Ва Украіне падалі 168 пазоваў аб канфіскацыі спадчыннай зямлі ў беларусаў і расіян
Большая частка пазоваў ужо задаволеная.
Пракуратура Хмяльніцкай вобласці Украіны 18 кастрычніка паведаміла аб разглядзе мясцовымі судамі 168 пазоваў аб канфіскацыі зямельных участкаў грамадзян Беларусі і Расіі.
Там адзначылі, што ўсе гэтыя ўчасткі належаць беларусам і расіянам і перайшлі ім у спадчыну.
«Гаворка ідзе аб пазовах, пададзеных цягам 2023 года. Агульная плошча зямельных участкаў, якія хочуць канфіскаваць, складае 300 гектараў, а кошт іх — больш за 12 мільёнаў грывень (больш за 1 мільён беларускіх рублёў. — «НН»).
Гэтыя зямельныя ўчасткі атрыманыя беларусамі і расіянамі ў якасці спадчыны», — распавяла пракуратура Хмяльніцкай вобласці.
Уласная зямля замежнікаў ці асоб без грамадзянства, атрыманая імі ва Украіне ў спадчыну, паводле ўкраінскага заканадаўства, можа быць канфіскаваная ў асобных выпадках.
«Судамі ўжо задаволена 135 пазоваў у гэтай сферы. Канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы 168 гектараў зямлі коштам 6,5 мільёна грывень», — дадала Хмяльніцкая абласная пракуратура.
Каментары