Каардынацыйная рада рашае, як правесці свае выбары. Ёсць сем канцэпцый
Пра будучыя выбары ў Каардынацыйную раду «Нашай Ніве» расказаў кіраўнік працоўнай групы па выбарах Павел Патапаў.
Што за 7 канцэпцый
Паводле Паўла Патапава, на разгляд рабочай групы па выбарах прадстаўлены 7 канцэпцый, распрацаваных рознымі аўтарамі:
«Некаторыя аўтары — гэта прадстаўнікі фракцый КР. Але ёсць канцэпцыі, прадстаўленыя аўтаномна. І гэта не азначае, што яны маюць меншую падтрымку. Так, прапановы ад «пазафракцыйнага» Дзмітрыя Крука падчас унутранага апытання сярод дэлегатаў Каардынацый рады трапілі ў топ-2 прымальных выбарчых сістэм».
Павел Патапаў адзначае некалькі опцый, паводле якіх канцэпцыі істотна адрозніваюцца паміж сабой: частка з іх прадугледжвае цалкам выбарны склад КР, частка падтрымлівае прынцып дэлегавання (ад траціны да ўсіх) кандыдатаў ад розных грамадскіх структур. Прыкладам, канцэпцыя, прапанаваная Лізаветай Пракопчык, палягае ў тым, што палова кандыдатаў будзе дэлегаваная ад структур грамадзянскай супольнасці.
Але зусім не абавязкова, што ў склад Каардынацыйнай рады трапяць усе прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый, якіх дэлегавалі грамадскія ўтварэнне: мае быць або конкурсны адбор, або дадатковае галасаванне, дадае Павел Патапаў.
Юрась Губарэвіч прапануе правесці выбары па партыйных спісах. Раман Кісляк мяркуе, што без галасавання ў склад рады варта ўключыць 8 палітзняволеных — дзейных сябраў КР. Андрэй Курэйчык выступае за тое, каб выбаршчыкі галасавалі за канкрэтных персон і не было ні дэлегавання, ні партыйных спісаў.
«Кожная канцэпцыя грае на карысць пэўнай аўдыторыі, але трэба імкнуцца пабудаваць справядлівую сістэму, якая нікому не дае прэферэнцый», — кажа кіраўнік працоўнай групы па выбарах.
Калі самі выбары?
Павел Патапаў мяркуе, што працэс распрацоўкі аўтарскіх канцэпцый завершаны — больш няма ахвотных прэзентаваць сваё бачанне фармавання КР. Больш падрабязна пазнаёміцца з наяўнымі прапановамі можна на ютуб-канале Каардынацыйнай рады: відэапрэзентацыі канцэпцый адбыліся 31 кастрычніка і 1 лістапада.
«Мы прыйшлі да таго, што можам выбраць канцэпцыю з гэтага пераліку хоць цяпер — для гэтага існуе фармат рэйтынгавага галасавання. Але ў нас ёсць ідэя зрабіць агульную грамадскую кампанію — далучыць да працэсу іншых дэмакратычных актараў, партыі і грамадскія арганізацыі, у якіх ёсць свае меркаванні пра тое, як мусяць праходзіць выбары. Таму зараз ствараецца аргкамітэт, які, магчыма, распрацуе ўласную канцэпцыю. У яго, хутчэй за ўсё, на першым этапе увойдуць прадстаўнікі КР, Аб'яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і каардынацыйнай групы партый. Але мы бачым арганізацыйны камітэт больш шырокім і інклюзіўным, з магчымасцю далучыцца самым розным суб’ектам», — гаворыць кіраўнік рабочай групы па выбарах у КР.
Вынікам працы аргкамітэта па фармаванні новага складу рады мусіць стаць такая канцэпцыя, якая будзе задавальняць усіх ці будзе кампраміснай.
«Якраз цяпер наша працоўная група займаецца тым, каб максімальна зблізіць прэзентаваныя канцэпцыі, — каб іх стала менш. Калі ж кардынальнага збліжэння не атрымаецца, мы складзем шорт-ліст, абраўшы фіналістаў, дадамо канцэпцыю аргкамітэта і правядзем галасаванне. Але гэта не канчатковая прапанова, яна ў працэсе абмеркавання», — падзяліўся сваім бачаннем праблемы Павел Патапаў.
Паводле ягоных словаў, выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца прыблізна у пачатку сакавіка, а механізм галасавання будзе залежаць ад таго, якая канцэпцыя фармавання рады будзе прынята. Галасаванне, найхутчэй, пройдзе анлайн з выкарыстаннем платформы «Новая Беларусь». Арганізатары спадзяюцца, што ўдзел у ім возьмуць 100 тысяч чалавек.
Чытайце таксама:
Трыа Сахашчык, Пракоп'еў і Ягораў паехала ў турнэ. Пра што гавораць на сустрэчах з беларусамі
Каментары