Культура1616

«Ва ўкраінцаў ёсць такая рыса, якая можа падацца беларусам грубасцю». Алесь Плотка — пра гомельскі андэграўнд, Ціханоўскага арт-дырэктара і жонку-ўкраінку

Алесь Плотка — паэт з Гомеля, аўтар кнігі Bloodlands 20/22, якую цяпер прадстаўляе ў сумесным туры з пісьменнікам Аляксандрам Чарнухам. У перапынку паміж паездкамі «Наша Ніва» выцягнула Плотку на вялікую размову.

«Калі Літва ўвайшла ў ЕС, усе гопнікі вылецелі працаваць у Лондан»

 — Першая вялікая прэзентацыя Bloodlands і першы выступ гурта Sož, у якім я ўдзельнічаю, прайшлі на фэсце ў Варшаве, — расказвае Алесь. — Потым былі Прага, Берлін, і я не даехаў на фестываль «Тутака», быў у Таліне. У лістападзе мы разам з Сашам зганяем у Грузію і Данію з Гаагай, заедзем у Беласток.

Што за гурт? Ён выконвае электрапостпанк. Пакуль што там толькі людзі, у якіх была ці ёсць гомельская прапіска.

Спрабуем зразумець сябе як людзей, якія родам з Гомеля, але, вядома, немагчыма ўсё жыццё спяваць толькі пра яго, які б ён ні быў добры. На старце гэта сустрэча старых сяброў з розных нефармальных тусовак: нехта з нас граў у юнацтве хіпічную музыку, нехта — цяжкі метал, а нехта — хардкор. Мы выпусцілі міні-альбом Apošnija tancory і зараз будзем працаваць над стварэннем поўнафарматнага альбома.

НН: Як бы вы расказалі пра Гомель чалавеку, які ўвогуле не ведае гэты горад? Які яго вайб?

АП: Гомель — гэта паўднёвы горад з усімі плюсамі і мінусамі гэтага становішча. Ён распаволены, працоўны і даволі суворы, гэта горад добрых і надзейных людзей. Яго настрой — рамантыка постсавецкага існавання, там ёсць трошку цэнтра, але зусім мала.

Бяда шмат якіх трансферных гарадоў, як і Гомеля — тое, што іх аблічча цяжка намаляваць. Памежжа, трансфернасць і паўднёвасць — хіба што асноўныя яго рысы.

Гомель арыентаваны на поўдзень, але мо я тут рэтранслюю сваё юнацтва, Крым і Кіеў.

У нулявыя, калі я вырас, Мінск быў горадам-офісам, куды ездзілі па візу. Потым было больш культурных калабарацый і збліжэння, але ў зусім залатых нулявых Гомель знаходзіўся прыкладна пасярэдзіне паміж Кіевам і Мінскам. Хай сабе ёсць мяжа, але ты можаш паехаць на поўдзень і за смешныя грошы набыць абсалютна іншыя рэчы, нават калі ты студэнт.

НН: Што такое гомельскі андэграўнд?

АП: Школа знешне суворых, але дужа добрых і надзейных унутры людзей. Школа цяжкай музыкі — Gods Tower, Rasta, ТТ-34. Там было некалькі плыняў, адзначу металістаў і панкаў, і металістычная аснова была дужа моцная, яны неяк трымаюцца разам. Знаёмы з некаторымі металістычнымі гуртамі ў Вільні, для мяне гэта аддуха. Узімку быў тур Gods Tower па балтыйскіх краінах, я паехаў з імі ў бусе і гутарыў там з літоўскімі металістамі. Такое адчуванне, што мы з імі з адной сістэмы каштоўнасцяў, бо яны праводзілі такое ж самае юнацтва, гэтаксама збіраліся на нейкіх скверах і рэках.

Але ў Літве было круцей, бо тут багата храмаў, табе могуць расказаць, як у канцы 90-х віленскі андэграўнд тусаваўся ў закінутых касцёлах, дзе можна было знайсці рэальныя чарапы людзей. Знайсці ў Гомелі царкву са шкілетамі праблемна, але людзі цягнуліся да аднаго і таго ж: напрыклад, у гомельскім раёне Волатава была культавая разбітая царква, дзе ў 90-я Gods Tower здымалі кліп.

Гаворка пра людзей, якія мысляць не так, як усё грамадства.

Калі чалавек выйшаў з нефармальства, слухаў цяжкую музыку, гэта для мяне адразу дае яму крэдыт даверу, і я ніколі ў гэтым не быў расчараваны. Гомельскі андэграўнд — гэта наша альма-матар, частка беларускай нематэрыяльнай спадчыны.

НН: Вы самі цягнуліся да металістаў?

АП: Гэта быў узаемны працэс (усміхаецца). Тады субкультуры былі больш падзеленыя: або ты металіст, або панк ці рэйвер. Цяпер адзін чалавек можа слухаць усё, і наўрад ці на нейкім Сельмашы нехта будзе чалавека целяпаць за доўгія валасы, але раней гэта ўсё было, ды і ў Вільні таксама.

Літоўскія металісты расказалі мне, што калі Літва ўвайшла ў ЕС, усе гопнікі вылецелі працаваць у Лондан, і людзям адразу стала нашмат спакайней жыць. Таму яшчэ адзін плюс будучага ўваходжання Беларусі ў ЕС — гэта каб усе гопнікі вылецелі ў Лондан будаваць тое, што недабудавалі літоўцы.

Гомель яшчэ і занадта малы горад, таму ўся нетыповая моладзь там ведала адно аднаго. Узяць таго ж Сяргея Ціханоўскага, які калісьці адкрыў клуб у цяперашнім ДК «Фестывальны». Там праходзілі вечарыны пад нармальную электронную музыку — гэта таксама субкультура. Па вечарах там гралі цяжкія канцэрты, метал ці панк, і без Ціханоўскага як арт-дырэктара нічога гэтага не адбывалася б. Шмат нашых сувязей ідуць адтуль.

НН: Якімі вы пабачылі беларусаў цяпер, калі былі ў туры?

АП: Было вельмі цікава, кайфую ад гэтых размоваў. Тыя беларусы, што апынуліся ў эміграцыі, сталі больш рэфлексуючымі. Гэта ўсё няпроста, гэта ўсё выклік, але людзі больш змагаюцца, чым гаруюць. 

Імкнуся не ўспрымаць іншую частку беларусаў як горшую ад нас і ўглядацца ў іх праблемы як у нешта горшае. Гэта балючая тэма для мяне, бо я бачу гэтую рысу ў стасунках людзей, у фэйсбуках. Увесь час заклікаю да міру, да трымання сябе ў руках, каб людзі менш накідвалі на вентылятар, які нас раз’ядноўвае. 

Мы за мяжой у нейкім сэнсе больш прывілеяваныя, і ў нас немагчымы роўны дыялог з людзьмі, якія цяпер у Беларусі.

Усім тым, хто ўзвальвае на сябе місію вялікага амбасадара ад імя ўсіх беларусаў, я б раіў быць асцярожнымі, бо ў людзей унутры краіны менш прасторы для выказвання і мушу быць акуратным, калі нешта кажу ад іх імя.

Магу толькі заклікаць да біблейскіх праўдаў, да цярпення. То-бок не імкнуся выглядаць лепшым на іх фоне, бо мы цяпер граем не на роўных. 

Ёсць такая кніжка — «Чэшскі дзённік», дзе чалавек у часы [чэхаславацкай] нармалізацыі проста дзесяць гадоў пісаў, што з ім адбываецца: як яго пасвілі, як ён ездзіў на допыты і раздаваў самвыдат. І цяпер, мяркую, пішуць дзясяткі такіх дзённікаў, якія некалі стануць нам даступныя. Калі будзе круглы стол ці кангрэс беларускай культуры, усё гэта абмяркуецца, а пакуль стараюся быць вельмі далікатным, бо разумею, што мае словы могуць кагосьці пакрыўдзіць.

НН: Вы самі калі выехалі з краіны?

АП: Не жыву ў Беларусі больш за пяць гадоў. Жыў у Чэхіі, ва Украіне, пакуль жыву ў Літве. Выехаў збольшага праз эканамічныя прычыны. 

«Усім было б добра атрымаць трохі біблійнага паразумення, проста таму што людзі не выцягваюць»

НН: Bloodlands, крывавыя землі — што гэта за канцэпцыя такая?

АП: У гісторыка Цімаці Снайдэра ёсць кніжка «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным». Ён фактычна апісвае там тое, што мы маем сёння: тады гаворка была пра Гітлера і Сталіна, цяпер — пра падзеі ў Беларусі 2020-га і ва Украіне 2022-га. 

