«Як сапраўдны цуд на Каляды». Сям’я атрымала паштоўку ад Паліны Шарэнды-Панасюк

Радаснай навіною падзяліўся ў фэйсбуку муж берасцейскай актывісткі Андрэй Шарэнда. «Як сапраўдны цуд на Каляды прабілася паштоўка ад Паліны», — напісаў ён.

28.12.2023 / 13:48

«Мае любыя Славамір і Стах! Гэта мама, якая гвалтоўна знікла з вашага жыцця тры гады таму. Стала туманнаю плямаю, як піша хто-ніхто. Але вы ўвесь час перад маімі вачыма, на рэдкіх фота, якія прарываюцца да мяне праз усе перашкоды. Бачу, як вы выраслі. Кожны дзень гляджу на вашыя здымкі і мару ўбачыць увачавідкі, абняць, прытуліць. Хлопцы! Я віншую тату і вас з Раством! Сустрэньце яго годна!

Добра адпачыць на вакацыях! Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!

Мама, XII. 2023», — гаворыцца ў віншавальнай паштоўцы.

Берасцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года і асудзілі на два з паловай гады калоніі. Але летам 2022 года на волю яна не выйшла. Спачатку ёй далі год па артыкуле 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Сёлета жанчыну зноў не вызвалілі, а далі яшчэ год па тым жа артыкуле.

У 2023 годзе Паліна Шарэнда-Панасюк стала пераможцай праваабарончай прэміі ў намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года».

Nashaniva.com