Лукашэнка прыляцеў у Экватарыяльную Гвінею
Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што самалёт з Аляксандрам Лукашэнкам на борце прызямліўся ў аэрапорце горада Малабо — сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі.
09.12.2023 / 16:56
У аэрапорце Лукашэнку сустрэў віцэ-прэзідэнт гэтай невялікай афрыканскай краіны Тэадора Нгема Абіанг Манге, сын нязменнага з 1979 года прэзідэнта гэтай краіны Тэадора Нгема Абіянга Мбасога, які некалькі месяцаў таму быў з візітам у Беларусі.
Прыём Лукашэнкі, як нярэдка вядзецца ў такіх краінах, быў пышны, з песнямі і скокамі, мясцовыя жыхары дэманстравалі перад камерамі вялікі энтузіязм.
Варта адзначыць, што афіцыйная прапаганда наганяе значнасці гэтаму візіту штучнай інтрыгай, якая вакол яго стваралася. Зранку стала вядома, што Лукашэнка паляцеў некуды ў Афрыку, але да апошняга не казалася куды.
Увогуле і чыноўнікі рознага рангу, і прапагандысты настойліва прасоўваюць думку, што кантакты з афрыканскімі краінамі вельмі выгадныя і могуць паспяхова замяніць страчаныя з-за санкцый заходнія рынкі. Таму і кожны палітычны кантакт з краінамі гэтага кантыненту падносіцца як прарыўны і лёсавызначальны. На самай жа справе ўсё не так проста, бо публічныя абдымкі Лукашэнкі з афрыканскімі аўтарытарнымі кіраўнікамі звычайна маюць дастаткова сціплыя эканамічныя наступствы.
Так, у верасні гэтага года на нарадзе, прысвечанай развіццю гандлю з афрыканскімі краінамі, прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка звярнуў увагу на шэраг праблем, якія назіраюцца ў гэтай сферы, прычым адны з асноўных — зніжэнне беларускага экспарту ў рэгіён і адсутнасць новых выгадных праектаў.
Як заявіў Галоўчанка, добрыя адносіны з кіраўніцтвам некаторых краін кантынента, а таксама палітычныя кантакты на найвышэйшым узроўні пакуль не далі канкрэтных вынікаў у выглядзе новых і паспяховых гандлёва-эканамічных праектаў.
Больш за тое — кіраўнік урада паведаміў нават пра негатыўны трэнд у гандлі Беларусі з афрыканскімі краінамі:
экспарт айчынных тавараў у гэтым кірунку ў 2022 годзе склаў усяго толькі крыху больш за 200 млн даляраў, прычым цяпер дэманструе некаторую тэндэнцыю да зніжэння, што, паводле яго слоў, «асабліва трывожна».
Чытайце таксама:
У складзе дэлегацыі на саміт у ААЭ лётала сяброўка Колі Лукашэнкі? — Motolkohelp
«Вельмі прасіў пра сустрэчу». Чаму Лукашэнка раптоўна сарваўся ў Кітай