Другі энергаблок БелАЭС уведзены ў прамысловую эксплуатацыю
Прыёмачная камісія пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Пятра Пархомчыка падпісала сёння акт прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу другога энергаблока Беларускай АЭС. Рашэнне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэннях.
01.11.2023 / 16:16
У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Мінэнерга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Гродзенскага аблвыканкама, Белэнерга, а таксама прадстаўнікі некалькіх расійскіх кампаній, шырока прыцягваліся таксама профільныя спецыялісты, эксперты і навукоўцы, паведамляе Мінэнерга.
Зараз блок працуе на намінальнай магутнасці. З моманту яго ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму ім выпрацавана больш за 2 млрд кВт⋅г электраэнергіі.
Першапачаткова меркавалася, што другі энергаблок будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе.
Учора Лукашэнка заявіў, што Беларусь паставіла пытанне аб кампенсацыях у сувязі са змяшчэннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС.
«У нас трохі зрушыліся тэрміны ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі праз расійскі бок. Натуральна, па дамове мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэтага хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаныя тэрміны ўводу станцыі, і адказнасць за гэта нясе расійскі бок. Яны нам прапанавалі варыянты і па цане на свежае ядзернае паліва — як для расіянаў, як для сваіх станцый. І тэрмін гарантыйны на пяць гадоў (на асноўныя вузлы)», — адзначыў 31 кастрычніка Лукашэнка.
Беларускую АЭС пабудавалі за некалькі кіламетраў ад Астраўца і за 40 км ад Вільні. Работы па яе ўзвядзенні пачаліся ў 2011 годзе. Расія ў 2011 годзе выдала Беларусі крэдыт $10 млрд, які пакрывае 90% выдаткаў на будаўніцтва. Першапачаткова было заяўлена, што першы энергаблок увядуць у строй у канцы 2019-га. Але ў выніку запусцілі ў лістападзе 2020 года.
Першапачаткова пуск другога блока зрушыўся на 2021 год, але і на сёння ён не ўведзены.
Чытайце таксама: