Былога палітвязня Андрэя Кудзіка пакаралі за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці
Былому палітвязню Андрэю Кудзіку прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці ў тыктоку. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
19.10.2023 / 16:52
Андрэй Кудзік
Справу Кудзіка 19 кастрычніка ў судзе Вілейскага раёна разглядала суддзя Алена Ахметава. Андрэя абвінавацілі ў тым, што 24 жніўня ён размясціў на сваёй старонцы ў тыктоку свае фотаздымкі з подпісам «З Днём Незалежнасці, Украіна». Гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем».
Кудзік на судзе віны не прызнаў і распавёў, што ўбачыў 24 жніўня віншаванне Украіны з Днём незалежнасці Лукашэнкам і таксама вырашыў павіншаваць суседні народ.
У выніку суддзя Ахметава прызначыла былому палітвязню 15 сутак арышту. Як адзначыў на сваёй старонцы Андрэй, пасля суда яго адпусцілі дамоў.
Актывіста з Вілейкі Андрэя Кудзіка неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. 9 жніўня 2021 года яго зноў затрымалі і агулам асудзілі на 90 сутак адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у невыносных умовах ізалятараў Вілейкі і Смалявічаў. Пасля адбывання арышту Андрэй на волю так і не выйшаў.
У судзе Заводскага раёна Мінска 16 лютага 2022 года Андрэю Кудзіку прысудзілі 2 гады калоніі паводле ч. 1 арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віны і адмовіўся ад дачы паказанняў. На волю ён выйшаў 18 ліпеня 2023 года.
Чытайце таксама:
Андрэй Паротнікаў замовіў сабе ў СІЗА КДБ падручнік іспанскай мовы
Унука легенды мінскага «Дынама» будуць судзіць па крымінальнай справе
Затрымалі трох супрацоўнікаў «Белспецэнерга»
«Яшчэ адзін пакутлівы год па ШІЗА, карцарах і ізалятарах». Вынесены прысуд Змітру Дашкевічу