Гісторыя2121

Праблема «ліцвінізму» не можа стаць палітычнай, бо беларусам не цесна ў межах сваёй краіны — гісторык Пашкевіч

Наколькі сур'ёзна стаіць праблема «ліцвінізму», ці мае сэнс ужываць тэрміны «летувіс» і «Летува» і ці ёсць пад тэорыямі «ліцвінізму» гістарычныя падставы, разважае гісторык Аляксандр Пашкевіч у чарговым выпуску ютуб-канала «Гісторыя на Свабодзе».

Аляксандр Пашкевіч Александр Пашкевич Aljaksandr Paskevich
Сяргей Абламейка і Аляксандр Пашкевіч падчас абмеркавання праблемы «ліцвінізму». Срыншот svaboda-historyja / YouTube

Як беларускія гісторыкі павінны адказваць на актыўнасць прыхільнікаў «ліцвінізму»

На погляд Пашкевіча, для таго, каб розныя антынавуковыя тэорыі не надта пашыраліся, мусіць быць мэтанакіраваная асветніцкая праца з боку прафесійных гісторыкаў: 

«Прафесійныя гісторыкі могуць супрацьпаставіць «ліцвінізму» гісторыю, якая заснаваная на крыніцах, на выніках іх навуковых даследаванняў, але выкладзеная ў папулярнай форме. Для таго, каб людзі, якія не маюць асабліва глыбокіх гістарычных ведаў і якім не цікавыя навуковыя працы, маглі ўспрымаць інфармацыю. Для іх мусіць быць якасная папулярная літаратура, якой у нас не так шмат».

Аляксандр Пашкевіч лічыць, што з улікам спецыфічнасці актуальнай сітуацыі ў краіне, у якой існуюць праблемы з распаўсюджаннем друкаванай прадукцыі, і з улікам таго, што значная частка гісторыкаў жыве за мяжою, не застаецца нічога іншага, як ствараць якасныя, папулярныя прадукты ў інтэрнэце на тых пляцоўках, якіх сёння шмат і якія пакуль даступныя:

«Адказ даволі адназначны — асвойваць новыя тэхналогіі. Быць на хвалі тых магчымасцяў, якія дае сучасны свет, і старацца максімальна іх выкарыстаць».

На погляд гісторыка, для таго, каб людзям твая версія гісторыі «заходзіла», яе трэба падаваць цікава і сучасна, прапіхванне ж сілай праз выкарыстанне адміністрацыйных метадаў, як робіць рэжым Лукашэнкі, мае абмежаваную эфектыўнасць: 

«Можна што хочаш рабіць пад заказ, павялічваць колькасць гадзін на вывучэнне, узмацняць інтэнсіўнасць такога ўздзеяння, але калі людзям гэта нецікава, калі ўсё гэта робіцца кандова, то гэта будзе праходзіць міма іх і будзе ўспрымацца толькі як афіцыёз, казёншчына».

Чаму «ліцвінізм» мае пад сабою гістарычны грунт

Пашкевіч падкрэслівае, што адносная папулярнасць «ліцвінізму» заснаваная на тым, што беларусы прэтэндуюць на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, на тое, што яно было старажытнай беларускай дзяржавай. З гэтым цяжка спрачацца, гэта мае пад сабой грунт.

«Безумоўна, нашы продкі жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, былі яго грамадзянамі ці падданымі, незалежна ад канфесійнага і этнічнага паходжання. Так ці іначай гэтая спадчына вельмі цесна з намі сплеценая, і іншай у нас няма».

Гісторык адзначае, што нават пры ўсім жаданні «мы не можам сказаць літоўцам: давайце мы будзем лічыць Вялікае Княства Літоўскае вашай дзяржавай, а мы сабе знойдзем нейкую іншую слаўную гісторыю.

Іншай гісторыі ў нас няма. Іншую «слаўную» гісторыю мы можам знайсці, толькі калі прывяжамся да Расіі, прызнаем, што былі вечна паняволеныя, што імкнуліся аб’яднацца з Расіяй у адну дзяржаву».

Менавіта гэта цяпер прапануюць беларусам расійскія імперцы і шавіністы. Але, на думку Пашкевіча, такі падыход не быў бы карысным не толькі беларусам, але і суседзям, тым жа літоўцам. Бо яны нават з пункту гледжання сваіх уласных нацыянальных інтарэсаў аб'ектыўна не зацікаўленыя, каб беларусы заставаліся часткай «рускага свету».

Беларусы, безумоўна, маюць права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Пытанне толькі ў тым, у якой ступені: «Ці гэта права манапольнае, і Вялікае Княства Літоўскае — цалкам беларуская дзяржава, а тыя самыя літоўцы знаходзіліся недзе на маргінальных ролях і не могуць ні на што прэтэндаваць.

