Жанчына падпаліла два аўто і кватэру — усё па просьбе тэлефонных махляроў
У Брэсце затрымалі 44-гадовую жанчыну, якая падпаліла два аўто, а пасля падпаліла нешта ў пад'ездзе жылога дома і ў кватэры. На гэта яе падштурхнулі тэлефонныя махляры.
Берасцейка распавяла міліцыі: першапачаткова яе 21-гадовы сын пасля размовы ў месенджары з незнаёмцам узяў некалькі крэдытаў, а грошы перавёў на названы ім рахунак. Хлопец быў упэўнены, што ўдзельнічае ў спецаперацыі праваахоўных органаў.
Затым зламыснікі патэлефанавалі самой жанчыне і пад псіхалагічным ціскам пераканалі пасадзейнічаць у аналагічнай спецаперацыі. Узамен паабяцалі: пералічаныя яе сынам грошы вернуць. Берасцейка прадала кватэру і выручку перавяла ашуканцам. У суме сям'я страціла больш за 100 тысяч рублёў.
Праз некаторы час псеўдасілавікі зноў звязаліся з жанчынай і паабяцалі дапамагчы вярнуць страчаныя грошы. Узамен яна павінна была вырабіць кактэйлі Молатава і здзейсніць падпалы. Абавязковай умовай было ўсё здымаць на відэа.
МУС паведамляе, што махляры тэлефанавалі з тэрыторыі Украіны. Гэта не адзінкавы такі выпадак. Аналагічнае здаралася ў Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях.
Міністэрства дадае, што выступіла з заканадаўчай ініцыятывай і пасля ўступлення ў законную сілу адпаведнага ўказа Лукашэнкі зможа блакаваць сумнеўныя фродавыя аперацыі і не дапускаць перавод грошай за межы краіны.
Каментары