Назва кнігі рэферуе да яго працы, гэта наследаванне яго фокусу на гэты рэгіён. Для мяне падзеі ў Беларусі і Украіне — частка аднаго вельмі балючага працэсу. Я сам жыў ва Украіне, мая жонка ўкраінка, таму прапускаю ўсё гэта праз сябе, і таму змог дазволіць сабе гэтую кніжку. 

Пра гэтыя рэчы вельмі цяжка казаць, цяжка знаходзіць правільны ракурс. Што ты можаш сказаць пра Украіну, калі ты беларус? Такім не варта маніпуляваць і занадта шмат карыстацца, але хаця б зрабіў спробу паглядзець на такія тэмы і зрабіць гэта разам, а не адасоблена, бо беларуская і ўкраінскія тэмы ў сённяшнім глабальным свеце знаходзяцца зусім не ў адным кошыку. А для мяне гэта частка аднаго працэсу — выхаду (ці невыхаду) са сферы ўплыву Расіі.

НН: Ці ёсць будучыня ў крывавых земляў?

АП: Вядома, ёсць, пакуль мы жывыя, мы можам нешта будаваць. Не хачу апеляваць да дыялогу — разумею, што на сёння ён немагчымы. Гэта тое, што праходзіць праз мяне і маю сям’ю. Ёсць асаблівая група людзей, беларусы з Украіны, у нас дужа спецыфічнае гета і нам прыемна пагутарыць адно з адным на зразумелыя тэмы і болі, бо ва ўсіх нейкая свая траўма. Гэта як калі людзі выходзяць з турмаў, яны часта гуртуюцца разам, тое ж самае і з намі.

Мы разумеем і беларускі бок, і ўкраінскі, усё бачым. Не бягу ў эксперты, але бачу, што ўсім вельмі цяжка, і ўсім было б добра атрымаць трохі біблейскага паразумення, проста таму што людзі не выцягваюць, цяпер ніхто не ў адэкваце. 

Беларусы крыўдзяцца на ўкраінцаў за пэўныя генералізацыі. Але дзясяткі тысяч людзей ляжаць у зямлі, і на сёння Украіна праходзіць велічэзны стрэс. Беларусь праходзіць свой стрэс, гэта розныя стрэсы. І мяне весяляць інтэлектуальныя людзі, якія запытваюць — што гэта ў нас няма дыялогу? Таму што ўсім вельмі балюча. Ёсць асобныя выспачкі [дыялогу] ў культуры, перакладах, на якіх потым збудуецца будучыня гэтых земляў, і іх вельмі важна не згубіць. А пакуль не будзе вялікіх сімпозіумаў паміж Беларуссю і Украінай, але калі сёння я буду хаця б адным з тых, хто дапаможа захаваць гэтыя працэсы, я буду рады.

НН: Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну неяк паўплывала на вашы адносіны з жонкай-украінкай?

АП: У нас цудоўнае паразуменне, 2022-гі нічога не змяніў — мо наадварот яго палепшыў. Яна кіеўлянка, але родам з Крыма. У нас сямейка людзей, якія пабачылі жыццё — зразумела, што гэта такое, калі бацькі жывуць у Беларусі ці ў Крыме. 

Мне здаецца, гэтыя катастрафічныя гуманітарныя падзеі любога чалавека, калі ён добры і адэкватны, вучаць быць лепшым і больш кампрамісным, больш цаніць тое, што ёсць.

Усе тыя, хто так ці інакш памацаў украінскую вайну, разумеюць: ёсць людзі, якім дакладна горш, чым табе, і таму ты ніколі не скардзішся. Мы жывыя, у нас цэлыя рукі і ногі, але багата людзей памерла, багата людзей скалечана, камусьці разнесла жытло і няясна, калі яно ў іх будзе.

Раней мы думалі набыць жытло ў Бучы, бо там жыло многа маладой украінскай інтэлігенцыі і гэта ўвогуле вельмі зручны прыгарад Кіева. А цяпер ты разумееш: няма ніякай нерухомасці – і гэта добра, бо нічога не разбамбіць, няма чаго губляць.

НН: Дзе вы ўвогуле сустрэлі ўварванне?

