Што адбываецца з «Буслікам»? Беларускія сеткі з'ядаюць расіяне
Нядаўна польскія ўласнікі беларускай сеткі «Буслік» паведамілі пра крытычнае становішча. Кампаніі ўдалося дамовіцца з банкам, але далейшае выжыванне базуецца на спадзяванні на цуд. Выглядае, што гэта не апошняя ахвяра 713-га ўказа.
28.11.2023 / 19:41
Фота: інстаграм «Бусліка»
26 кастрычніка польская кампанія CDRL, якой належыць 90% у беларускім ТАА «ДПМ» і якая кіруе крамамі пад брэндам «Буслік», выпусціла справаздачу. Там сярод іншага паведамлялася, што Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» 10 сутак на пагашэнне валютнага крэдыту 3,95 мільёна даляраў з правам забраць маёмасць кампаніі ў залік доўгу.
Такім чынам банк спрабаваў гарантаваць сабе першае месца ў чарзе крэдытораў, угледзеўшы прыкметы неплацежаздольнасці «Бусліка»: падзенне выручкі ад анлайн-гандлю на 44,5%, а таксама падзенне выручкі на 18% у афлайн-гандлі супраць паказчыкаў на год раней.
Палякі канстатавалі, што на фоне эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў і нявыгадных курсавых розніц ім застаецца спісаць дэбіторскія запазычанасці і кошт акцый сваёй даччынай кампаніі ў страты.
Прайшоў месяц, «Буслік» яшчэ жывы. Што адбываецца з кампаніяй?
Па інфармацыі «Нашай Нівы», Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» адтэрміноўку 4 месяцы. «Буслік» яшчэ троху працягне. Але з нюансамі і разлікам на цуд.
Кампанія напалову скарачае свае плошчы ў Беларусі — пад нож ідуць стратныя ці найменш прыбытковыя крамы разам з персаналам у спробе скараціць свае аперацыйныя выдаткі.
Дагэтуль у «Бусліка» было 40 крам па ўсёй краіне. Зараз добра калі застанецца 20, кажуць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Асноўныя праблемы кампаніі, па словах былых супрацоўнікаў «Бусліка», якія пагаварылі з «Нашай Нівай», пачаліся год таму — пасля прыняцця сумнавядомага Указа №713 аб абмежаванні нацэнак на тавары.
Запасу трываласці «Бусліку» хапіла, каб працягнуць год.
«Калі палякі куплялі «Буслік» у 2018-м, яны куплялі лідара рынку, у які да іх інвеставаў ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця). Усё ішло добра, але нядоўга: абвал рубля, вайна, 713-ты ўказ.
Калі CDRL яшчэ неяк пагадзілася застацца ў Беларусі пасля пачатку вайны, змірыўшыся і з рэпутацыйнымі рызыкамі, і з падзеннем прыбыткаў на фоне курсавых розніц, то 713-ты ўказ робіць далейшую прысутнасць практычна немэтазгоднай.
Ты не можаш прадаваць выгадна. А нівеляваць падзенне выручкі колькасцю прададзенага таксама не можаш, таму што, каб пашырацца, патрэбна інвеставаць. А які дурань будзе сёння на іх месцы інвеставаць у Беларусь? Яны лепш у яшчэ адзін заводзік у Польшчы ўкладуцца, чым засунуць грошы ў Беларусь», — сказаў нам былы супрацоўнік «Бусліка».
Суразмоўцы звяртаюць увагу, што, нягледзячы на часовую палёгку, кампанія знаходзіцца, кажучы альпінісцкай тэрміналогіяй, у «зоне смерці».
«Гэта як у гарах, дзе ёсць вышыня, пасля якой адаптацыя ўжо немагчымая, і арганізм у кожным разе загіне, але колькі пратрымаецца — залежыць ад рэсурсу.
Сёння многія бізнэсы ў «зоне смерці», і на гадавіну прыняцця 713-га ўказа мы пахавалі «Востраў чысціні» і, вось, «Буслік». І многіх яшчэ пахаваем, бо сітуацыя ва ўсіх тых, хто фарміруе цану ў Беларусі, аднолькавая.
Як я разумею, кіраўніцтва кампаніі спадзяецца, што іхняга рэсурсу хопіць дажыць да адмены ці, у нейкай форме, змены 713-га ўказа. І ўдаўка паслабее, ізноў пойдуць грошы».
