«Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы». Беларуская перакладчыца прайшлася па ўругвайскай сталіцы сцежкамі старых успамінаў

Беларуская пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы на пошукі беларускіх слядоў. У сваім эсэ на сайце Budzma.org Янкута апісвае вандроўку па Мантэвідэа — горадзе дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Разам з Ганнай пройдземся вуліцамі, якімі калісьці хадзіў Карлас Шэрман, прагуляемся па парку, дзе ён гуляў з сястрой у дзяцінстве, ды прыпынімся ля месца, дзе калісьці знаходзіўся дом Шэрманаў.

15.11.2023 / 19:55

Ганна Янкута ў Уругваі. Фота: facebook.com/hanna.yankuta

Рака

Я іду па ўзбярэжнай Ла-Платы ў Мантэвідэа. Яна пачынаецца ад порта і цягнецца дваццаць кіламетраў на ўсход, у бок Атлантычнага акіяна. Цяпер тут ранняя вясна, пахмурна, людзей няшмат. Толькі рэдкія прахожыя і бегуны, а яшчэ — рыбакі, іх больш, чым першых і другіх, разам узятых. Ловяць пераважна на крэветак — чапляюць кавалачкі на кручок і закідваюць далёка ў ваду, а панцыры застаюцца ляжаць на ходніках.

Там, дзе рыбакоў ужо няма, заўважаю ў вадзе чараду рыб. Яны паводзяцца як марскія — рухаюцца клінам, скаардынавана, утвараючы аб’ёмныя і зменлівыя формы, — хаця фармальна Ла-Плата лічыцца ракой. У акіян яна ўпадае за сто трыццаць кіламетраў адсюль.

Вада — серабрыстая, з карычняватым адценнем, Ла-Плата ў перакладзе з іспанскай і ёсць «срэбра», Río de la Plata, срэбная рака. Але сапраўды срэбнай яна робіцца толькі тут, у ваколіцах уругвайскай сталіцы. Вышэй па цячэнні срэбра яшчэ растворанае ў глеі, які нясуць з сабой воды рэк Уругвай і Парана — у месцы іх зліцця Ла-Плата і пачынаецца.

Адміністрацыя горада папрацавала над тым, каб шпацыр па ўзбярэжнай быў шпацырам углыб гісторыі. На праменадзе ўсталяваныя таблічкі, якія расказваюць пра этапы фармавання Зямлі. Яны з’явіліся тут у 2015 годзе, гэта праект «Стужка часу і жыцця». «Шэсцьдзясят пяць мільёнаў гадоў таму вымерлі дыназаўры», — паведамляе першая таблічка. Кожны крок — гэта скачок у часе. Сто, сто трыццаць, сто пяцьдзясят мільёнаў гадоў таму.

Хмары ў небе згушчаюцца, цяпер яны як шчыльная заслона, уся ў мяккіх складках — такімі самымі вецер зыбіць водную паверхню. Колер вады пакрысе змяняецца, у ім ужо ні намёку на каштоўны метал: неба і тое, што пад ім, аднаго адцення — бураватай буры, каламутнай і бруднай. Мне здаецца, што мне на галаву вось-вось абрынецца залева, я бачу ля далягляду яе касыя лініі, але на беразе яшчэ пануе напружанае чаканне.

Трывожная цішыня, якую час ад часу перарываюць незвычайныя гукі: нехта быццам кідае ў ваду каменьчыкі. «Плюсь-плюсь», — чую я, але не магу зразумець, што гэта, пакуль не заўважаю на ходніку градзіну памерам з перапялінае яйка. Яны падаюць метэарытамі, мора глытае іх як вітаміны, а ў адказ выдае лёгкае прыцмокванне і яшчэ ні разу не падавілася.

«А што, калі па галаве?» — думаю я і застываю на месцы, чакаю, калі неба пацэліць у мяне. Але градзіны ўжо меншаюць, цяпер яны не большыя за гузікі, гарошыны, яблычныя зярняты — і вось урэшце зусім раствараюцца, ператвараюцца ў кроплі. Па вадзе бяжыць ціхае шалахценне, дождж падае на галаву, накрывае з галавой. Навокал намакае ўсё, што можа намокнуць, — і ў свеце робіцца зноў спакойна.

Пасля адцінка ў сто пяцьдзясят мільёнаў гадоў «Стужка часу і жыцця» перарываецца: некалькі таблічак запар адсутнічае. Відаць, нехта скраў, з цікавасці да гісторыі ці каб зацерці сляды. Затым летапіс узнаўляецца («Трыста шэсцьдзясят мільёнаў гадоў таму з’явіліся насенныя расліны») — але толькі для таго, каб неўзабаве перарвацца зноў. Разрывы ў часе непазбежныя.

