Расстрэл. У Слуцку вынесены прысуд бацькам, якія закатавалі трохгадовага сына
У судзе Слуцкага раёна сёння вынеслі прысуд Аляксандру і Анастасіі Таратутам, якія забілі свайго 3-гадовага сына Сямёна.
19.10.2023 / 10:38
Скрыншот відэа «Мінскай праўды»
Суддзя задаволіла запрос пракурора і прысудзіла мужчыну выключную меру пакарання, а жанчыне — 25 гадоў калоніі строгага рэжыму. Гэта максімальна магчымае пакаранне для жанчыны ў Беларусі.
Разгляд крымінальнай справы пачаўся 3 кастрычніка. Аляксандра і Анастасію Таратутаў абвінавачвалі ў катаванні і забойстве з асаблівай жорсткасцю трохгадовага сына Сямёна. Крымінальную справу разглядаў Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку.
Мужа і жонку судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
— ч. 2 арт. 154 (наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы);
— п. 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб).
Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прызнала абаіх адэкватнымі.
У панядзелак у судзе разглядалі аператыўныя матэрыялы следства, калі абвінавачаны даваў паказанні на месцы злачынства — у кватэры, дзе адбылося забойства хлопчыка. Абвінавачаны, якога для дачы паказанняў на месцы прывезлі ў кайданках і пад канвоем, паказаў следчым на манекене і распавёў, як біў дзіця тапкам, рукамі, але часцей — нагой.
Як вынікае з відэа, якое паказалі ў судзе, абвінавачаны кажа, што маленькі Сямён раздражняў і яго, і ягоную жонку, бо «краў са стала і разбіваў талеркі». Аляксандр паведаміў следчым, што «пачаў біць Сямёна, калі таму споўнілася два гады».
Некаторым сведкам, якія былі ў зале суда, станавілася блага ад убачанага.
Пракурор запытаў для 48-гадовага Аляксандра Таратуты расстрэл, а для яго 37-гадовай жонкі 25 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму і лячэнне ад алкагалізму.
У сераду абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
Аляксандр Таратута шкадаваў, што яго жыццё так склалася. Ён успомніў свой першы шлюб, у якім не было скандалаў.
— Ніякіх намераў, змоў не было, — падкрэсліў ён наконт сітуацыі са смерцю 3-гадовага Сямёна. — Не хацеў я забіваць, ніякіх такіх думак не было.
Анастасія Таратута выклала сваё апошняе слова пісьмова. Суд, удакладніўшы меркаванні пракурора і адваката, адмовіўся далучаць гэты дакумент да матэрыялаў справы.
Жанчыне яшчэ раз было прапанавана агучыць услых сваю пазіцыю, прачытаць яе з паперы. Аднак яна наадрэз адмовілася зачытваць напісанае.
Чытайце таксама:
Бацьку, які забіў трохгадовага сына ў Слуцку, хутчэй за ўсё, расстраляюць
«1000 дзён пекла». Маці забітага трохгадовага хлопчыка дала паказанні ў судзе
У Слуцку пачаўся суд над бацькамі, якіх вінавацяць у забойстве трохгадовага сына