Прарасійская актывістка Вольга Бондарава ваюе супраць каталікоў — ёй не спадабалася, што ў Віцебскай епархіі вырашылі правесці мерапрыемствы з нагоды 400-годдзя смерці каталіцкага святога Язапата Кунцэвіча, закатаванага ў Віцебску.
Бондарава напісала некалькі пастоў у сваім тэлеграме з гэтай нагоды, а таксама выслала данос упаўнаважанаму па справах рэлігій Аляксандру Румаку.
Але нечакана атрымала ад таго адмову.
«Паведамляем, што пытанні шанавання святых і кананізацыі вядомых гістарычных асоб адносяцца выключна да кампетэнцыі пэўнай канфесіі, у дадзеным выпадку каталіцкай царквы.
Пры гэтым рэлігійныя практыкі розных канфесій заслугоўваюць паважлівага стаўлення, нягледзячы на іх разнастайнасць, супярэчлівасць некаторых гістарычных падзей у іх узаемаадносінах, наяўныя адрозненні ў поглядах вернікаў-грамадзян.
У сувязі з гэтым просім не атаясамліваць учынкі асобных святароў з дзейнасцю ўсёй канфесіі, не дапускаць праяў рэлігійнай выключнасці, непаважлівага стаўлення да рэлігійных пачуццяў вернікаў іншых канфесій, каб пазбегнуць парушэння міжканфесійнага міру і згоды ў беларускім грамадстве».
Бондараву такі адказ не супакоіў. Яна адразу напісала яшчэ адзін ліст.
Адказ быў яшчэ больш лаканічным. «Адносна «адказу не па сутнасці і пастаноўкі пытання «аб недапушчэнні правядзення конкурсу і мерапрыемстваў па праслаўленні І. Кунцэвіча» інфармуем, што ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 8 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях «дзяржава не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі», — гаворыцца ў лісце за подпісам Румака.
Язапат (Іасафат) Кунцэвіч — вялікалітоўскі царкоўны і палітычны дзеяч, прылічаны да святых каталіцкай царквой (1580—1623). Быў прыхільнікам уз'яднання хрысціян розных канфесій, дабіваўся гэтага характэрнымі для таго часу гвалтоўнымі метадамі. Быў забіты ў Віцебску праваслаўнымі актывістамі, а яго цела кінулі ў Дзвіну. Каталіцкая царква абвясціла Кунцэвіча пакутнікам, а ў 1867 годзе ён быў прылічаны да святых.
Каментары