«На цуд спадзяюцца ўсе, але ўсур'ёз ніхто яго ў бізнэс-планы не закладае», — кажа іншы суразмоўца «Нашай Нівы».
Рэальнасць у тым, што са смерцю «Бусліка» для спажыўца мала што зменіцца, проста яго месца канчаткова зоймуць рускія. Сітуацыю заўважаць толькі клеркі, праз якіх праходзяць лічбы падатковых паступленняў. Таму што
«Дзіцячы свет» і «Вайлдберыз», якія працуюць у той жа нішы, фарміруюць і пакідаюць прыбыткі не ў Беларусі — у адрозненне ад «Бусліка». З 713-м указам атрымліваецца, што свае павыміраюць, а манаполія ў частцы рытэйлу, як мінімум дзіцячых тавараў у Беларусі, узнікне ў рускіх», — дадаў наш суразмоўца.
Апытаны «Нашай Нівай» супрацоўнік банкаўскага сектара патлумачыў розніцу мадэляў «Бусліка» і асноўных канкурэнтаў — расійскага «Дзіцячага свету» і «Вайлдберыз».
«Трэба разумець увесь ланцужок. Расіяне маюць магчымасць фарміраваць цану на сваіх матчыных кампаніях у Расіі, дзе няма абмежаванняў, а потым пастаўляць тавары сваім дочкам у Беларусь, дзе прадаюць тавар ужо з дазволенай нацэнкай. Трэба разумець, што яны зарабляюць не на гэтай нацэнцы, а на разліку паміж сваімі кампаніямі.
А нават калі нашы органы возьмуць і задумаюцца, каму яны тут расчышчаюць дарогу і як так атрымліваецца, што рускія рубяць бабло ў абыход 713-га ўказа, то выявіцца рэч яшчэ цікавейшая — што цану тыя сфарміравалі і пакінулі яшчэ на сваіх пракладках у Кітаі, з якіх адгружаюць сабе ў Расію, а потым у Беларусь.
І наколькі прыбытковай у лічбах будзе іх беларуская дачка, па сутнасці, іх хвалюе менш за ўсё.
Але фармальна ўсё выглядае класна: і «Дзіцячы свет», і «Вайлдберыз» — узорныя выканаўцы ўказаў Саўміна, і абіваць ганкі адміністрацый, пісаць лісты, прасіць памяняць заканадаўства, як цяпер гэта робіць Місячэнка (Сяргей Місячэнка — стваральнік і кіраўнік «Бусліка», якому належыць 10% акцый. — НН) яны не будуць», — сказаў нам адзін з беларускіх банкіраў.
Чаму б такімі ж схемамі не займацца і «Бусліку»? Нашы суразмоўцы лічаць, што гэта нерэальна.
«Не ўсё, што прадаецца ў «Бусліку», прадаюць палякі. Яны разглядалі сваю беларускую інвестыцыю як канал продажу ўласнага брэнду дзіцячага адзення і абутку Coccodrillo. Але «Буслік» прадае не толькі гэта. Добра, калі доля непасрэдна польскіх тавараў у наменклатуры сеткі сягала 15%. Цяпер пастаўляць свае тавары палякі ўвогуле адмовіліся.
Іншыя тавары закупляюцца ў іншых пастаўшчыкоў, і пра гэтыя цэны ў «Бусліка» пытаюцца органы, бо з яе яны робяць нацэнку», — кажа суразмоўцы.
На думку былога супрацоўніка «Бусліка», «у CDRL вялікі бізнэс. Чым ствараць мутныя схемы праз Расію і Кітай, ім прасцей забыць пра беларускую гісторыю і спісаць яе. Што яны і зрабілі, уласна».
Чаму Альфа-Банк пайшоў на саступкі «Бусліку» і што з гэтага атрымлівае, невядома.
На момант выстаўлення патрабавання 10-дзённага пагашэння крэдыту ў мінскіх бізнэс-колах меркавалі, што Альфа-Банк, карыстаючыся тэрмінальнай стадыяй кліента, вырашыў згуляць сваю гульню і перапрадаць «Дзіцячаму свету» свайго даўжніка даражэй, не дапусціўшы прамога выкупу расіянамі.
Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас капейкай праз Патрэон па спасылцы ніжэй.
Чытайце таксама:
Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Верабей трапіў у прыцэл сілавых структур
«Знялі з яго няслаба». Банкруцтва пагражае «Востраву чысціні»