Ва Украіне вылічылі бізнэсмена, які праз Беларусь пастаўляў у акупаваны Крым тавары для расійскай арміі

Пракуратура Закарпацкай вобласці Украіны 24 кастрычніка заявіла, што адзін з мясцовых бізнэсменаў падазраецца ў калабарацыянізме і забеспячэнні расійскага войска ў акупаваным Крыме. Расследаванне па справе вядзе Служба бяспекі Украіны.

25.10.2023 / 10:03

Ілюстрацыйны здымак. Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images

Па інфармацыі СБУ, бізнэсмен валодае фірмай па міжнародных перавозках у адной з краін Еўрасаюза і выкарыстоўвае яе для паставак у акупаваны Крым праз Беларусь кампанентаў для вырабу зброі.

«Падазраваны, мясцовы жыхар Закарпацця, праз сваю аўтатранспартную кампанію ў ЕС наладзіў схему паставак тавараў у часова акупаваныя тэрыторыі Украіны, у тым ліку і Крым. Транзіт падчас вайны ажыццяўляўся праз Беларусь і яе транспартна-лагістычныя цэнтры», — паведаміла абласная пракуратура Закарпацця.

Сярод пастаўленых расійскай арміі тавараў значыліся вогнетрывалыя матэрыялы для вытворчасці сталі і электратэхнічнае абсталяванне для вырабу звычайнага ўзбраення і сістэм кіравання артылерыяй на расійскіх вайсковых караблях.

Нядаўна ў Балгарыі таксама былі затрыманыя сябры міжнароднай злачыннай групоўкі, якія займаліся таемнай пастаўкай узбраенняў для расійскіх сіл у акупаваных частках Украіны. У складзе групоўкі ёсць грамадзянін Беларусі.

Чытайце таксама:

Ва Украіне падалі 168 пазоваў аб канфіскацыі спадчыннай зямлі ў беларусаў і расіян

Кіеўскі ўніверсітэт імя Шаўчэнкі закрыў праграму па вывучэнні беларускай мовы

Расказваем, хто той беларус, які падчас акупацыі марадзёрыў у Бучы. Раней ён даў паказанні на палітвязняў

Nashaniva.com