Tinder: сэрвіс для знаёмстваў, які манітораць сілавікі. Хто ўжо патрапіў пад рэпрэсіі і як можна абараніцца
Сталі вядомыя выпадкі, калі беларусаў каралі за фота ў Tinder. Затрыманняў можна было б пазбегнуць, зрабіўшы некалькі простых крокаў.
28.10.2023 / 13:06
Вядома, што сілавікі актыўна манітораць сэрвіс. Напрыклад, збіраюць адтуль фоты карыстальнікаў, калі там ёсць нейкая «крамола» або чалавек, вядомы сілавікам. Некаторыя з гэтых фота пасля з'яўляліся ў публічным доступе ў «зліўных» тэлеграм-акаўнтах, якія вядуць супрацоўнікі МУС. Выглядае, што яны праглядаюць іх уручную і проста робяць скрыншоты акаўнтаў.
Вядомыя выпадкі адміністрацыйнага і крымінальнага палітычна матываванага пераследу за фота ў Tinder. У першым выпадку мужчыну далі штраф за фота ў майцы з «Пагоняй» (яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП). У другім нагодай для крымінальнай справы стала фота дзяўчыны, дзе яна падчас аднаго з пратэсных маршаў 2020 года стаіць на дарозе з бел-чырвона-белым сцягам.
Вось якія правілы для таго, каб сябе абараніць:
- Не варта загружаць у сэрвіс фота з нацыянальнымі сімваламі Беларусі або фота з пратэстаў, калі вы ў Беларусі. Таксама могуць быць праблемы, калі ў вашым Tinder размешчанае нешта ў падтрымку Украіны.
- Лепш не абмяркоўваць з першымі сустрэчнымі «мэтчамі» адчувальныя тэмы — кожны з іх тэарэтычна можа аказацца супрацоўнікам МУС.
- У самім Tinder няшмат наладаў прыватнасці, але яны ёсць. Па-першае, вы можаце зрабіць так, каб вам маглі пісаць толькі людзі з пацверджанымі фота, што абароніць вас не столькі ад сілавікоў (магчыма, толькі ад абмеркавання з імі адчувальных тэмаў), колькі ад махляроў.
- Па-другое, калі вы маеце Tinder Plus (або вышэйшы статус), то вы можаце зрабіць так, каб ваш акаўнт бачылі толькі тыя, каму вы паставілі лайк. Гэта абароніць яго ад прагляду зусім выпадковымі людзьмі. У такім выпадку мае сэнс выключыць сябе яшчэ і з пункту «Знаходкі».
Налады ў Tinder. У праграме, на жаль, няма беларускай мовы
Чытайце таксама:
Як пачысціць і абараніць ваш YouTube — падрабязны гайд
Што менавіта сілавікі правяраюць у смартфонах затрыманых беларусаў і як абараніцца
Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд