Тэлефонныя махляры пераканалі ахвяру разбіць дзверы ў банку
Выпадак адбыўся 2 лістапада з 47-гадовым жыхаром Дзяржынскага раёна, паведамляе выданне «Узвышша».
13.11.2023 / 14:52
Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
Днём мужчыну патэлефанавала «супрацоўніца міліцыі», якая паведаміла, што на яго імя ў адным з банкаў невядомая жанчына незаконна спрабуе аформіць крэдыт. Зламыснікі пераканалі ахвяру ў неабходнасці з'ездзіць на наступны дзень у Фаніпаль і ануляваць «ягоны крэдыт» шляхам афармлення іншага крэдыту.
Мужчына абышоў некалькі аддзяленняў банкаў Фаніпаля, але яму было адмоўлена ў выдачы крэдытаў.
Усвядоміўшы, што выкрасці ў даверлівага беларуса грошы не атрымаецца, аферысты вырашылі адпомсціць.
Яны пераканалі мужчыну, што злачынцы, якія хацелі выкрасці яго грошы, працуюць у банку, і, каб іх «пакараць», яму неабходна разбіць уваходныя дзверы ў аддзяленне.
На патрабаванне кіберзлачынцаў мужчына падышоў да названага будынка і каменем пашкодзіў уваходныя дзверы. Ён тут жа быў затрыманы супрацоўнікам аховы.
СК распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 (Хуліганства).
Супрацоўнікі Следчага камітэта настойліва рэкамендуюць грамадзянам уключаць крытычнае мысленне пры размовах па тэлефоне на тэмы фінансавага характару з незнаёмымі суразмоўцамі, якія называюцца работнікамі банкаў, міліцыянтамі, следчымі, пракурорамі. Самае лепшае рашэнне — спыніць тэлефанаванне і самастойна звярнуцца ў міліцыю ці ў найбліжэйшае аддзяленне банка.
Чытайце таксама:
Жанчына падпаліла два аўто і кватэру — усё па просьбе тэлефонных махляроў
Махляры прыдумалі яшчэ адзін спосаб інтэрнэт-падману, на які можа трапіцца кожная сям'я