — невядома.
У Дземідовіча, наколькі вядома, няма блізкіх людзей. Жонка мужчыны не грамадзянка Беларусі і разам яны не жывуць, дзяцей у яго няма.
Упершыню лукашэнкаўцы звярнулі на яго ўвагу ў 2021 годзе. Тады Васіль вывесіў на сваёй хаце ў Нясвіжы нацыянальны сцяг Беларусі ў гонар Дня Волі 25 Сакавіка. За гэта яго пакаралі арыштам.
Агулам ён напісаў больш за тысячу каментароў у розных чатах са свайго тэлеграм-акаўнта. Упершыню яго асудзілі 16 чэрвеня 2022-га, тады ж узялі пад варту. Тады яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 50 базавых велічынь і кампенсацыяй службовым асобам, якіх «абразілі» ягоныя каментары, на 32 тысячы рублёў.
Пасля гэтага над ім адбылося яшчэ пяць судоў і ўжо пачаўся сёмы — вынікі апошніх двух невядомыя, але на чацвёртым ягоны тэрмін павялічыўся да сямі гадоў, а агульная сума штрафаў сягнула пяці тысяч рублёў. Можна меркаваць, што агулам яму прысудзілі не менш за восем гадоў турмы.
У мужчыны адбыліся дзясяткі цяжкіх этапаў у розныя месцы зняволення па ўсёй Беларусі. Мужчын-палітвязняў этапуюць у кайданках у цеснаце і гэта цяжка нават для здаровых маладых мужчын. Паколькі ў Дземідовіча няма блізкіх, стан ягонага здароўя невядомы.
Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца з 2020 года. Праз крымінальны пераслед прайшлі некалькі тысяч беларусаў, а цяпер у зняволенні знаходзяцца не менш за 1697 чалавек, асуджаных або абвінавачаных па палітычных матывах, з іх 1487 прызнаныя палітвязнямі.
Чытайце таксама:
Што вядома пра падлетка, якога адправілі ў калонію за тое, што зняў на відэа расійскую тэхніку?