АП: У Кіеве, спаў у той час. Я праспаў вайну, такіх людзей багата. Мы потым месяцамі не пакідалі Украіны, бо не было ясна, куды ехаць і навошта. Выехалі ў Львоў — былі эвакуацыйныя аўтобусы, іх рабіла арганізацыя Free Belarus Centre. Фатограф беларускай часткі Bloodlands быў важатым аднаго такога аўтобуса, а я — іншага.

Звычайна сабраць 50 чалавек у бус складана, але тут беларусы сабраліся вельмі аператыўна. Была паніка, мы ехалі па жытомірскай трасе і людзі проста шчаміліся ў аўтобус. А ў ім кіроўца, якому дадзены загад, каго браць, а каго — не, і ён вельмі стомлены. Проста нейкі монстр: за дзень да гэтага ён з’ездзіў у Краматорск, прыехаў адтуль, забраў беларусаў і паехаў на Львоў, і потым вярнуўся ў Кіеў. Гэта цяжкія гуманітарныя пытанні, калі да вас падбягае чалавек і ён у роспачы — яму трэба выехаць, бо ідзе вайна, і ты не можаш яго не ўзяць.

Мы даехалі да Львова, а бус паехаў далей на мяжу з Польшчай. Жылі ў Львове, у прыгнечанасці. Вайна мае магнетычны эфект, бо ты жывеш у нейкім каматозе. Адбываецца поўны хардкор, бомбы, выезды і вось гэта ўсё, а ты быццам выходзіш з-пад наркозу, вельмі складаныя стасункі з рэальнасцю. Мяне трохі адпусціла праз тыдзень.

Мы вымушана жылі на адной кватэры з іншымі людзьмі, з дзяўчатамі і хлопцам з Мікалаева, і ў нас з імі была проста камунальная нянавісць. Гэта трохі быкаўшчына: маўляў, яны табе ніхто і вы ўсе не мусілі тут апынуцца, што рабіць, калі людзі разносяць гэтую хату тваёй сяброўкі. З аднаго боку, жывяце як на вакзале, з другога — гэта проста людзі, хто ты такі, каб ім нешта казаць? У гэты час бамбяць гарады, паміраюць людзі, а мы не можам знайсці супольную мову, бо жывем па-рознаму. Калі вырасту і буду пісаць прозу, напішу пра гэта.

«Калі чалавек крычыць, бо ў яго вялікі боль, трэба так да гэтага і ставіцца — зразумець, што яму балюча»

НН: Вы падаяцеся чалавекам, які не любіць глядзець на жыццё з пазіцыі хэйту.

АП: А колькі яшчэ можна хэйціць? Напэўна, так, не люблю, і стараюся працаваць над сабой, каб менш глядзець на ўсё з пазіцыі хэйту. Не кажу, што трэба быць катом Леапольдам, варта мець свае пазіцыі, але пры гэтым і чуць іншых людзей.

Вайна вельмі хутка раздзяляе ўсё на чорнае і белае, і ты з гэтай пазіцыяй жывеш далей. Але ж хэйт можа быць і ачышчальны.

НН: Патлумачце.

АП: Беларусы з пачатку вайны адчулі на сабе вялікую хвалю хэйту, адчулі, што свет можа быць вельмі несправядлівы. Перажылі стрэс: некалькі гадоў лічылася, што беларусы — коцікі, а цяпер гэта не коцікі, а нейкія ваўкі ганебныя. І ў нейкі час псіхіка пераключылася на тое, каб гэта адсякаць. Гэта нармальна: псіхіка — як пластылін, для яе ўсё так ці інакш нармалізуецца. 

У гэтай сітуацыі, лічу, здаровая выснова такая: акей, свет можа быць да нас несправядлівы, і не абавязкова ўсе твае суседзі мусяць казаць, што беларусы — коцікі. Можа быць і так, што нехта напіша на сцяне штосьці іншае.

З іншага боку, у Таліне на прэзентацыю кнігі прыходзіў хлопец, жанаты з украінкай. Я там пачынаў казаць пра розніцу беларускага і ўкраінскага менталітэтаў, і ён мне — так-так, усё праўда! Мы прывыклі думаць, што беларусы больш флегматычныя і нардычныя, а ўкраінцы больш гарачыя. Я прапускаў гэта ўсё праз сябе: можа, выплюхванне эмоцый — гэта і добра, бо як пражываць вялікі стрэс? Калі чалавек крычыць, бо ў яго вялікі боль, трэба так да гэтага і паставіцца — зразумець, што яму балюча.

