«1000 дзён пекла». Маці забітага трохгадовага хлопчыка дала паказанні ў судзе
У выязным судовым пасяджэнні Мінскага абласнога суда судзяць бацькоў трохгадовага Сямёна Таратуты, якія абвінавачваюцца ў катаванні і забойстве хлопчыка, піша «Спутнік».
Абвінавачаная прызнала ў судзе, што здзекавалася з дзіцяці, прывязвала да ложка, дражніла знясіленага хлопчыка ежай і здымала гэта на відэа.
Адказваючы на пытанні пракурора, ці адчувала яна хоць нейкія пачуцці да дзіцяці, якога білі і марылі голадам, яна сказала: «Шкада, напэўна».
Допыт абвінавачанай у судзе доўжыўся каля паўгадзіны. Яна адказвала кароткімі фразамі, у адрозненне ад свайго мужа, якога дапытвалі ў судзе цэлы дзень.
Абвінавачаная паведаміла, што сама яна з нешчаслівай пітушчай сям'і, бацька яе біў. Яна паведаміла суду, што ў яе былі спробы суіцыду, у тым ліку і падчас цяжарнасці.
Першай у якасці сведкі выступіла суседка па хаце, работніца хуткай дапамогі. Паводле яе слоў, суседзі чулі пастаянныя крыкі, скандалы ў кватэры Таратуты.
Яна распавяла, што чула, як хлопчыка абзываюць, і былі чутныя гукі ўдараў, пасля якіх дзіця плакала.
Разам з тым медык, якая часам выязджала на выклікі да сям'і, распавяла, што абвінавачаныя маглі пераканаць участковага доктара, што ў іх усё нармальна.
Сведка таксама распавяла, што адна з суседак гэтай няшчаснай сям'і тэлефанавала ў міліцыю і ў іншыя службы, каб паведаміць, што ў кватэры здзекуюцца з дзіцяці.
На «гарачай лініі» ёй параілі патэлефанаваць псіхіятру, распавяла сведка.
Па словах сведкі, Сямён быў вельмі худзенькі, маленькі, знясілены. «Як шкілецік», — сказала яна.
Таксама ў судзе дала паказанні яшчэ адна суседка абвінавачаных, маладая мама, яна ўвесь час тэлефанавала ў мясцовую міліцыю, пісала ў пракуратуру, іншыя органы аб тым, што ў дачыненні да маленькага Сямёна Таратуты з боку бацькоў адбываецца гвалт.
Пракурорка зачытала паказанні сведкі на стадыі следства. Тады яна паведаміла следчым, што з міліцыі, куды яна звярталася, яе папярэдзілі аб адказнасці за ілжывы данос на суседзяў.
На стадыі следства сведка паведаміла, што па яе заяве да Таратутаў прыходзілі пракуроры, на нейкі час скандалы сціхлі, але затым зноў аднавіліся. Сведка патлумачыла следчаму, што пасля прыходу пракурораў абвінавачаная Таратута стала агрэсіўна і груба паводзіць сябе ў адносінах да яе і яе дзіцяці.
Сёння ў судзе сведка падтрымала свае паказанні на стадыі следства.
Каментары
Никакого наказания не будет достаточно. Сделанного не обратить