Памерла малодшая сястра Фідэля і Рауля Кастра. Яна пакінула Кубу 60 гадоў таму
Малодшая сястра былых лідараў Кубы Фідэля і Рауля Кастра Хуаніта памерла ва ўзросце 90 гадоў у Маямі. Хуаніта Кастра з сярэдзіны 60-х гадоў жыла ў ЗША, дзе змагалася за звяржэнне сваіх братоў і змену кубінскага рэжыму, піша Бі-бі-сі.
05.12.2023 / 07:34
Хуаніта Кастра. Фота з Вікіпедыі
«Сёння памерла Хуаніта Кастра, выключная жанчына і нястомны змагар за справу Кубы, якую яна так любіла», — напісала ў Instagram Марыя Антаньета Колінз, суаўтар аўтабіяграфіі Кастра.
Хуаніта Кастра пакінула Кубу ў 1964 годзе, праз год пасля смерці маці, з-за рознагалоссяў з братамі пасля Кубінскай рэвалюцыі 1959 года. Яна пасялілася ў Маямі, дзе да 2007 года кіравала працай аптэкі.
Хуаніта Кастра актыўна дапамагала праціўнікам кубінскага рэжыму і нават супрацоўнічала з ЦРУ.
Як яна сама распавяла ў сваіх мемуарах, яна расчаравалася ў братах з-за таго, што тыя, па яе словах, здрадзілі дэмакратычным прынцыпам, а таксама з-за забойстваў іх палітычных праціўнікаў.
Пасля рэвалюцыі яна дапамагала і хавала кубінскіх дысідэнтаў да 1964 года, пасля чаго ўрэшце сама пакінула востраў.
У сваіх мемуарах пад загалоўкам: «Фідэль і Рауль, мае браты, сакрэтная гісторыя», Кастра сцвярджае, што яна была завербаваная ЦРУ ў Гаване праз два гады пасля рэвалюцыі 1959 года, якая прывяла да ўлады Фідэля.
Пад кодавым імем Дона яна тры гады займалася зборам сакрэтнай інфармацыі для ЗША ў спробах зрынуць кубінскі ўрад.
Хуаніта Кастра пісала ў мемуарах, што ёй было няпроста знайсці сваё месца ў эмігранцкай супольнасці ў ЗША і сумяшчаць дзве ролі — сястры Фідэля і Рауля і суперніцы рэжыму ў выгнанні.
«Па-за ўсякім сумневам мне было складаней, чым многім іншым якія з'ехалі. Мала хто разумее парадокс майго жыцця, — пісала яна.
«Для тых, хто на Кубе, я дэзерцір, бо я з'ехала і асудзіла дзейны рэжым. А для многіх у Маямі я — «персона нон грата», бо я сястра Фідэля і Рауля».
Яе старэйшы брат Фідэль памёр ва ўзросце 90 гадоў у 2016 годзе ў Гаване. На пахаванне Хуаніта не паехала.
Раулю Кастра цяпер 92 гады, ён працягвае жыць на Кубе.
Чытайце таксама: