Асуджанаму на 15 гадоў Ігару Лосіку прыйшла позва ад баранавіцкіх чыноўнікаў

Палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Лосіка, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца ў няволі і цяпер утрымліваецца ў Наваполацкай калоніі, тэрмінова выклікаюць у аддзел прымусовага выканання Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, даведалася «Радыё Свабода».

26.12.2023 / 21:26

Ігар Лосік

26 снежня на імя Ігара Лосіка прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчай вытворчасці».

У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «бяз важкай прычыны» Ігара Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 25.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях», пазначана ў позве.

Асадкай унізе аркуша напісана: «Звяжыцеся тэрмінова з судовым выканаўцам».

З позвы вынікае, што ў аддзеле прымусовага выканання Баранавіцкага раёна і Баранавічаў не ведаюць, што Лосік ужо 3,5 года знаходзіцца за кратамі.

Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021 года Гомельскі абласны суд прызначыў яму 15 гадоў калоніі. Пакаранне Ігар адбывае ў Наваполацкай калоніі № 1, з 20 лютага 2022 года сувязі з ім няма. Паводле інфармацыі дасведчанай крыніцы, ён ужо больш за 6 месяцаў знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.

18 кастрычніка 2022 года затрымалі жонку Ігара Дар’ю Лосік, у студзені 2023 года яе асудзілі на 2 гады за каментар тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Дар’я адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі № 4.

У Ігара і Дашы Лосікаў ёсць чатырохгадовая дачка Паўліна, апеку над якой аформілі бацькі Дар’і. Ад дзяржаўнай дапамогі на дзіця яны адмовіліся, гадуюць і выхоўваюць унучку разам з бацькамі Ігара.

Гэта ўжо не першая позва, якая прыходзіць на імя Ігара Лосіка з суда і аддзела прымусовага выканання Баранавіцкага раёна.

Чытайце таксама:

Праваабаронцы назвалі лічбу затрыманых пасля вяртання з-за мяжы

Беларускіх палітвязняў чамусьці пераводзяць у іншыя калоніі

Магілёўцу Аляксандру Кулікову, які паверыў сілавікам і вярнуўся з Польшчы, дадалі яшчэ 1,5 года зняволення

Nashaniva.com