Мне было прыкольна гэта памацаць, калі я ўпершыню пачаў стала жыць ва Украіне. У людзей сапраўды трохі розны градус эмацыйных ваганняў. Напрыклад, ты прыйшоў да натарыуса, вітаешся, а яна раптам разводзіць рукамі і нешта гучна кажа. І ты думаеш: а што я зрабіў не так, чаму яна такая эмацыйная? Я ж проста папрасіў зрабіць дакумент.

А потым я зразумеў, што ва ўкраінцаў проста ёсць такая рыса, якая можа падацца беларусам грубасцю, бо не разумееш, адкуль гэта. Як мне патлумачыў знаёмы, украінцы проста так вітаюцца, «прабіваюць» адзін аднаго: «А шо? — А нішо, давай парашаем!» Потым яны спускаюцца з гэтай эмацыянальнай горачкі, але я не разумеў, што проста трэба ў пачатку ўзяць такую ж высокую ноту. Для беларуса гэта проста не ўласцівы яму код ініцыяцыі.

Але ўкраінцы вельмі скіраваныя на паразуменне. Ёсць негатыўнае слова «парашаць», якое звязваюць з хабарамі, аднак гэта пра разуменне. А калі ў беларускага бюракрата ўпала забрала, то гэта ўсё, канец: пасварыліся — праклён на сем пакаленняў.

Можа, гэты хэйт ачышчальны ў тым сэнсе, што людзі больш шчыра дзеляцца сваімі эмоцыямі, дазваляюць сабе не трымаць унутры ні добрае, ні паганае. Спадзяюся, што калі чалавек не накоплівае ў сябе гэта ўсё, у яго менш інсультаў, бо такія маральныя шуфлядкі ні да чаго добрага не прывядуць.

Мы, беларусы, вельмі любім, каб канфліктаў не было, але канфлікт — гэта частка жыцця. Пры гэтым не бывае жыцця без канфліктаў, і мусіць быць філасофія іх прыняцця: маўляў, трэба рэзаць, не чакаючы перытаніту. 

НН: Вам важна, якім вы выйдзеце з гэтых гістарычных часоў?

АП: Так, важна. Пастанавіў для сябе: жыву згодна з тым, як цяпер выглядае мая сістэма каштоўнасцей. Мне важна не расчараваць блізкіх і важных мне людзей і народы, і мне значна важней, каб беларуска-ўкраінскія адносіны заставаліся, хоць нам зараз дужа цяжка, я ўпэўнены, што яны будуць.

Мяне засмучваюць беларусы, якія працягваюць арыентавацца на расійскую культуру, нават тыя, хто па-за межамі краіны. Ведаю людзей унутры краіны, якія ў гэтым плане не ішлі на пэўныя кампрамісы, і яны ніколі не змогуць пра гэта сказаць уголас. Гэта такі ціхі штодзённы подзвіг адмаўлення некаторых прэферэнцый, якія яны маглі б атрымаць за выступы ці публікацыі.

Так што мне важна не згубіць сваіх беларусаў і сваіх украінцаў. Не трэба, карацей, гандляваць сваімі — вось і ўвесь прынцып.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Любы тэкст не ў вершаванай форме для мяне пакута». Паэтка Наста Кудасава расказала, як пачала пісаць, як піша і ці задаволеная сваімі творамі

Лявон Баршчэўскі: Калі нейкі літаратурны шэдэўр не перакладзены на беларускую мову — гэта дакор нам усім

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

Каментары16

  • Мо ўрэшце пара працерці сваё заплёванае люстэрка
    01.10.2023
    Градус, так вы самі толькі што напісалі ў бязкультурным стылі “рассярусаў” ды яшчэ і іх языком. Вас не ванітуе ад іх жлабярскай культуры, ад усёй гэтай расейшчыны? Ці гэта такая крывадушная, халуйская рыса, тыкаць іншым, пакуль у самога “рыльца ў пушку”. Калі так, тады “кушайце на здароўе”.
  • ІМЯ
    01.10.2023
    Гапата нейкая.
  • белорус это состояние души
    01.10.2023
    Хотите закидайте меня камнями, но за год в Украине показалось что люди там более нормальные чем в Беларуси. Ну как сказать не такие конченные и нету такого что "с фигой в кармане". Но есть разные стороны например беларус не будет драться на привозе в секонде как это регулярно происходит в Украине. "Нищие духом" это нехорошая черта украинцев.

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →