Што менавіта сілавікі правяраюць у смартфонах затрыманых беларусаў і як абараніцца
«Кіберпартызаны» падрыхтавалі рэкамендацыі на падставе звестак людзей, у якіх надглядалі смартфоны. Сілавікоў цікавіць не толькі Telegram.
Па звестках «Кіберпартызанаў», сілавікі найперш глядзяць:
- YouTube — падпіскі, лайкі, каментары, захаваныя відэа;
- Telegram — каналы, чаты, кантакты;
- галерэю з фота і відэа са смартфона;
- іншыя сацсеткі.
Таксама яны кажуць, што сілавікі могуць спытацца пра тое, ці чытаеце вы «экстрэмісцкія рэсурсы» і што думаеце пра лукашэнкаўскую ўладу, а таксама — чаму.
Вось што «Кіберпартызаны» раяць зрабіць загадзя:
1. Выйдзіце на тэлефоне з таго акаўнта Google, з якога вы праглядаеце сацыяльна-палітычныя відэа на YouTube. Глядзіце ютуб або без уваходу ў акаўнт (да прыкладу, з браўзера), або заходзьце ў «пратэсны» акаўнт толькі падчас прагляду такога кантэнту.
2. Калі першы пункт выканаць складана, прынамсі выдаляйце відэа з раздзелу «Гісторыя» на YouTube адразу пасля прагляду. Не пакідайце лайкі і каментары з не-пратэснага Google-акаўнта.
3. Таксама можна зрабіць так, каб YouTube не захоўваў гісторыю праглядаў.
4. Выдаліце неананімныя акаўнты ў сацсетках, калі пакідалі з іх лайкі і каментары, за якія могуць затрымаць. Перад гэтым каментары можна выдаліць, а лайкі прыбраць — але калі ён занадта стары, то лепш выдаліць яго ў любым выпадку.
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца
5. Усталюйце Партызанскі тэлеграм і завядзіце ў ім асобны акаўнт для сацыяльна-палітычных каналаў і чатаў. У наладах П-тэлеграма зрабіце так, каб пры ўваходзе ілжывага код-пароля вы выходзілі з «пратэснага» акаўнта і чысціўся ягоны кэш.
6. Наладзьце ў Партызанскім тэлеграме аўтаматычную ачыстку кэшу пры блакаванні праграмы. Інструкцыі па наладжванні праграмы ёсць у канале «П-тэлеграм і кібербяспека».
7. Выдаліце ў галерэі тэлефона ўсе фота і відэа, якія могуць стаць падставай да вашага затрымання. Не забудзьцеся таксама ачысціць іх з папкі «Кошык»/«Выдаленыя».
8. Не стаўце ў якасці застаўкі на смартфоне пратэсныя фота, асабліва калі вы ведаеце пра магчымы хуткі дагляд (напрыклад, пры праходзе мяжы).
Каментары
Калі атрымалі адмову (кажу, што ня памятаю, але трэба разумець, што такая адмова ўжо сама па сабе можа несьці пэўныя непрыемныя наступствы, таму трэба ўсё ўзважваць), пачалі ламаць гэты пароль, то бок з майго тг даслалі запыт на сброс паролю.
Ім, сілавікам, прыйшоў адказ, што сброс паролю станецца магчымым праз 7 дзён.
Як мне пасьля растлумачылі нашыя адмыслоўцы, ськінўншы пароль, сілавікі пасьля б атрымалі магчымасць падлучацца да майго тг зь любой прылады плюс выкачаць адтуль ўсё, што толькі магчыма.
Таму ўсім, хто знаходзіцца ў Беларусі, настойліва раю быць заўсёды падрыхтаваным да розных нечаканых сытуацыяў і праверак тэлефону, максымальна засьцерагчы сябе, усталяваць там усе магчымыя захады бясьпекі. І нумар адзін - абавязкова двухэтапную аўтэнтыфікаю.
Беражыце сябе, шаноўныя беларусы, будзьце пільнымі!