Прахожыя і бегуны знікаюць, а вось рыбакоў не турбуе ні град, ні дождж. Здаецца, яны нават не заўважылі, што нешта ў навакольным свеце змянілася. А калі і заўважылі, то не звярнулі ўвагі. Паплаўкі ўсё гэтак жа пагойдваюцца на воднай гладзі, на ходніках ляжаць размоклыя панцыры крэветак. Мяне таксама нікуды не змыла, я іду пад парасонам далей, уздоўж бясконцай узбярэжнай.

У Мантэвідэа я ўсяго на тры з паловай дні, і надвор’е не зменіць мае планы. Я прыехала сюды паглядзець Уругвай, адну з краін у маім лацінаамерыканскім падарожжы, — але яшчэ знайсці тут беларускія сляды. І я ведаю, дзе іх шукаць: у 1934 годзе ў Мантэвідэа нарадзіўся Карлас Шэрман.

Калі я набліжаюся да пляжа, то зноў натыкаюся на таблічку: «Чатырыста пяцьдзясят мільёнаў гадоў таму на сушы з’явіліся першыя расліны». Далей таблічкі таксама ёсць, але я ўжо дабралася куды трэба і цяпер мушу саскочыць з цягніка гісторыі — цемра вякоў наперадзе застанецца для мяне неасветленай. Ва ўсіх ёсць свая глыбіня, на якую можна заглыбіцца, мая ўжо дасягнутая. Я збочваю з узбярэжжа і скіроўваюся да парку Радо.

Пачатак

Цяпер мне цяжка прыгадаць, калі я ўпершыню пачула пра Карласа Шэрмана. Хутчэй за ўсё, гэта здарылася ў 2009 годзе, калі Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў конкурс маладых літаратараў, прымеркаваны да яго 75-годдзя. Гэта было лагічнае рашэнне: Карлас Шэрман — адзін з заснавальнікаў арганізацыі і яе першы віцэ-прэзідэнт (з 1989 да 2001). На конкурс можна было падаваць вершы, эсэ і мастацкія пераклады, бо менавіта яны складаюць творчы даробак Шэрмана.

Пазней, працуючы з часопісам «Прайдзісвет», я сутыкнулася з кнігамі, да якіх ён меў дачыненне — як перакладчык, ці рэдактар, ці аўтар прадмовы або каментароў: анталогія кубінскай паэзіі, раманы калумбійца Габрыеля Гарсіі Маркеса, зборнікі вершаў аргентынца Арманда Тэхада Гомэса, кубінца Нікаласа Гільена, чылійскіх паэтаў Габрыэлы Містраль і Пабла Нэруды, перуанца Сэсара Вальехі, іспанца Федэрыка Гарсія Лоркі.

Усе аўтары ў гэтым спісе іспанамоўныя, усе, апроч апошняга, — з Лацінскай Амерыкі: у тыя часы Карлас Шэрман быў калі не адзіным, то прынамсі адным з нямногіх у Беларусі, хто прасоўваў і перакладаў літаратуру гэтага рэгіёна. У мяне няма сумневу, што нават у тых выпадках, калі Шэрман не выступаў перакладчыкам, ён ініцыяваў працу над выданнямі, і без яго яны не пабачылі б свет.

Прыкладна тады ж у мяне з’явілася мара трапіць у Лацінскую Амерыку. Куды дакладна — не мела значэння, мяне цікавіла нейкая ўмоўная іншасць, месца, у якім людзі напэўна жывуць не так, як мы. Мне хацелася заглыбіцца ў гэтае «не так», убачыць яго на ўласныя вочы, памацаць уласнымі рукамі, перамераць уласнымі нагамі. Параўнаць з уласным «так» і — хто ведае — можа нават дапоўніць яго нечым чужым, падгледжаным і запазычаным. 

Я, безумоўна, ведала, што ў Лацінскай Амерыцы ёсць розныя краіны. Але гэтыя веды — як з дзіцячага атласа з прыгожымі карцінкамі: не больш як схематычныя чалавечкі ў каляровых строях ці назвы на невядомых і часам ужо зніклых мовах.

Усё, што ў мяне было, — гэта карта, а яна, нават калі на ёй намаляваныя горы, заўсёды застаецца плоскай. І Карлас Шэрман, пісьменнік і перакладчык з іспанскім імем і габрэйскім прозвішчам, які нарадзіўся ва Уругваі і правёў юнацкія гады ў Аргенціне, а пасля пераехаў на бацькаву радзіму, у Беларусь, зрабіўся адным з маіх праваднікоў па гэтай карце, расказаўшы пра яе яшчэ да таго, як мая мара набыла выразныя абрысы.

А ў пачатку 2020 года мне надарылася папрацаваць з кнігай успамінаў Карласа Шэрмана «Блуканец»: я пісала каментары, якія тычыліся яго замежных паездак і кантактаў з іншамоўнымі пісьменнікамі. І тады ў мяне з’явіліся адрасы.

Раён

У Мантэвідэа я зняла цёмны пакойчык у цэнтры старога горада — раён так і называецца: Ciudad Vieja, — ціхім і пустым у вясновы нетурыстычны сезон. Зрэшты, турыстаў тут і ў іншы час няшмат. Мантэвідэа так сябе і рэкламуе — спакойны горад, незагружаны турыстамі, да таго ж, добрае месца для пляжнага адпачынку.

Мой пакой — самы танны, які знайшоўся ў гэтай частцы горада, бяспечнай паводле водгукаў і блізкай да асноўных славутасцяў. Вядома, паводле тутэйшых мерак, Уругвай — найбольш заможная і дарагая краіна Лацінскай Амерыкі. У пакоі няма вокнаў у двор (дзённае святло трапляе сюды з калідора праз акенцы на дзвярах), і ён не замыкаецца на ключ, а вада ў душы ёсць хіба што ранкам, у іншы час праблемы з напорам.

Але мяне гэта не дзівіць — будынку сто семдзесят гадоў, ён нестандартнай планіроўкі і даўно не абнаўляўся. Звонку ён выглядае не проста старым, а друзлым, як і сама вуліца, часам мне здаецца, што прыкладна так выглядалі сто гадоў таму неадрэстаўраваныя еўрапейскія гарады. Затое ад дома можна за 5 хвілін дайсці да Ла-Платы, а выбраўшыся на ўтульны дах, глядзець на выраслыя з расколін кветкі, на чмялёў, што гудуць побач, на дахі суседніх дамоў, якія напаўзаюць адзін на адзін, і ў шчылінах між імі — на ваду. Калі б у мяне быў такі дах, я б вырошчвала на ім зеляніну і памідоры.

 

У «Блуканцы» згадак пра С’юдад В’еха не знойдзеш. Дзяцінства Шэрмана прайшло ў іншай частцы горада: «Мы жылі на вуліцы 21 верасня, дзе мяжуюць раёны Пунта Карэтас і Пасітас, уласна кажучы, Пасітас усё ж частка раёна Пунта Карэтас, амаль на рагу з вуліцай Эжаўры».

Усё гэта лёгка і цяпер знайсці на карце: Пунта Карэтас — самы паўднёвы раён Мантэвідэа, амаль паўвостраў, які ўкліньваецца ў Ла-Плату, на яго заходнім ускрайку — парк Радо, вуліца 21 de Setiembre дагэтуль перасякаецца з вуліцай José Ellauri, і ў двух кварталах ад іх скрыжавання Пунта Карэтас сапраўды пераходзіць у Пасітас. 

Згадаўшы вуліцы свайго дзяцінства, Карлас Шэрман тут жа чапляе мяне на кручок: «Я, на вялікі жаль, не помню пра сэнс гістарычнае даты 21 верасня, што крыўся ў тым назове. Вядома ж, гэта было штосьці вельмі вартае, як 25 сакавіка альбо 27 ліпеня для беларусаў».

Цяпер я мушу ведаць. Шукаю інфармацыю ў інтэрнэце, вынік расчароўвае. 21 верасня 1808 года іспанцы стварылі ў Мантэвідэа першы ў Новым свеце народны ўрад (хунту), які, тым не менш, заставаўся лаяльны іспанскаму каралю. Не ведаю, ці можна лічыць гэтую дату напраўду знакавай — бо ўжо ў 1810 годзе пачалася вайна за незалежнасць іспанскіх калоній, у выніку якой у 1814 годзе іспанцы пакінулі гэты рэгіён, а ў 1830 годзе Уругвай зрабіўся незалежным. На фоне далейшых падзей хунта 21 верасня губляецца, робіцца не больш як выпадковым фактам, які згадваецца нават не на кожным прысвечаным уругвайскай гісторыі сайце. Тым не менш, вуліца дагэтуль носіць сваю назву.

