Атака Бондаравай на тарты для дарослых правалілася
Ленінскі РАУС Гродна праверыў акаўнт з тартамі, у якіх інфаказачка бачыла «прапаганду ЛГБТ», але ніякага правапарушэння не выявіў.
03.12.2023 / 18:58
Адзін з тартоў для дарослых. Фота: інстаграм sladkiy_grodno
На вынікі разгляду свайго даносу Вольга Бондарава паскардзілася ва ўласным тэлеграм-канале. Пра гэта распавядае выданне Hrodna.life.
«Вось і цяпер намеснік начальніка АУС У. С. Вербаль чакана не здзівіў адпіскай аб тым, як у АУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна «не выяўлена» фактаў правапарушэння, якое адносіцца да кампетэнцыі АУС, у вырабах, што рэалізуюцца піражэншчыцай Красько А. Л. 1995 г. н. МАРГ, значыць, выявіў, а АУС няма. Так і запішам: куды Міністэрству да цэлага райаддзела аблцэнтра?» — пакрыўдзілася інфаказачка.
Торт у форме пеніса, які не спадабаўся Бондаравай. Фота: інстаграм sladkiy_grodno
Тарты з аголенымі людзьмі. Фота: інстаграм sladkiy_grodno
Кандытарка рабіла тарты ў выглядзе мужчынскага пеніса і жартоўныя выявы аголеных людзей сталага ўзросту на торце. Вольга Бондарава напісала скаргу ў пракуратуру. Але больш за ўсё Бондараву абурыла наяўнасць вясёлкі і аднарога на дзіцячым торце. Яна перакананая, што гэта — «прапаганда ЛГБТ».
28-гадовая кандытарка з Гродна, якая вяла старонку «sladkiy_grodno», была вымушана выдаліць некаторыя допісы пасля нападак прарасійскай актывісткі.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю пасля зваротаў Бондаравай прыйшлі да высновы, што такія тарты — гэта неэтычная інтэрнэт-рэклама.
Чытайце таксама:
Прарасійскія актывісты хочуць увесці рускую мову і ў метро
Бондарава атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры