Бахарэвіч пра сваю перамогу ў апытанні наконт кнігі года: Знайшлося некалькі чалавек, якія сапраўды цікавяцца літаратурай і ставяць яе вышэй за ўласныя крыўды
Альгерд Бахарэвіч — адзін з самых паспяховых беларускіх літаратараў. Ягоныя кнігі выдаюцца і перавыдаюцца, перакладаюцца на іншыя мовы, паводле іх ставяцца спектаклі. Але ў Беларусі яны забароненыя.
02.01.2024 / 14:00
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай
«Радыё Свабода» пагутарыла з ім пра прызнанне, цэнзуру і самацэнзуру і навінкі году з ягонага пісьменніцкага стала.
«Літаратура — складаны, тонкі занятак, які не цярпіць дылетанцтва і прафанацыі»
— Ваша кніга «Ператрус у музеі» разам з кнігай Ганны Янкуты «Час пустазелля» набрала найбольшую колькасць галасоў экспертаў «Радыё Свабода». Што для вас азначае гэтае прызнанне?
— Ананімныя крытыкі маюць права крытыкаваць толькі ананімныя творы. Як і ананімныя эксперты могуць выказваць сваю думку толькі пра тыя кнігі, аўтары якіх пажадалі застацца невядомымі. А інакш аўтар нават слабой кніжкі маральна вышэйшы за любога баязлівага ананіма. Мая кніга «Ператрус у музеі» падпісаная маім імем. Я не баюся ставіць яго на вокладку і бяру поўную адказнасць за тое, што напісаў.
Апошнія гады тры мае кнігі перамагалі ў апытанні «Радыё Свабода», але я не стаўлюся да гэтага як да нейкага трыумфу. Для мяне гэта значыць толькі адно: на шчасце, гэтым разам зноў знайшлося некалькі чалавек, якія сапраўды цікавяцца літаратурай і ставяць яе вышэй за ўласныя крыўды. Я моцна сумняваюся, што да «экспертаў» у Беларусі даходзіць штосьці з навінак беларускага кнігавыдання ў экзылі і што яны наагул уяўляюць, пра што гаворка. А яшчэ я кожнага разу дзіўлюся набору выпадковых «экспертаў». Літаратура — складаны, тонкі занятак, які не цярпіць дылетанцтва і прафанацыі і патрабуе як мінімум знаёмства з прадметам экспертызы. А яшчэ гэта вельмі небяспечны занятак. Прынамсі, значна больш небяспечны, чым быць чытачом Х. Пры ўсім гэтым я вельмі рады за Ганну Янкуту. Яе кніга — вялікая, цікавая, арыгінальная праца, якая заслугоўвае прызнання.
«Калі людзі пішуць, што плакалі, чытаючы «Ператрус…» — гэта кранае»
— «Ператрус у музеі», паводле водгукаў, стаў летась адной з самых папулярных кніг сярод чытачоў. Ці пішуць вам яны пра свае ўражанні? Падзяліцеся, калі ласка, самымі, можа быць, нечаканымі для аўтара.
— Сваёй наймацнейшай леташняй кнігай я лічу «Хлопчык і снег». Але чытачы сапраўды аддалі перавагу «Ператрусу ў музеі». Водгукаў на беларускія кнігі наагул выходзіць мала. Сур’ёзных рэцэнзій — яшчэ менш. На «Ператрус у музеі» выйшлі дзве рэцэнзіі ў беларускіх медыя, адна — ва ўкраінскім часопісе «Критика», а яшчэ было яскравае відэа ад Андрэя Хадановіча з падрабязным разборам кнігі.
Што да чытачоў — вядома, яны пісалі пра «Ператрус…» у сацыяльных сетках і не раз дзякавалі мне за яго падчас сустрэч. Што да нечаканасці… Я гатовы да ўсяго, але калі людзі пішуць, што плакалі, чытаючы «Ператрус…», гэта кранае. Або калі адзін з чытачоў падзяліўся сваім успрыманнем кнігі: для яго апавяданні з «Ператрусу…» — гэта сны. Пішучы кнігу, я не задумваўся пра такую яе будучую інтэрпрэтацыю.
«На жаль, на Захадзе практычна не існуе нейкага вобразу беларускай літаратуры»
— Увогуле, вашым чытачам пашчасціла. Яны атрымалі летась ажно чатыры вашы новыя кнігі. У тым ліку і адну ў нямецкім перакладзе. Сёлета выйдзе яшчэ адна па-нямецку. Раскажыце, калі ласка, як сустракаюць вашы кнігі замежныя чытачы і літаратурныя крытыкі. Чым прываблівае іх творчасць беларускага аўтара?
— Так, ужо ў лютым з'явіцца нямецкі пераклад маёй найважнейшай кнігі, «Сабакі Эўропы». Гэтую тытанічную працу зрабіў Томас Вайлер. Раман выйдзе ў выдавецтве Voland&Quist, прэм’ера адбудзецца ў Берліне 22 лютага. Калі я чытаю ўрыўкі з «Сабакаў Эўропы» ў розных краінах і гарадах, дык часта чую: мы не чакалі, што ў Беларусі ёсць такія злосныя, складаныя, амбітныя тэксты.
На жаль, на Захадзе практычна не існуе нейкага вобразу беларускай літаратуры. У лепшым выпадку ад яе чакаюць толькі скаргаў і прымітыўнай публіцыстыкі.
Часцей за ўсё беларуская літаратура выходзіць у перакладах, калі выдаўцы і перакладчыкі хочуць: a) адкрыць чытачам штосьці экзатычнае; b) падтрымаць нас у цяжкія часы; с) яны проста належаць да вузкага кола, якое цікавіцца Ўсходняй Еўропай. Разбурыць гэтую абрыдлую схему мне асабіста было б прыемна, а для беларускай літаратуры — карысна.
«Я дыхаю літаратурай, гэта самая цікавая праца з тых, якія я ведаю»
— Вы не спачывалі на лаўрах, і сёлета мае з'явіцца не адна ваша новая кніга, напісаная летась. Праанансуйце, калі ласка, іх для вашых прыхільнікаў.
— Калі ўсё складзецца як мае быць, сёлета маюць выйсці па-беларуску мой прыгодніцкі раман для чытачоў ад 16 да 99 гадоў «Капітан Лятучая Рыба», невялікі раман «Аўгуры» і перавыданне «Дзяцей Аліндаркі», майго самага паспяховага раману, за мяжой (ён выйшаў у Менску роўна 10 гадоў таму).
— Ваша працаздольнасць уражвае. Што вам дае сілы, што натхняе?
— Я дыхаю літаратурай, гэта самая цікавая праца з тых, якія я ведаю. Большую частку свайго жыцця я займаюся тым, што чытаю і пішу. А яшчэ гэта мой спосаб гаварыць са светам, мой спосаб павольнага самаразбурэння, мой супраціў — і найлепшы спосаб ратаваць сябе ад сусветнай нуды і роспачы. Мы ўсе прыдумляем сябе, і некалі я прыдумаў сябе менавіта так. Мае кнігі выдаюцца на розных мовах, яны прадаюцца, чытаюцца, абмяркоўваюцца, перакладаюцца, ставяцца на сцэне ў розных краінах.
Я і праўда не ведаю, чым бы яшчэ я мог займацца і навошта. Таму я пішу, калі пішацца, а калі не пішу — думаю, чытаю або размаўляю пра літаратуру і тых, хто яе чытае і піша, з Юляй. Я заўсёды маю на гэта час — і дзіўным чынам гэта зрабілася магчымым дзякуючы той самай літаратуры. Побач са мной Юля Цімафеева — жонка, сябар, таленавіты і самы блізкі чалавек, якая мяне разумее, падтрымлівае і з якой мы падарожнічаем па гэтым свеце, як брэменскія музыкі.
«Усе мае кнігі ў Беларусі забароненыя, дзве ў «экстрэмісцкім спісе», нават імя аўтара пад забаронай»
— А што засмучае, што, можа быць, тармозіць вашы лёгкія пісьменніцкія рукі?
— Кожны пісьменнік чакае водгукаў на тое, што робіць. Нават калі кажа, што яму ўсё роўна. Беларускай літаратурнай крытыкі не існуе. Час, у які мы жывём, не прадугледжвае прафесійнай ацэнкі мастацтва. Ужо даўно кожны чытач — сам сабе крытык і эксперт.
Таму, калі ў мяне выходзяць кнігі, я чакаю на іх рэакцыі. Страшна пісаць у пустату, у маўчанне. Але я даўно зразумеў: трэба проста ўмець чакаць. Не ўсе чытаюць па тры кнігі на тыдзень і маюць час адразу напісаць пра іх у сацсетках. Пісьменнікі — людзі надумлівыя…
Засмучае насамрэч шмат што. Усе мае кнігі ў Беларусі забароненыя, яны выкінутыя адусюль і знішчаюцца, дзве з іх у «экстрэмісцкім спісе», нават імя аўтара пад забаронай. Значыць, трэба напісаць новыя кнігі.
Але так, каб у іх не было ні каліва страху, ні кроплі асцярожнасці, ні намёку на самацэнзуру. Разумеючы, што так ты страчваеш сувязь з чытачом у Беларусі, бо тваім кнігам туды ў блізкім часам не трапіць.
«Усё пераменіцца, чуеш? Усё пераменіцца»
— Чаго чакае ад новага году пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і неабыякавы беларус Альгерд Бахарэвіч?
— Пісьменнік чакае выхаду «Сабакаў Эўропы» па-нямецку — разам з чытачамі. Беларус чакае пераменаў і свабоды сваёй краіне.
Пісьменнік кажа чалавеку: ні на што не спадзявайся, я ўжо ўсё напісаў. А чалавек усё роўна верыць не пісьменніку, а шэпту аднекуль са сваіх цёмных глыбіняў: усё пераменіцца, чуеш? Усё пераменіцца.
Чытайце таксама:
Ці загадвае Крэмль забараніць беларускую літаратуру і ці кэнселіць расійскую культуру — дыскусія
Першая гей-анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Што ў ёй?