З José Ellauri ўсё прасцей. Шэрман перадае на тутэйшы манер прозвішча ўругвайскага палітыка і юрыста, аднаго з прэзідэнтаў Уругвая, якое традыцыйна транслітаруецца з іспанскай як Эльяўры, Хасэ Эльяўры. У большай частцы Аргентыны і ва Уругваі распаўсюджаны рыяплатэнсе, ці рыяплацкі дыялект, адна з яго асаблівасцяў — вымаўленне «ll» і «y» як «ж» або «ш» («ль»/«й» і «й» у іншых варыянтах мовы), да чаго я доўга не магу прывыкнуць. Кожны раз, як чую гэтыя не характэрныя для «маёй» іспанскай шыпастыя гукі, спрабую запісаць слова ў думках, каб зразумець, што яно значыць, і праз гэта прапускаю цэлыя сказы, губляю сэнс прамоўленага.

Але мне падабаецца, што імя Эжаўры пазначаецца ва ўспамінах менавіта так. Бо насамрэч тут ніхто і не назаве вуліцу іначай, як не назаве аргенцінскі горад Cafayate — «Кафаятэ», хоць менавіта так ён транслітаруецца на рускамоўных картах.

Цяпер Пунта Карэтас — адзін з самых багатых і прэстыжных раёнаў Мантэвідэа. Але ў дзяцінстве Шэрмана элітным лічыўся якраз С’юдад В’еха, у якім я жыву. Каб трапіць адтуль у Пунта Карэтас — з мінулага ў сучаснасць ці, наадварот, з сучаснасці ў мінулае, — я выходжу да порта і каля чатырох з паловай кіламетраў крочу па rambla — узбярэжнай. У дарозе мяне і заспявае град.

Але калі я дабіраюся да парка Радо, ні граду, ні залевы ўжо няма.

 

Іншы бок

Мяне заўсёды захапляла ідэя геаграфічнага перамяшчэння, асабліва на вялікія адлегласці. Уяўляеш сябе кропкай на карце, ці, яшчэ лепш, на глобусе. Пракруціш у ім наскрозь дзірачку — і выйдзеш на іншым баку. У інтэрнэце, напэўна, мусіць быць сайт, які падкажа, што знаходзіцца насупраць таго месца, дзе ты цяпер. Набіраю ў пашукавіку — сапраўды ёсць, называецца antipodesmap. «Карта антыподаў».

Калі цяпер я правалюся тут, у Мантэвідэа, пад зямлю, то вынырну ў Жоўтым моры, недзе паміж Кітаем і Паўднёвай Карэяй, падказвае мне яна. Раней я думала, што ніколі ў такую далеч не траплю. І не толькі ў такую — ні ў якую. Так што геаграфічнае перамяшчэнне для мяне — перадусім пра жаданне паверыць у яго магчымасць. Без гэтай веры не атрымаецца зрабіць нават першы крок — зірнуць кошт квіткоў і ўдакладніць, ці патрэбная табе для падарожжа віза.

 І таму адна з прычын, чаму я пішу гэты тэкст і чаму адправілася шукаць у Лацінскай Амерыцы беларускія сляды — зрабіць далёкае дасяжным і больш рэальным, на адлегласці выцягнутай рукі. Знайсці ў ім кропкі перасячэння са сваім учора і сёння, зразумець, што гэты свет, хоць і не блізкі, усё ж не зусім мне і чужы.

Для Лацінскай Амерыкі нашы праблемы — далёкія і нязначныя, для яе антыподы — гэта мы і ёсць. «Растлумачце, чаму Расія напала на Украіну», — ледзь не схапіў мяне за рукаво прадавец адной з тутэйшых крамаў, калі пачуў, што я аднекуль з тых краёў.

Калі ў нас здарыцца ядзерны выбух, менавіта Лацінская Амерыка мае шанец перажыць катастрофу з найменшымі стратамі. Некалькі гадоў таму я вырашыла зрабіць прынамсі першы крок у той бок і пачала вучыць іспанскую, і тады зразумела, што гэтая мова дае ключ да нечага зусім новага — да мора інфармацыі, недасяжнай тым, хто чытае толькі па-англійску.

І калі пасля 2020 года я раз за разам пераглядала спіс краін, дзе беларусы могуць нейкі час пажыць без візаў, маю ўвагу ўсё часцей забірала Лацінская Амерыка. Тут хапае адкрытых для нас сусветаў: Аргенціна — да 90 дзён, Бразілія — да 90 дзён, Гандурас — да 90 дзён, Перу — да 183 дзён, Эквадор — да 30 дзён. Нейкія ўмовы на ўезд ёсць для Панамы, Венесуэлу я нават не згадваю — хаця беларускія сляды там таксама ёсць, цяпер яна фігуруе ў многіх рэйтынгах як адна з самых небяспечных у свеце краін.

У выніку, калі праз складанасці з дакументамі мне спатрэбілася на тры месяцы выехаць з Еўрасаюза, а вярнуцца ў Беларусь было немагчыма — раптам аказалася, што яна яшчэ далейшая за Лацінскую Амерыку, — я купіла білеты на трансатлантычны рэйс. Маім асноўным пунктам прызначэння зрабілася Аргенціна, але на некалькі дзён я заехала і ў суседні Уругвай (куды з беларускім пашпартам віза якраз патрэбная).

Так Лацінская Амерыка дала мне перадышку і магчымасць аддаліцца ад усяго — эмігранцкіх праблем, кепскіх навін, водгулля рэпрэсій і вайны, — чым дагэтуль поўнілася маё жыццё. Ці, наадварот, падсунула новы квэст, які трэба прайсці.

Бо ў геаграфічнага перамяшчэння, асабліва на далёкія адлегласці, ёсць яшчэ і іншы бок. Ужо на трэці дзень падарожжа мне хочацца вярнуцца — калі не дадому, дык прынамсі кудысьці, дзе ўсё здаецца больш звыклым і сваім. Увесь Атлантычны акіян, які ляжыць паміж мной і маім домам, плёскае цяпер унутры мяне. Але я ўпарта трымаюся свайго плану і цягам наступных трох месяцаў штодня буду адчуваць гэтую дыстанцыю і гэты сум.

І ўвесь час думаць: а што, калі б мне давялося застацца тут назаўсёды?

Дрэвы і дамы

З паркам Радо звязаны першы ўспамін Карласа Шэрмана: «Я прыгадваю сябе мяноўна з пяці гадкоў, калі мая сястра, старэйшая за мяне на дзевяць гадоў, вяла штораніцы ў першую школку жыцця праз містэрыі старажытнага парку з чырвонымі сцежкамі, гонкімі пальмамі і араўкарыямі, выспамі на цёмных водах вялікага возера». Пальмы і араўкарыі я бачу адразу ж, як толькі збочваю з узбярэжжа. Цікава, тыя ж ці не. Колькі такія дрэвы могуць жыць?

Зазіраю ў інтэрнэт. Віду гэтых пальмаў я не ведаю, мабыць, нейкая з фінікавых, бо фінікавая пальма — гэта род, у ім чатырнаццаць відаў. Яны нетутэйшыя, але атабарыліся тут досыць даўно, можна сказаць, натуралізаваліся. А вось араўкарыі — наадварот, родам якраз адсюль. Некалі яны панавалі ва ўсім свеце, але пасля масавага вымірання, якое адбылося шэсцьдзясят шэсць мільёнаў гадоў таму, адступілі ў Паўднёвае паўшар’е.

У звыклых для сябе ўмовах фінікавыя пальмы растуць ад ста да ста пяцідзесяці гадоў, а вось некаторыя араўкарыі дажываюць нават да тысячы. Калі парк не абнаўляўся, то прынамсі некаторыя дрэвы — тыя ж, менавіта іх Карлас Шэрман мусіў бачыць больш за восемдзесят гадоў таму. Магчыма, яны раслі тут ад самага пачатку, бо насамрэч парк зусім не старажытны: яго заклалі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Зрэшты, цяжка быць старажытным у горадзе, гісторыя якога пачынаецца ў 1726 годзе.

Паварочваю на сцежку, якая вядзе ўглыб парку, яе колер — чырвоны, рыхтык як ва ўспамінах Шэрмана. Пакрыццё новым не выглядае, але васьмідзесяці гадоў яму таксама не дасі. Магчыма, колер захаваўся выпадкова, альбо сцежкі ў тутэйшых парках упарадкоўваюць паводле старой завядзёнкі.

Чырвоная пальмавая алея выводзіць да стаўка — невялікага штучнага вадаёма, але пяцігадоваму хлопчыку ён сапраўды мусіў здавацца гіганцкім. Пакуль што ўсё ў кнізе супадае з рэальнасцю.

Ці шмат я помню з уласнага ранняга дзяцінства, думаю я ў гэты момант. Здаецца, нашмат менш, чым апісаў Шэрман. Хаця, магчыма, нешта з часам яшчэ прыгадаецца.

Сяджу над возерам і пераглядаю выпіскі з «Блуканца». Недзе тут мусіла быць і згаданая ў кнізе школа: «Першыя літары і словы ў школцы каля парку Радо ў далёкім цяперака Мантэвідэа здаваліся чарадзейнымі знакамі, і кожнае з іх хавала ўласныя глыбокія таямніцы». Шукаю школу на карце. Але побач нічога няма, і да ніводнай з тых, што месцяцца крыху далей, дарога ад Шэрманава скрыжавання гэтымі сцежкамі не вядзе.

Вуліца 21 верасня, на якой жыў Шэрман, пачынаецца за два кварталы ад парку Радо і чапляе яго ўскраек, першы чым заглыбіцца ў Пунта Карэтас і скончыцца на беразе Ла-Платы. Я іду ў той бок, зірнуўшы па дарозе на помнік Хасэ Энрыке Радо — уругвайскаму палітыку, журналісту і эсэісту, у гонар якога парк і быў названы. Гэта адбылося яшчэ пры жыцці Радо (ён памёр у 1917-м), а вось помнік з’явіўся тут у 1947-м, праз 7 гадоў пасля ад’езду Шэрманаў у суседнюю Аргентыну. Яны яго не заспелі, як і помнік Канфуцыю непадалёк, нечаканы ў гэтым атачэнні, — і гэта першае несупадзенне, з якім я сутыкаюся. Далей, на 21 верасня, несупадзенні надараюцца на кожным кроку.

Вось, напрыклад, самы яскравы ўспамін Шэрмана пра гэтыя мясціны — трамвай: «Па даволі шырокай вуліцы 21 верасня хадзілі трамваі майго маленства, якія адпавядалі цёпламу клімату: замест дзвярэй мелі дробны ланцужок, і пасажыры самі адчаплялі яго на прыпынках. Я згадваю ўтульнасць і нават пах мяккіх, нібыта плеценых саломаю, крэслаў трамвая: здавалася, хтосьці побач нёс што-кольвек цёплае і смачнае; згадваю і скураную ліну, нацягнутую на кольцах праз увесь вагон: з дапамогаю гэнай ліны, якая задзейнічала званочак, білецёр падаваў сігналы кіроўцу — прыпыніцца на высадку людзей альбо пасля пасадкі ехаць далей».

Цяпер жа трамваяў няма не толькі ў Пунта Карэтас, але і ва ўсім Мантэвідэа. Першы конны трамвай з’явіўся ў горадзе ў 1868 годзе (на трыццаць гадоў раней, чым у Беларусі, у Віцебску), электрычны — у 1906-м. У часы Шэрмана трамвайны транспарт у Мантэвідэа перажывае росквіт, а ўжо з 1948 года іх разам з рэйкамі пачынаюць прыбіраць з вуліц. У 1957 годзе закрываецца апошні трамвайны маршрут. З тых часоў на 21 верасня ад трамваяў не засталося і следу.

Калі я дабіраюся да апісанага ў кнізе скрыжавання, то натыкаюся на рамонт.

Мяняюць пакрыццё дарогі, таму частка 21 верасня перакрытая, усюды горы будаўнічага друзу. Дамы ў асноўным новыя, шматпавярховыя, гэта наогул раён новых дамоў, крамаў, офісаў, гатэляў. І ўсё ж я не губляю надзеі знайсці канкрэтнае месца, дзе жылі Шэрманы, бо ў «Блуканцы» ёсць дакладнае апісанне: «Насупраць дома свяцілася рэклама безупыннага ды таннага кіно «Біярыц», куды можна было ўвайсці ў любы момант, калі карціна ішла, ды глядзець першую частку пасля альбо ўвесь фільм двойчы ці колькі заўгодна, ажно да самага закрыцця апоўначы. Літаральна за колькі крокаў ад нас была кавярня «Аньён», дзе я набываў марозіва, калі выпадала шчасце».

Яшчэ да прыезду ў Мантэвідэа я шукаю звесткі пра абодва гэтыя будынкі, кінатэатр «Біярыц» і кавярню «Аньён», і — нечакана — знаходжу іх у сацыяльных сетках, дзе людзі дзеляцца ўспамінамі і фотаздымкамі. На адным з іх — бар «Аньён», я амаль упэўненая, што гэта і ёсць патрэбная мне кавярня. Але, відаць, з гадамі меню змянілася: карыстальнікі сацсетак згадваюць ужо не марозіва, а алкаголь.

Бар «Аньён» (аўтар Luis Osimani). Фота з Фэйсбука

Будынак з невысокай вежачкай, моцна перабудаваны, але ўсё яшчэ пазнавальны, стаіць на скрыжаванні дагэтуль, толькі цяпер у ім «Макдональдс».

З кінатэатрам «Біярыц» сітуацыя нашмат складанейшая. Я вывуджваю з сацыяльных сетак фота — яно выглядае сучасна, у допісе вядзецца пра тое, што будынак захаваўся. Гэта — мая надзея, я спадзяюся, што якраз па здымку яго і знайду. Але колькі ні хаджу па 21 верасня, параўноўваючы выяву з рэдкімі старымі дамамі, заціснутымі між шматпавярховікамі, нічога падобнага тут няма. Хіба што кандытарская «Біярыц» — на шыльдзе надпіс: «З 1925 года», але будынак падаецца зусім новым.

Я вырашаю зайсці і распытаць супрацоўнікаў.

— Некалі ў гэтым раёне быў кінатэатр «Біярыц». Не ведаеце, дзе? Кавярня таксама называецца «Біярыц», можа, кіно было тут?

Але прадавачка за прылаўкам не разумее, чаго я ад яе хачу. «Якое кіно? Мы пячом хлеб і робім салодкае». Яна выходзіць з-за прылаўка і махае рукой у бок скрыжавання з Эжаўры: «Калі трэба кіно, то гэта туды».

Я праходжу некалькі дамоў і сапраўды натрапляю на кінатэатр, які раней не заўважыла, Life 21. Ён месціцца ў комплексе «Касабланка» — сучасным шматкватэрным доме, першы паверх якога аддадзены пад крамы, офісы і іншыя ўстановы. Адкрываю той допіс, зверыцца са здымкам. І толькі цяпер разумею, што няўважліва яго прачытала, насамрэч там гаворыцца, што будынак захоўваўся да нядаўняга часу. Гэта значыць, яго больш няма? Чытаю настальгічныя каментары пад фота, нехта прыгадвае, што «Біярыц» стаяў насупраць іншага кінатэатра, які называўся «Касабланка». Але ж «Касабланка» — вось яна!

Зноў лезу ў інтэрнэт, натрапляю на спіс усіх колішніх кінатэатраў Мантэвідэа. На месцы шматпавярховіка і Lifе 21 сапраўды быў адкрыты ў 1947-м, то-бок ужо пасля ад’езду Шэрманаў, кінатэатр «Касабланка». Як нечакана ў гарадской тапаніміцы захоўваюцца абрысы мінулага! Відаць, кіно тут любілі — доўгі час «Касабланка» і «Біярыц» існавалі побач, не адбіраючы адно ў аднаго гледачоў. «Біярыц» закрылі толькі ў 1970-м, цяпер замест яго — невысокія, на 5—7 паверхаў, жылыя дамы. Значыць, насупраць, там, дзе цяпер комплекс «Касабланка», Шэрманы і жылі, і з таго часу гэтае месца ўжо некалькі разоў змяніла сваё аблічча.

Свой няісны як мінімум з 1947 года дом Карлас Шэрман апісаў у «Блуканцы» так: «Стары дом майго маленства быў утульным, поўным свежасці, а ўнутраны дворык меў армаваную шкляную столь, якую льга было адчыніць і зачыніць з дапамогаю ручнога механізму ў залежнасці ад надвор’я. Бацька круціў вялізную ручку, прыстасаваную да сцяны, і столь пачынала ціхі гарызантальны рух, паступова знікала пад дахам, адчыняючы нам нябёсы. Уздоўж сцяны, якая аддзяляла наш дом ад суседняга, раслі сціплыя ды гожыя браткі розных адценняў: ад бледна-лілейнага да цёмна-фіялетавага. Маці любіла іх і штодня ставіла вазачку з браткамі на стол. З тае пары варта мне бачыць іх дзе заўгодна, і я згадваю дом свайго маленства і маладую маці».

Мне лёгка ўявіць і сам дом, і яго ўнутраны дворык, бо ў гэтым падарожжы я ўжо бачыла розныя будынкі, з унутранымі дворыкамі і без, з вялікімі балконамі і зусім без вокнаў, старыя і новыя.

Сярод іншага гэта звязана з асаблівасцямі горадабудавання. Гісторыя большасці тутэйшых гарадоў пачалася толькі пару стагоддзяў таму, яны ўзводзіліся паводле планаў і таму разлінееныя на квадраты кварталаў. Дамы, якія звонку нічым не вылучаюцца, у сярэдзіне часта ператвараюцца ў заблытаныя лабірынты. Яны распаўзаюцца ўнутры кварталаў, займаючы адгароджаную ад вуліцы тэрыторыю, і хаваюць шмат нечаканага, пра што звонку няма і намёку: і парослыя дрэвамі двары, і браткі, і нават кіраваныя ўручную шкляныя нябёсы.

Мне шкада, што дом Шэрманаў не захаваўся. У іншых раёнах Мантэвідэа старой забудовы шмат, нават на вуліцы 21 верасня, дзе-нідзе сустракаюцца даўнія асабнякі. І ўсё ж у асноўным тут высяцца падобныя на «Касабланку» жылыя комплексы. Відаць, таму, што раён зрабіўся прэстыжным, і ўсё больш людзей хоча тут жыць.

У «Блуканцы» ёсць яшчэ адна карцінка з колішніх часоў, рэканструяваць якую ў мяне не атрымалася. «На рагу стаяла аптэка, і яе дзікаваты гаспадар быў кіраўніком партыі народнага здароўя. Падчас выбараў штовечар ён выносіў лаву, станавіўся на яе ды гаварыў разявакам, што галоўнае ў жыцці — гэта, натуральна, здароўе, але ў выніку за яго галасавалі адно што сталыя кліенты, якія не толькі набывалі лекі, але і хадзілі ў аптэку на ўколы ды іншыя дробныя працэдуры, якія сам аптэкар і прапісваў».

Я не ведаю, які з чатырох рагоў скрыжавання апісваецца ў кнізе, і ў гарадской тканцы аптэка, у адрозненне ад кавярні «Аньён» ці абодвух кінатэатраў, нічога пасля сябе не пакінула.

Даходжу да канца 21 верасня, цяпер я зноў на беразе Ла-Платы. У маім тэлефоне — толькі некалькі фотаздымкаў, аказалася, што мінулае на скрыжаванні, дзе жылі Шэрманы, ужо не сфатаграфуеш. Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы. Яны так і растуць сабе ў парку, быццам нічога за гэтыя дзесяцігоддзі ў свеце не адбылося, а дамы засталіся хіба што ў кнігах і ўспамінах. Пакуль яшчэ жывыя тыя, хто іх заспеў, цені гэтых дамоў яшчэ могуць часам выплываць у сацыяльных сетках, каб нагадаць, што некалі быў і іх час, але як толькі людзі сыдуць, цені таксама растануць, бо ўжо нікога больш не змогуць усхваляваць.

***

Праз шмат гадоў пасля ад’езду ў Беларусь, у 1988 годзе Карлас Шэрман ненадоўга зноў прыляцеў у свае былыя ваколіцы і апісаў гэтае падарожжа ў эсэ «Аргенціна: вяртанне праз паўжыцця». Яго самалёт, які не змог прызямліцца ў Буэнас-Айрэсе, бо ў міжнародным аэрапорце Эсэйса паласа для прыёму цяжкіх аэробусаў была на рамонце, перанакіравалі ў Мантэвідэа, і пасажыры гадзіну чакалі там перасадкі.

«Цэлую гадзіну, самую кароткую гадзіну, якую я помню, радасна ўглядваўся ў твары маіх супляменнікаў, шкадаваў, што знаходжуся зусім побач з родным домам, як кажуць, рукой падаць, аэрапорт стаіць у раёне Караска, куды сястра вадзіла мяне малога на пляж, але не магу дацягнуцца да роднага парога».

Гэта быў першы і апошні раз, калі Шэрман змог пабываць у краіне, дзе нарадзіўся і якую на той момант не бачыў ужо пяцьдзясят гадоў. Што праўда, калі меркаваць з сучаснай карты Мантэвідэа, на пляж у раёне Караска (у якім дагэтуль месціцца сталічны аэрапорт) ён наўрад ці хадзіў. Адлегласць датуль ад скрыжавання 21 верасня — Эжаўры складае каля 10 кіламетраў. Да таго ж, у ваколіцах Пунта Карэтас і Пасітас хапае сваіх пляжаў, куды Сарыта Шэрман з нашмат большай імавернасцю вадзіла нядзелямі пасля сняданку на дзевяць гадоў малодшага брата.

Чытайце таксама:

«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку

«Іншы свет. У чымсьці больш прагрэсіўны за наш». Беларусы пажылі ў Аргенціне і расказалі, у чым яе плюсы і мінусы

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

Nashaniva.com