Чаму Украіна не атакавала Беларусь у адказ на запускі ракет і навошта «аддае належнае» Лукашэнку
У інтэрв'ю «Люстэрку» былая намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр пракаментавала адносіны іх краіны з Беларуссю.
31.12.2023 / 13:22
Былая намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр. Фота: старонка Маляр у Facebook
Маляр патлумачыла, чаму ў адказ на запускі расійскіх ракет з тэрыторыі Беларусі Украіна не атакавала нашай краіны.
«З 2014 года Украіна дэманструе прытрымліванне правілаў і звычаяў вайны, у адрозненне ад Расіі.
Мы не цэлімся на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Украіна ажыццяўляе ўдары па нашых часова акупаваных тэрыторыях і вайсковых аб’ектах на тэрыторыі ворага.
Цяпер гаворкі пра гэта не ідзе. Тут тонкае пытанне, у якім статусе знаходзіцца ваша краіна ў гэтай вайне. Непасрэдна войскі Беларусі не ваююць. Але ці ўдзельніца яна таго, што адбываецца? Я выказваю свой асабісты прафесійны пункт гледжання як юрыст. Я лічу, што Беларусь стала датычнай да вайны з таго моманту, як свядома дала сваю тэрыторыю для запуску ракет. У крымінальным праве ёсць такое паняцце, як суўдзел. Украіна як дзяржава гэтага пытання не ставіць, мы цяпер не гаворым пра афіцыйную пазіцыю, толькі прыватную — з юрыдычнага пункта гледжання».
Былая намесніца міністра абароны кажа, што ні разу не чула, каб украінскім войскам абмяркоўваліся варыянты атакі па тэрыторыі Беларусі.
«Вы мусіце разумець, што ваенная інфармацыя ў нас закрытая. Ёсць аперацыі, пра якія можа ведаць усяго некалькі чалавек. Але ні разу нават жартаў такіх не было».
Маляр пракаментавала таксама словы кіраўніка ГУР Кірылы Буданава і кіраўніка фракцыі «Слуга народа» Давіда Арахаміі пра тое, што Лукашэнка не дапусціў уварвання беларускага войска ва Украіну, «трымае слова» і «трэба аддаць яму належнае».
«Сапраўды, беларускія войскі не ўдзельнічаюць цяпер у вайне, выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі. Наколькі мне вядома, беларусы і самі не хочуць удзельнічаць у гэтым. Мы павінныя аддаць належнае народу і мы не павінны сваімі дзеяннямі зрабіць для яго горш, бо гэта даволі смелая пазіцыя — беларусы жывуць у дыктатарскай краіне.
Таму заявы наконт беларускага народа абсалютна аб’ектыўныя. Што да беларускай улады, вы мусіце разумець, што фармуецца пэўная знешняя палітыка Украіны ў дачыненні да тых ці іншых дзяржаваў. Не Мінабароны гэтую палітыку вызначае, а прэзідэнт, яго Офіс і МЗС. Як яны вырашаюць, так гэтая палітыка і вядзецца».
Яна мяркуе, што ўкраінскія ўлады спрабуюць пакінуць Беларусі люфт на выбар у сваіх дзеяннях.
Чытайце таксама:
Буданаў заклікаў «аддаць належнае» Лукашэнку
Жонку кіраўніка ГУР Украіны Буданава атруцілі цяжкімі металамі
Зяленскі расказаў пра паўмільённую мабілізацыю і адносіны з Залужным