Ці мы прызнаем, што гэта наша агульная спадчына, і што Вялікае Княства Літоўскае — гэта беларуска-літоўская ці літоўска-беларуская старадаўняя дзяржава, што абодва народы зʼяўляюцца яе спадчыннікамі.

Вельмі часта немагчыма нават аб’ектыўна падзяліць, што там было літоўскага, а што беларускага. Таму што на гэтай тэрыторыі ішлі розныя этнічныя і канфесійныя працэсы, мянялася моўная сітуацыя. Гэта спрыяла таму, што тоеснасці перасякаліся і пераходзілі адна ў адну. Асабліва гэта відаць на такіх тэрыторыях, як, напрыклад, тэрыторыя Віленшчыны».

Погляд, што спадчына Вялікага Княства Літоўскага, безумоўна, наша, але не манапольна, а сумесна з літоўцамі, — цяпер найбольш пашыранае ўяўленне ў беларускіх навуковых і грамадскіх колах.

Пашкевіч звяртае ўвагу, што гэта праяўляецца, у прыватнасці, у тым, што агрэсіўных «ліцвіністаў», якія прэтэндуюць на манапольнае валоданне спадчынай ВКЛ, сярод сапраўды ўплывовых у Беларусі людзей, сярод так званых «лідараў думак» вобмаль.

Што аб праве беларусаў на спадчыну ВКЛ думаюць у літоўскіх навуковых колах

На погляд Аляксандра Пашкевіча, у літоўскіх навуковых колах на права беларусаў на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага таксама ў цэлым глядзяць з разуменнем:

«Там разумеюць, што для таго, каб беларусы былі еўрапейскім народам, каб былі сяброўскім народам і каб не належалі да «рускага свету», яны павінны абапірацца на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. І, у прынцыпе, яны гатовыя гэтым дзяліцца».

Пашкевіч адзначае, што такая пазіцыя літоўскіх гісторыкаў выразна праявілася падчас нядаўняй дыскусіі ў Сейме Літвы:

«Там не было такой дыскусіі, каб беларускі бок нешта даказваў сваё, а літоўцы яму ў гэтым катэгарычна адмаўлялі. Наадварот, мы былі згодныя, што гэта наша агульная спадчына і што мы не ворагі, а сябры з даўніх часоў, а наша гісторыя непадзельная».

Ці мае сэнс ужываць тэрміны «летувіс» і «Летува»

Аляксандр Пашкевіч сцвярджае, што ў народнай мове беларусы ніколі не называлі Літву «Летувой», а літоўцаў «летувісамі». Гэтыя тэрміны зʼявіліся ў беларускай мове тады, калі беларусы «сталі дастаткова агрэсіўна прэтэндаваць на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, сцвярджаць, што літоўцы не маюць да гэтай спадчыны ніякага дачынення. І ў лінгвістыцы сталі шукаць пацвярджэння гэтай думкі».

Але тэрмінамі «летувіс» і «Летува» ніякім чынам нельга аспрэчыць права літоўцаў на спадчыну ВКЛ, бо слова «летувіс» на літоўскай мове сінонім «ліцвіна» ў беларускай ці польскай мове.

На думку Пашкевіча, негатыўнае стаўленне ў літоўскім грамадстве да практыкі ўжывання гэтых тэрмінаў беларускімі аўтарамі было сфарміравана антылітоўскай скіраванасцю асобных твораў. «Гэтыя словы ў свой час сталі своеасаблівым маркерам. Калі яны ўжываліся, то гэта, як правіла, азначала антылітоўскую скіраванасць».

«Тэрміны «летувіс» і «Летува» зʼявіліся ў свой час на палітычнай хвалі, і таму яны вельмі палітызаваныя. Праўда, з таго часу ўжо падрасло цэлае пакаленне беларусаў, якія прынялі гэтыя азначэнні і ўжываюць іх без усякага негатыву да літоўцаў. Яны думаюць, што гэта больш па-беларуску. Таму гэта не абавязкова вельмі кепска ў дачыненні да літоўцаў.

Але сам я, памятаючы пра тое, як гэта ўсё ўзнікла і як успрымаецца, асабіста стараюся гэтых штучных для беларускай мовы тэрмінаў не ўжываць», — дзеліцца сваімі думкамі Пашкевіч.

Як праблема «ліцвінізму» можа быць развязаная ў гіпатэтычнай будучай вольнай Беларусі

Пашкевіч лічыць, што ў вольнай Беларусі павінен быць плюралізм і нічога не мусіць забараняцца, апрача таго, што мае выразна экстрэмісцкую скіраванасць — не ў разуменні, натуральна, рэжыму Лукашэнкі. Таму так званыя «ліцвіны» і прыхільнікі такіх поглядаў павінны мець тыя самыя правы на выказванне сваёй думкі, што і прыхільнікі іншых пунктаў гледжання.

