Ва Украіне шукаюць беларуса, абвінавачванага ў марадзёрстве ў Бучы
Адзін з судоў Кіеўскай вобласці дазволіў супрацоўнікам паліцыі затрымаць грамадзяніна Беларусі для далейшага ягонага арышту і забеспячэння прысутнасці ў судзе па разглядзе справы паводле абвінавачання яго ў крадзяжах у час ваеннага становішча, гэта частка 4 артыкула 185 Крымінальнага кодэкса Украіны. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў, піша «Радыё Свабода».
18.10.2023 / 16:17
Адна з вуліц Бучы. Фота: Mustafa Ciftci / Anadolu Agency via Getty Images
Як адзначаецца ў судовым рашэнні, грамадзянін Беларусі, ураджэнец Магілёва, прыехаў ва Украіну ў 2020 годзе і жыў у Бучанскім раёне. Ён быў жанаты, меў сярэдне-спецыяльную адукацыю, але па статус уцекача не звяртаўся і не надаў дакументаў аб законнасці свайго пражывання ва Украіне. Ён знік адразу пасля таго, як яму выставілі абвінавачанне пасля завяршэння дасудовага расследавання.
Згодна з матэрыяламі справы, беларус цягам сакавіка 2022 года ў час расійскай акупацыі Бучы Кіеўскай вобласці абакраў некалькі прыватных будынкаў, карыстаючыся адсутнасцю гаспадароў. У некаторыя будынкі ён заходзіў па некалькі разоў.
У прыватнасці, у матэрыялах фігуруе некалькі эпізодаў, калі абвінавачваны пранікаў праз вокны ў пустыя будынкі ці ламаў дзверы і выносіў адтуль розную маёмасць, у тым ліку чатыры ноўтбукі, некалькі фотаапаратаў і прылад да іх, залатыя і срэбныя вырабы, некалькі ровараў, надзіманая лодка, ласты, скураныя рамяні, некалькі дарослых і дзіцячых гадзіннікаў, электрычныя інструменты, мабільныя тэлефоны.
Усяго следчыя высветлілі шэсць эпізодаў крадзяжу, учыненых з 17 да 28 сакавіка 2022 года, калі Буча знаходзілася пад расійскай акупацыяй. Згодна з матэрыяламі справы, беларус выкраў маёмасці больш як на 70 тысяч грыўняў, што паводле цяперашняга курса складае каля 2 тысяч даляраў у эквіваленце.
6 чэрвеня 2022 года грамадзянін Беларусі падпісаўся пад паведамленнем аб завяршэнні расследавання і магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы, а на наступны дзень знік, і ягонае цяперашняе месцазнаходжанне невядома. Імя падазраванага не называецца.
Чытайце таксама:
«Адчыняем дзверы, а там тэрабарона». Пасол Польшчы расказаў пра першыя ваенныя тыдні ў Кіеве
У Мінску на прэм’еру фільма з фэйкамі пра Бучу прыйшла толькі Бондарава з сяброўкамі