Хутка выбары ў Каардынацыйную раду. А ведаеце, колькі там зарабляюць?
Адказ на пытанне здзівіць многіх, бо нажыцца ў арганізацыі не ўдасца.
21.12.2023 / 18:15
Кіроўны апарат Каардынацыйнай рады. У сярэдзіне Андрэй Ягораў. Фота: інстаграм КР
Выбары новага складу Каардынацыйнай рады плануюцца ў сакавіку 2024 года. У структуры будзе 120 дэлегатаў. Іх праца не аплачваецца.
«Сябры Каардынацыйнай рады не маюць заробку. Ні я, ні віцэ-спікерка, ні сакратар, — тлумачыць «Нашай Ніве» яе спікер Андрэй Ягораў. — Заробак маюць толькі супрацоўнікі сакратарыяту і медыякаманды Каардынацыйнай рады».
Андрэй Ягораў кажа, што зарабляе грошы на жыццё іншым — экспертныя кантракты, палітычная аналітыка, даследаванні.
«Людзі ідуць у Каардынацыйную раду, бо матываныя змяняць палітычную сітуацыю самі, а не проста чакаць, што гэта хтосьці зробіць за іх, — разважае Ягораў. — КР можа стаць сапраўдным протапарламентам, і людзі бачаць важнасць існавання такой гарызантальнай пляцоўкі ў дэмакратычным руху».
Агульны бюджэт Каардынацыйнай рады складае некалькі тысяч еўра на месяц. У гэтую лічбу ўваходзяць выдаткі на медыякаманду і адміністраванне.
Адзін з сяброў Каардынацыйнай рады, які пажадаў застацца ананімным, адзначае, што праца ў ёй перадусім іміджавая.
«Шмат для каго гэта магчымасць атрымаць доступ да замежных партнёраў, увагу з МЗСаў замежных дзяржаваў, дэпутатаў нацыянальных парламентаў і Еўрапарламенту», — тлумачыць ён.
Па яго словах, для дэлегатаў ёсць і мінусы. Яны трапляюць пад увагу спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі, што прыводзіць да праблем на радзіме.
У лістападзе ў многіх сяброў Каардынацыйнай рады адбыліся вобшукі па месце іх рэгістрацыі ў Беларусі. Следчы камітэт заявіў, што па так званай «справе Каардынацыйнай рады» падазраванымі праходзяць больш за 100 чалавек.
Паўнамоцтвы дзейнага складу Каардынацыйнай рады сканчаюцца 8 лютага 2024 года. Бліжэй да гэтай даты і будзе канчаткова прынята рашэнне альбо аб працягу працы цяперашняга склікання, альбо аб яе прыпыненні да фармавання новага складу КР.
Каардынацыйная рада была створана ў 2020 годзе для арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Глядзіце таксама:
Ператрус адбыўся ў сяброўкі Каардынацыйнай рады Розы Турарбекавай
Дзеячы культуры падвялі вынікі года і далі прагнозы — вельмі супярэчлівыя
У новы пакет еўрапейскіх санкцый трапілі 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Раней казалі пра 11
Еўрасаюз выдзеліць 5 мільёнаў еўра на падтрымку беларускай культуры