Дзяржава ж і прафесійныя гісторыкі мусяць рупіцца пра тое, каб такія погляды надта шырока не распаўсюджваліся. Але не шляхам забарон і рэпрэсій. Ім проста трэба ствараць якасную альтэрнатыву і праводзіць адпаведную гістарычную палітыку, пры гэтым не адхіляючыся ад дэмакратычных нормаў. 

Людзі могуць прытрымлівацца самых розных, нават дзіўнаватых поглядаў на гісторыю, галоўнае, каб гэта не атручвала сучасныя адносіны з суседзямі. Важна, на погляд Пашкевіча, каб агрэсіўныя ідэі не пераймалі палітыкі і не выстаўлялі на іх падставе ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў, не пашыралі ідэі рэвізіянізму. То-бок каб гэта не рабілася палітычнай праблемай.

Пры гэтым гісторык адзначае, што «палітычнай праблемай у новай Беларусі «ліцвінізм» не можа стаць з той простай прычыны, што ён — якім бы ён ні быў у любой форме — аб’ектыўна ёсць часткай беларускага нацыянальнага руху, часткай той нацыянальнай беларускай канцэпцыі, якая адмаўляе прыналежнасць Беларусі да «рускага свету» і сведчыць, што Беларусь — гэта частка Еўропы, а беларусы належаць да еўрапейскай гісторыі.

«Ліцвіны», якія б яны ні былі і якіх бы канцэпцый ні прытрымліваліся, так ці інакш пераконваюць сваю аўдыторыю ў тым, што Беларусь — гэта не частка Расіі, што ў яе свая гісторыя і што яна не арыентаваная на Маскву.

Лішні доказ гэтага — стаўленне да беларускага «ліцвінізму» ў Расіі. Супраць яго рэзка выступаюць расійскія шавіністы і называюць яго правакацыяй супраць «рускага свету».

А паколькі «рускі свет» і супрацьстаянне яму пры любых палітычных раскладах яшчэ доўга будзе для беларусаў самай галоўнай праблемай і выклікам, і ў гэтым беларускаму руху будзе патрэбная падтрымка суседзяў, то перадумоў да таго, каб пачаць рэальна варагаваць з літоўцамі ці палякамі з-за гістарычных хімер, проста няма. 

У канцы размовы Аляксандр Пашкевіч адзначыў, што і ўвогуле рэвізіянізм, імкненне да тэрытарыяльных перадзелаў магчымыя толькі тады, калі гэтым жыве грамадства, калі можна грамадства гэтым запаліць. У той час як у нас

«праблема «страчаных» тэрыторый не займае ў грамадскай свядомасці колькі-небудзь сурʼёзнага месца. Большая частка насельніцтва нават не здагадваецца, што Вільня нібыта «наша», што гэты горад моцна звязаны з Беларуссю. Гэта яму трэба яшчэ даказваць.

Беларусам не цесна ў цяперашніх межах краіны. Нельга сказаць, што нам не хапае жыццёвай прасторы. Такога няма. Таму ніхто, нават самыя вялікія папулісты, не змогуць сыграць на гэтых пачуццях».

Чытайце яшчэ:

Дыскусія аб «ліцвінізме». Што рабіць з беларускай перспектывы?

Чаму літоўцы баяцца ліцвінізму

Ліцвіны ці русіны? Кім былі продкі беларусаў

Каментары21

  • дочка Максима Дизайнера
    24.10.2023
    прыгожа і праўдзіва сказана (у загалоўку)
  • Бобр
    24.10.2023
    Если взять Пана Тадеуша, то там современный литовец это жмудин. Я так понимаю под жмудинами в те времена называли тех кто говорил на Балтийский языках. А литвины говорили на славянском. Если проводить сравнения, то Шотландии на сегодня похожа на положение современной Литвы в Речи Посполитой. Шотландцы говорят на английском с сильным местным диалектом, можно сказать отдельный язык (аналогия польский и старобелорусский) и есть меньшинство на гэльским, некогда язык большинства ( это кельтская группа). Допустив, что Шотландия начнет возврат к корням и подобно еврееям с ивритом, то Шотландия станет похожа на нынешнюю Литву. Есть другая аналогия пруссы и Королевство Пруссия. Покоренный народ дал название сильному государству. Т.е. полочане, бужане, новоградчане , подобно солянки из Швабии, Баварии и Саксонии зашли на земли балтов и создали новое государство приняв за название нового государства название местности куда зашли. Название Беларусь хоть и ассоциируется с Россией, но оно ближе к истине
  • Лютичь
    24.10.2023
    Бобр, топонимы Лют/Лит свидетельствуют о том что литва это пришлое славянское племя которое дало имя местным балтам

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →