Трэба раз і назаўсёды спыніць разважанні пра «вяртанне Вільні» — Рудкоўскі
Беларусам важна разумець, што канкрэтна выклікае трывогу ў літоўцаў і працаваць, каб зменшыць напружанне ў нашых адносінах, якія выключна важныя для будучыні нашых народаў, піша ў сваім артыкуле для «Нашай Нівы» філосаф Пётра Рудкоўскі.
18.11.2023 / 14:06
Літоўскі сцяг на дэманстрацыі беларусаў-эмігрантаў у Вільні. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
Гэта было задоўга да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны і да падзеяў 2020 года. Не было тады масавай міграцыі беларусаў у Літву і не было прычын для дыскрымінавання нас па пашпартнай прыкмеце. Затое было перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў у Вільні (лістапад 2019 года) — падзея з абшару гістарычнай памяці, якая суправаджалася ўдзелам сотняў беларусаў з бела-чырвона-белымі сцягамі.
У рамках асабістых зацікаўленняў у снежні 2019 года праглядаў неяк літоўскія рэсурсы і выпадкова натрапіў на артыкул «Хто і навошта прапагандуе ліцвінізм», апублікаваны на сайце alkas.lt. Аўтар артыкула па імені Рымгаўдас Дылюс разважае там пра небяспеку беларускага «ліцвінізму» з-за яго спробы «прыўласціць» спадчыну Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Але самым цікавым было тое, што напісана ў якасці «постскрыптума», дзе аўтар распавядае пра ўражанні ад свайго нядаўняга падарожжа ў Беларусь.
«Ліцвінізм ужо на кожным кроку»
«Дзесь 120 км ад Вільні — расказвае спадар Дылюс — за Крэвам, за ракой Бярэзінай, прыкладна 80 км ад Менску, па левым баку ёсць паселішча з цудоўнай літоўскай назвай «Didžioji Dainava» якую цяпер, вядома ж, запісваюць як «Вялікая Дайнава». (…) Дык вось — працягвае аўтар — цяпер слова «Дайнава» ў гэтай назве вандалы (на дарожных знаках у абодва бакі) запэцкалі фарбай і засталася толькі «Вялікая».
Той факт, што было запэцкана слова «Дайнава» і што гэта было зроблена на абодвух знаках, сапраўды выглядае як нешта большае, чым звычайнае хуліганства. Тут мог быць ідэалагічны матыў. Калі так, то кім і ў імя чаго гэта магло быць зроблена? Для кагосьці, хто дзесяцігоддзямі назірае ідэалагічныя баталіі ў Беларусі, найбольш імавернай версіяй падасца, бадай, тое, што хтось з рускаміраўцаў, абураны «мяккай беларусізацыяй», «тармажэннем інтэграцыйных працэсаў» і ростам сімпатыі да ВКЛ, вырашыў такім вось чынам «адпомсціць» літоўскаму слову, якое было напамінам пра супольную гісторыю беларусаў і літоўцаў у ВКЛ.
Хай сабе гэта ўсяго толькі дапушчэнне, але ўявіце мае адчуванні, з якімі я чытаў далейшыя разважанні спадара Дылюса, дзе ён — не ў якасці дапушчэння, а з поўнай упэўненасцю — сцвярджае, што за гэтым актам вандалізму стаяць беларускія «ліцвіністы». «Дайнава — піша аўтар — выклікала гнеў найбольш зацятых ліцвіністаў, якія здзейснілі гэты акт вандалізму, відаць, таму, што яна цалкам нескажоная, бо славяне вымаўляюць яе без скажэнняў».
Далей — болей: «Гэты факт сведчыць, што (…) самі ліцвіністы, калі бачаць літоўскія тапонімы, разумеюць, што іх тэорыя высмактана з пальца, бо літоўскія тапонімы цалкам адпрэчваюць тэзу аб славянскасці гэтай зямлі з часоў утварэння Літоўскага княства».
Далей — яшчэ болей: «Нельга выключаць, што такія акты вандалізму будуць толькі павялічвацца. Не выключана, што могуць быць спробы змяніць назвы тапонімаў. Напрыклад, перайменаваць «Жвірблі» ў «Воробьи» [Vorobji] і г.д.». І тут аўтар прыводзіць паралель з палітыкай Крамля ў Калінінградскай вобласці, дзе балцкія назвы былі заменены на расейскія (ад сябе дадамо, што не толькі балцкія).
Завяршаецца гэты драматычны пастскрыптум проста дэпрэсіўна: «Дык вось, мярзота ліцвінізму ўжо на кожным кроку. Чакайма працягу. Ці будзем цярпліва чакаць і назіраць?»
У гэтым пастскрыптуме сканцэнтраваныя найбольш сур’ёзныя непаразуменні вакол беларускага нацыянальнага адраджэння, якое ў літоўскіх публікацыях нярэдка явіцца пад назвай «ліцвінізм». Маўляў, «ліцвіністы» — гэта радыкальныя славянафілы, якія носяцца з ідэяй знішчыць усе балцкія сляды на сваёй тэрыторыі і гатовыя займець у якасці тапонімаў расейскія наватворы, замяніўшы традыцыйныя балцкія назвы. Тое, што можа быць акурат наадварот, што балцкі субстрат можа ўспрымацца як каштоўнасць для гістарычнай памяці «ліцвіністаў», тут нават не разглядаецца.
Сур’ёзнасць і маштаб непаразуменняў
У той далёкі 2019 год я не надаў гэтай публікацыі асаблівага значэння. Сам артыкул быў апублікаваны на нішавым рэсурсе, а найбольш з’едлівыя выпады на адрас «ліцвінізму» з’явіліся ў якасці пастскрыптума. І толькі праз два-тры гады, калі ў рамках праекта «Літва — Беларусь. Дыялог аб мінулым» пачаў маніторыць літоўскую медыясферу на прадмет успрымання беларускага погляду на ВКЛ, усвядоміў сур’ёзнасць і маштаб непаразуменняў.
Пра «імкненне беларусаў завалодаць гісторыяй Літвы», пра тое, як беларускія гіды да слёз даводзяць літоўскіх турыстаў «агрэсіўным перапісваннем гісторыі», пра тое, як гаспадар сувенірнай крамы ў Гародні «ласіцца на літоўскія землі» — усё гэта давялося мне прачытаць не на нішавых нацыянал-кансерватыўных рэсурсах, але на мэйнстрымных і ліберальных, такіх як Delfi.lt або 15min. Яшчэ да міграцыі беларусаў у Літву і да расійскай агрэсіі.
Тое, што тэма «ліцвінізму» выбухнула ў бягучым годзе і займела непрыемныя для беларусаў формы — гэта рэч прыкрая, але заканамерная. Недахоп літоўска-беларускага дыялогу, намёкі некаторых беларусаў на «вяртанне Вільні», плюс агромністы міграцыйны прэсінг на такую невялікую краіну, як Літва — усё гэта вядзе да росту антыбеларускіх настрояў у літоўскім грамадстве.
Наратыў пра «пагрозу ліцвінізму» з’явіўся не на пустым месцы
Можна тут шмат разважаць пра тое, што літоўцы могуць і павінны зрабіць, каб зменшыць напружанне ў нашых адносінах, але больш прадуктыўным будзе падумаць, што мы можам зрабіць у гэтым напрамку. Не ўваходзячы ў дэталі літоўска-беларускіх непаразуменняў (аб гэтым будуць асобныя публікацыі), звярну ўвагу на два моманты.
1. Літоўскі наратыў пра «пагрозу ліцвінізму» з’явіўся не на пустым месцы. «Страта Вільні непапаўняльная. Страта нацыянальнай сталіцы дэзарганізуе нацыю» — пісаў Пазьняк у канцэпцыйнай брашуры «Беларуска-расейская вайна», выдадзенай у 2005 годзе. І далей, у імператыўным ключы: «У думках кожнага беларуса павінна жыць разуменне велічыні страты і ўсведамленне неабходнасці вяртаньня беларускай сталіцы [Вільні]».
Можна мець рознае стаўленне да Пазняка і розныя погляды наконт яго «маргінальнасці» або «ўплывовасці». У дадзеным выпадку гэта не мае асаблівага значэння. Сам факт таго, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Літвы агучваліся ў некаторых канцэпцыйных працах беларускіх адраджэнцаў, ёсць дастатковай падставай, каб выклікаць занепакаенне з боку любога літоўца, які любіць сваю Радзіму.
Больш таго, намёкі на «вяртанне Вільні» не абмяжоўваюцца брашурай Пазьняка, а раз-пораз агучваюцца ў розных асяроддзях і ў розных формах. Пацверджаннем таго ёсць сумнавядомы інцыдэнт, які адбыўся ў жніўні бягучага года ў адной з віленскіх кавярняў, калі адзін беларус пачаў даводзіць літоўскаму афіцэру запасу, што літоўцы — гэта выхадцы з Коўна і Жамойці, а ўся Вільня і ўсходняя частка Літвы належыць Беларусі.
