Затрыманы Ігар Брыло, экс-кіраўнік Мінсельгасхарча і памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці 

Яшчэ нядаўна франтаваты міністр сельскай гаспадаркі, а потым — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло апынуўся ў СІЗА КДБ па «Малочнай справе». Прычына — у адносінах са Скітавым. 

22.11.2023 / 20:38

Ігар Брыло. Фота: Мінсельгасхарч Беларусі

Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц паведамілі «Нашай Ніве», што Ігар Брыло, памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, знік з працоўнага месца ў кампаніі спартыўнага выгляду мужчын некалькі дзён таму. І з таго часу на працоўным месцы не з'яўляўся. 

З улікам іншых вядомых нам абставін можна сцвярджаць, што Ігар Брыло затрыманы Камітэтам дзяржаўнай бяспекі па «Малочнай справе». Яе цэнтральным фігурантам, нагадаем, стаў генеральны дырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў. 

Чытайце таксама: Быў Элькінд, стаў Скітаў. Гісторыя дырэктара «Бабушкінай крынкі» і закуліссе імперыі кіраўніцтва спраў Лукашэнкі

51-гадовы Ігар Брыло нарадзіўся ў Барысаве, як і Элькінд. Яго кар'ера пачыналася там. У сталіцу яго забралі з пазіцыі намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама па сельскай гаспадарцы. Барысаўскі раён значны як па колькасці буйных сельгаспрадпрыемстваў, так і сваімі перапрацоўчымі вытворчасцямі.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Барысаве ўспамінаюць: калі Скітаў кіраваў Барысаўскім мясакамбінатам, Брыло быў ягоным падначаленым. Ëн працаваў там ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца выпіскамі з баз «Белпола». 

З гэтай пазіцыі Брыло атрымаў павышэнне ў галоўныя ветэрынары раёна (2004—2006), потым — у райвыканкам (2011—2013), потым — у Міністэрства сельскай гаспадаркі першым намеснікам (2013—2021). У лютым 2022-га ён стаў міністрам сельскай гаспадаркі. 

Увесь гэты час Брыло захоўваў сяброўскія адносіны са сваім былым начальнікам. 

Падчас публічнага разносу па «Малочнай справе» Аляксандр Лукашэнка кінуў, апроч іншага, і такую фразу пра Скітава: «Званілі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і прасілі: «Вы там індыкатыў не прызначайце. Дайце, мы вось тут разбяромся. Распрадамо па больш нізкіх цэнах, а потым вызначыце гэтыя індыкатыўныя цэны, ніжэй за якія нельга прадаваць». Так я разумею?»

Суадносячы заявы і часавыя рамкі — а ў КДБ заявілі, што аператыўная распрацоўка Скітава вялася з 2020 года, калі Брыло ўжо займаў кіраўнічыя пазіцыі ў Мінсельгасхарчы, — можна зразумець, у чым могуць абвінавачваць былога міністра сельскай гаспадаркі: у падыгрыванні карупцыйным схемам праз рэгуляванне ці нерэгуляванне індыкатыўных цэнаў.

Індыкатыўныя цэны ў Беларусі — гэта мінімальныя цэны, па якіх мясная і малочная прадукцыя могуць прадавацца на экспарт, за мяжу. Вызначае іх міністэрства сваімі пастановамі, якія публікуюцца ў афіцыйным парадку.

На пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло прабыў па беларускіх мерках нядоўга: трохі больш за год. За гэты час Брыло паспеў аднойчы нават нясмела запярэчыць Лукашэнку публічна: рэдкі выпадак для чыноўніка. У ліпені 2023 года яго прызначылі памочнікам прэзідэнта па Віцебскай вобласці.

Міністр Брыло запомніўся сваімі часцяком яркімі гальштукамі і нехарактэрнай для беларускіх чыноўнікаў бародкай — большасць апаратчыкаў і сілавікоў стрыжэцца і носіць расліннасць на твары па армейскіх стандартах савецкага перыяду, амаль ідэнтычна. 

Ігар Брыло наведвае «Дажынкі» на малой радзіме, у Барысаўскім раёне. 11 верасня 2021 года. Фота ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама

Затрыманне чыноўніка такога калібра — рэдкі выпадак для Беларусі, дзе словы пра «жастачайшае пакаранне» амаль ніколі не распаўсюджваюцца на найвышэйшую наменклатуру. Праваахоўныя органы рэдка дацягваюцца да топ-чыноўнікаў, таму што арыштоўваць чыноўніка з лукашэнкаўскага кадравага рэестра можна толькі з асабістага дазволу кіраўніка рэжыму. 

Сярод гучных спраў апошніх дзесяці гадоў прыгадваюцца арышты памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі (2018), колішняга начальніка асабістай аховы прэзідэнта, а пасля Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына (2019) і міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы (2022). 

Першая інфармацыя пра арышты прыйшла 1 лістапада. 14 лістапада намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Канстанцін Бычак заявіў, што фігурантамі справы сталі 26 чалавек, з іх 15 утрымліваюцца пад вартай.

Дзяржаўныя СМІ назвалі кіраўніка магілёўскага малочнага гіганта галоўным падазраваным у справе. А следства апублікавала фота золата і наяўных грошай, якія захоўваліся ў Генадзя Скітава. 

Каштоўнасці, выяўленыя ў Генадзя Скітава. Фота, распаўсюджанае Камітэтам дзяржаўнай бяспекі

Аляксандр Лукашэнка асабіста абвінаваціў Генадзя Скітава ў карупцыі і стварэнні кліентэлы шляхам прызначэння на кіраўнічыя пасады сваіх сваякоў, сяброў маладосці і нават кіроўцы. 

Ва ўзнікненні карупцыйнай схемы такога маштабу на вялікіх дзяржаўных прадпрыемствах Лукашэнка абвінаваціў кіраўнікоў абласных выканаўчых камітэтаў. Кіраваць малочным гігантам паставілі бандыта, напісалі дзяржаўныя СМІ. 

Аднак інфармацыя, якую сабрала «Наша Ніва», паказвае, што і сам Аляксандр Лукашэнка, і яго найбліжэйшае атачэнне вельмі добра ведалі, хто такі Скітаў і чым ён займаўся. Як сведчаць крыніцы, першыя кантакты Скітава (тады яшчэ Элькінда) і яго родных з блізкім колам Лукашэнкі адносяцца, магчыма, яшчэ да 1994 года.

Гендырэктар ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў. Фота: mnsvu.org

Прызначэнне Генадзя Скітава на «Бабушкіну крынку» звязваюць з іншым былым міністрам сельскай гаспадаркі — Леанідам Зайцам, цяперашнім віцэ-прэм'ерам, які з 2019 да 2021 года ўзначальваў Магілёўскі аблвыканкам.

«Бабушкіна крынка» паўстала з савецкага малочнага камбіната, узведзенага ў 1979 годзе. Гэта адно з самых вялікіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў не толькі Беларусі, але і Усходняй Еўропы. Агульная колькасць работнікаў гэтага холдынгу сягае 4 тысяч чалавек. Паводле нацыянальнага агенцтва Беларусі, яна займае 9 месца ў топ-100 адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны. 98% акцый належыць дзяржаве.

У 2020 годзе даход «Бабушкінай крынкі» склаў 613 мільёнаў рублёў, што дазволіла кампаніі заняць трэці радок у топ-15 малочных прадпрыемстваў па аб’ёме выручкі. Але па чыстым прыбытку «Бабушкіна крынка» мела толькі 14-е месца. Даходнасць кампаніі складала 3,6 мільёна рублёў. Для параўнання: лідар на той момант, прыватны «Савушкаў прадукт», меў 51,3 мільёна.

Паводле версіі КДБ, першасныя аператыўныя даныя аб наяўнасці карупцыйнай схемы набыцця сталічнай ТАА «ТПК ПрадІнвест» ліквіднай прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў па заніжаных цэнах, органы дзяржбяспекі атрымалі ў студзені 2020 года. Так у поле зроку трапілі «сумнеўныя схемы рэалізацыі прадукцыі ААТ «Бабушкіна крынка».

Па сцвярджэнні КДБ, «злачынныя даходы ад неабгрунтаванай пасярэдніцкай дзейнасці ўсіх удзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці ў малочнай галіне з улікам розніцы цэн у Беларусі і Расіі [складалі] не менш як 10 млн даляраў за год».

Чытайце таксама: 

26 чалавек затрыманыя. Лукашэнка распавёў пра «малочную справу»

Затрыманыя кіраўнікі адразу некалькіх малаказаводаў

Nashaniva.com