Каталікам Стоўбцаў перадалі ўчастак зямлі, на якім некалі стаяў гістарычны касцёл
У кастрычніку 2023 года, праз два гады пасля адшукання парэшткаў ксяндза Фабіяна Малішоўскага, мясцовая каталіцкая парафія атрымала ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе былі знойдзеныя рэліквіі і дзе стаяў старадаўні касцёл, паведамляе Vatican News па-беларуску.
21.10.2023 / 18:36
Касцёл святога Казіміра ў Стоўбцах. Фота: Wikimedia Commons
На атрыманым участку пасля правядзення раскопак плануецца адбудаваць капліцу святога Дамініка, аднавіць склепы, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў. А ўжо цяпер адбудаваная частка былой касцёльнай агароджы і брама-званіца.
Таксама вядзецца работа па ўзнаўленні кананізацыйнага працэсу Фабіяна Малішоўскага. Пры манаху Фабіяну Малішоўскім з яго непасрэдным удзелам у Стоўбцах быў у 1640 годзе ўзведзены каталіцкі храм імя Святога Антонія. У жніўні 1644-га Фабіян Малішоўскі памёр і яго пахавалі ў пабудаваным ім касцёле. У 1958 годзе храм быў узарваны, а парэшткі Фабіяна Малішоўскага ўдалося адшукаць толькі ў 2021 годзе. У канцы 2022 года іх урачыста перазахавалі, на цырымоніі прысутнічалі сярод іншых высокія дзяржаўныя чыноўнікі.
А некалькі месяцаў таму стала вядома, што стаўбцоўскі ксёндз Ігар Лашук, які за гады святарства займеў славу «ксяндза-будаўніка», знаходзіцца ў цесных бізнэс-стасунках з буйным бізнэсменам, адным з «кашалькоў рэжыму» Аляксандрам Зайцавым. Паводле Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у верасні 2021 года святар Ігар Лашук заснаваў кампанію «Аліс ма», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна груп», што належыць Зайцаву, перапісалі частку сваёй маёмасці. І гэта прытым, што займацца бізнэсам каталіцкім святарам забараняе нават кананічнае права.
Чытайце таксама:
Папа Францішак: Фінансавыя скандалы шкодзяць добраму імені Касцёла
У Стоўбцах знайшлі парэшткі каталіцкага манаха XVII стагоддзя. Яго магіла — месца паломніцтва