Фінляндыя з пятніцы закрые ўсе памежныя пункты на мяжы з Расіяй, апрача самага паўночнага
У сталіцы Фінляндыі Хельсінкі прайшла прэс-канферэнцыя, на якой кіраўнік урада Петэры Орпа, кіраўнік МУС Мары Рантанен і начальнік аддзела памежнага ўпраўлення Марку Хасінен расказалі пра новыя абмежаванні на ўсходняй мяжы, піша Yle.fi.
22.11.2023 / 22:17
У пятніцу, 24 лістапада, апоўначы закрыюцца ўсе пункты перасячэння мяжы Фінляндыі з Расіяй, адкрытым застанецца толькі самы паўночны пункт Рая-Ёсэпі.
Па словах міністаркі ўнутраных спраў Мары Рантанен, ранейшае закрыццё чатырох пунктаў пропуску ў паўднёва-ўсходняй Фінляндыі засведчыла эфектыўнасць гэтай меры. Сітуацыя на мяжы ў гэтым рэгіёне застаецца спакойнай.
Раней сітуацыя абвастрылася з-за штучна арганізаванага Расіяй мігранцкага крызісу. У лістападзе ў Фінляндыю праз усходнюю мяжу прыбыло каля 700 просьбітаў прытулку. Па словах фінскіх уладаў, Расія адмыслова прапускае на мяжу людзей, у якіх няма адпаведных дакументаў.
Адзіны пункт пропуску Рая-Ёсэпі, які будзе дзейнічаць, — самы паўночны, і да яго няпроста дабрацца. Прэм'ер Петэры Орпа заявіў, што калі сітуацыя з мігрантамі будзе пагаршацца, то Фінляндыя гатовая да яшчэ больш жорсткіх захадаў. Ён упэўнены, што Расія сама справакавала гэтую сітуацыю, і адпаведна расійскі бок пры жаданні здольны гэтую сітуацыю спыніць.
Чытайце таксама:
Фінляндыя збіраецца цалкам закрыць мяжу з Расіяй, перамовы не далі выніку
Фінляндыя можа закрыць усе пункты пропуску на мяжы з Расіяй
Эстонія і Нарвегія следам за Фінляндыяй рыхтуюцца закрыць мяжу з Расіяй