2. Ёсць міграцыйны прэсінг і праблемы з «аўтахтоннымі» славянамі. Цягам апошніх трох гадоў колькасць грамадзян Беларусі ў Літве павялічылася больш чым у тры разы — з 17,7 тыс. у 2020 годзе да 61 тыс. у кастрычніку 2023 года. Міграцыя з Украіны яшчэ большая, да якой дадаецца, хоць у значна меншай ступені, міграцыя з Расіі, Блізкага Усходу і іншых краін.
Апроч таго, у літоўцаў усё яшчэ свежыя ўспаміны пра баталіі з мясцовымі палякамі, якія ў 90-ыя гады неадназначна паставіліся да літоўскай незалежнасці і доўгі час выступалі з ідэяй «вяртання Вільні» Польшчы. У такой сітуацыі ў многіх літоўцаў уключаецца абаронная рэакцыя і жаданне стрымаць рост славянскай прысутнасці ў краіне. Важна ўлічваць гэтыя акалічнасці ў дыялогу з літоўцамі.
Літоўцы ўсцяж на нашым баку
Так, хай сабе не ўсе, але многія літоўцы на нашым баку, у тым ліку ў справе ВКЛ. Ва ўсёй гэтай палеміцы вакол «ліцвінізму» найбольш істотнай інфармацыяй ёсць тое, што самі літоўцы ўзяліся за працу па пераадоленні прадузятасцяў сярод сваіх суайчыннікаў. Незадоўга пасля жнівеньскага інцыдэнту ў начной кавярні літоўскае грамадскае тэлебачанне LRT зрабіла некалькі інтэрв’ю з беларускімі і літоўскімі экспертамі. Асноўны месыдж гэтых матэрыялаў зводзіўся прыблізна да наступнага: ВКЛ — супольная спадчына літоўцаў і беларусаў, тэрытарыяльныя прэтэнзіі сярод беларусаў маргінальныя, а тое, што беларусы звяртаюцца да ВКЛ, сведчыць пра еўрапейскі выбар беларусаў.
Дырэктар Інстытута Вялікага княства Літоўскага Русціс Камунтавічус пайшоў яшчэ далей. У нядаўнім артыкуле на сайце gudija.lt ён заявіў, што ў Літве ёсць адна такая тэорыя, якую можна назваць летувізмам. Гэтая тэорыя — кажа ён — сцвярджае, што ВКЛ было літоўскай дзяржавай, што ўклад русінаў і іншых народаў у ВКЛ мізэрны, што Вільня заўсёды была літоўскім горадам і што Віціс/Пагоня мусіць належаць толькі літоўцам. Вось гэта і ёсць летувізм — кажа спадар Камунтавічус, дасціпна намякаючы на паралелізм паміж беларускім ліцвінізмам і літоўскім летувізмам. Маўляў, калі ліцвінізм — гэта пагроза, то такой жа пагрозай трэба прызнаць і летувізм.
Складана ўявіць больш эфектны спосаб нейтралізацыі многіх закідаў на адрас беларускага ліцвінізму, чым шляхам паказання, што сярод літоўцаў шырока распаўсюджаны яе аналаг. Там — «ліцвінізм», тут — «летувізм», як першае, так і другое выконвае функцыю нацыянальнага наратыву з падобнымі дыскурсіўнымі прыёмамі і падобным стаўленнем да факталагічнай базы. Дадам, што гэты артыкул Камунтавічуса быў перадрукаваны іншымі літоўскімі рэсурсамі, у тым ліку і alkas.lt, дзе да гэтага часу публікаваліся пераважна алармісцкія артыкулы пра беларускі «ліцвінізм».
Падагульняючы, падкрэслім наступнае. Ёсць нямала праблем у беларуска-літоўскіх адносінах, але шанцаў на іх пераадоленне яшчэ болей. Літва — гэта дэмакратычная краіна, а ва ўмовах дэмакратыі любая экстрэма зазвычай сустракаецца з інтэлектуальным і палітычным процідзеяннем. У такой сітуацыі ад нас патрабуецца ні многа ні мала — сур’ёзна і адказна ставіцца да ўразлівасці блізкага нам народа, асабліва калі пражываем на яго тэрыторыі. Трэба раз і назаўсёды спыніць бязглуздыя разважанні пра «вяртанне Вільні», а засяродзіцца на вяртанні Беларусі і паглыбленні літоўска-беларускага дыялогу. Патэнцыял для гэтага ёсць.
Чытайце таксама:
«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Ліцвінізм: погляд з Вільні
Публікацыя падрыхтавана аўтарам у рамках праекта «Літва-Беларусь. Дыялог аб мінулым» (Lietuva-Baltarusija. Dialogas apie praeitį), які рэалізуецца сумесна з Інстытутам гісторыі Літвы (Lietuvos istorijos institutas (istorija.lt)) пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы.