У Беларусі зʼявілася яшчэ адна сетка крам нізкіх цэн

У розных гарадах Беларусі ўжо працуе 29 крам нізкіх цэн «Разумны выбар». Сетку развівае кампанія «Лібрэцік», якая зʼяўляецца аператарам «Суседзяў», звярнуў увагу OfficeLife.

07.12.2023 / 16:06

Рытэйлер адкрыў 29 крам «Разумны выбар». Фота: сайт гандлёвай сеткі

Рытэйлер адкрыў 29 крам «Разумны выбар» па Беларусі. З іх сем — у Мінску, пяць — у Баранавічах, тры — у Оршы, па дзве — у Віцебску, Гомелі, Жлобіне і Бабруйску, па адной — у Слуцку, Чэрвені, Лідзе, Ляхавічах, Ельску і Барані. 

Як правіла, гэта невялікія крамы фармату «каля дома». У гандлёвых пунктах можна набыць «сотні тавараў штодзённага попыту — мясную і малочную прадукцыю, свежы хлеб, гародніну, бакалею і кансервацыю», гаворыцца ў рэкламных матэрыялах.

«Разумны выбар» — гэта адна з першых уласных гандлёвых марак, пад якой сталі прадаваць прадукцыю ў супермаркетах «Суседзі».

Фармат крам нізкіх цэн у Беларусі развіваюць расійскія рэтэйлеры «Светофор» і «Доброцен». У гэтай нішы працуюць і беларускія аператары. «Еўрагандаль» стварае дыскаўнтары «Грошык» і «Хіт!», «Дабраном» — «Капеечку», «Белкаапсаюз» — «Мегаопт» і «Пра запас».

Крамы нізкіх цэн сталі расці на фоне зніжэння плацежаздольнасці насельніцтва.

Чытайце таксама:

У Беларусь прыходзіць яшчэ адна расійская парфумерна-касметычная сетка крам

Атака Бондаравай на тарты для дарослых правалілася

МАРГ патрабуе ад дыскаўнтараў павялічыць асартымент беларускіх тавараў

Nashaniva.com