Днямі прэзентавана першая анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», якая закране чуллівую тэму беларускага гей-пісьменства на працягу апошніх стагоддзяў. «Наша Ніва» пагутарыла з аўтарам кнігі, каб даведацца, як у яе патрапілі Тамаш Зан і Адам Міцкевіч, чаму за расійскім і савецкім часам мы амаль не знаходзім ніякіх згадак пра гомасэксуальнасць у нацыянальнай літаратуры, і хто яшчэ з беларускіх пісьменнікаў мог хаваць сваю арыентацыю.
Гэтая анталогія — першая спроба сабраць пад адной вокладкай беларускае гей-пісьменства, таму на паўнату, як прызнаюцца ўкладальнікі, прэтэндаваць не могуць. Гэты пласт грамадства і культуры ніколі не праяўляўся паўнавартасна і публічна як суб’ект.
Укладальнікам анталогіі стаў Уладзіслаў Гарбацкі, беларускі пісьменнік і перакладчык родам з Віцебска. Менавіта гэты факт, відаць, абумовіў назву анталогіі «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», бо «мальцы» — гэта адно з найбольш вядомых дыялектных віцебскіх слоў, якім абазначаюць хлопцаў. А «выхад з-пад кантролю» — адлюстраванне таго, што сёння адбываецца не толькі ў гомасэксуальнай супольнасці, але і ў цэлым у беларускім грамадстве.
Гэтая ж назва невыпадкова перагукваецца з назвай зборніка жаночага апавядання «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю», выдадзенага ў 2006 годзе ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва».
Анталогія ахоплівае перыяд ад XIX да пачатку XXI стагоддзя. Найбольш раннія тэксты, якія былі ў яе ўключаны, — верш Тамаша Зана (1796-1855) і эпісталярная спадчына філаматаў, у тым ліку ліставанне Адама Міцкевіча (1798-1855) і Яна Чачота (1796-1847).
Тэксты збіраліся з 2019 года, калі быў абвешчаны першы анонс анталогіі. Дзякуючы падтрымцы газеты «Новы Час» і супольнасці MAKEOUT удалося сабраць першы блок тэкстаў. Перапынак быў зроблены ў сувязі з кавідам і палітычнымі падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе. Улетку 2022 года ў Лондане было заснавана беларускае выдавецтва «Скарына», якое паспрыяла аднаўленню збору тэкстаў.
«Адбор адбываўся не спантанна, а навукова: на аснове аналізу шматлікага арыгінальнага (мастацкіх беларускамоўных тэкстаў) і другараднага матэрыялу (літаратурнай крытыкі, агляду) цягам 10 год. Таксама вялася вялікая праца ў архівах (апрацоўка старых газет і часопісаў, бо многія мастацкія тэксты друкаваліся толькі там, а не ў асобных кнігах). Так у архівах мною быў знойдзены аповед Пятра Мятлы за 1928 год.
Часам я раіўся з літаратуразнаўцамі, але іх дапамога была другарадная — асноўны масіў тэкстаў быў выяўлены самастойна. Тут дапамог навуковы падыход і вялікі ўласны чытацкі досвед. Акрамя гэтага збор новых тэкстаў адбываўся праз анонс анталогіі: так тэксты даслалі 7 аўтараў. Праўда, потым некаторыя з іх адклікалі тэксты», — тлумачыць укладальнік.
У прадмове да кнігі адзначаецца, што гомаэратычнасць мужчынскіх універсітэцкіх і таварыскіх колаў была характэрная і для Віленскага ўніверсітэта пачатку XIX стагоддзя. Аўтары не сцвярджаюць, што Зан і Міцкевіч былі гомасэксуаламі, але ўводзяць у беларускі дыскурс дагэтуль непрамоўленыя аспекты жыцця філаматаў, якія мелі негетэрасэксуальны досвед.
«Польскамоўныя тэксты — Т. Зан і А. Міцкевіч — вядомыя мне раней, бо «Ліставанне філаматаў» па-польску вядомае здаўна — больш як сто год таму лісты сабралі і выдалі ў Кракаве. То-бок да выхаду польскай анталогіі «Dezorientacje» (Дэзарыентацыя) я ўжо меў гэтыя тэксты ў скарбонцы».
Што маецца на ўвазе пад «негетэрасэксуальным досведам» Тамаша Зана і Адама Міцкевіча, Уладзіслаў Гарбацкі тлумачыць так:
«Негетэрасэксуальны досвед — любыя практыкі, якія выходзяць за межы гетэрасэксуальнасці. Гэта можа быць бісэксуальны, гомасэксуальны досвед.
У выпадку Тамаша Зана гэта гомаэратычны і выразна гомасэксуальны ўласны досвед у маладосці. Аб чым сведчаць і ягоны верш, і ліст Ходзьку. У выпадку Міцкевіча гэта, хутчэй, фантазіі, пэўная гомаэратычнасць ва ўяўленні мужчынскага сяброўства. Урывак ягонага ліставання — добры прыклад і доказ».
Да 1920-х гадоў укладальнікі анталогіі больш не заўважылі ніякіх праяў гейскасці ў літаратуры. У 1928 годзе ў віленскай беларускай газеце «Сцяг Працы» было надрукавана апавяданне «Дзіўное вяселле», у якім аўтар выявіў, «як мужчына з мужчынам бяруцца шлюбам», а ўрэшце і дзіцё заводзяць. Гэты гамафобны твор высмейваў паланафільскіх беларусаў-перакіньчыкаў. У БССР, нягледзячы на радыкальныя змены ў грамадстве і нават адмену крымінальнага пераследу за «мужаложніцтва» аж да часоў сталінскіх рэпрэсій, ніякіх твораў на гей-тэму не стваралася.
Гей-пісьменства адраджаецца толькі з 1990-х гадоў, калі адбываецца дэмакратызацыя грамадства і дэкрыміналізацыя гомасэксуальнасці. У Адама Глобуса з’яўляліся галоўныя героі-геі, а ў Альгерда Бахарэвіча — развагі пра гомасэксуальнасць. У XXI стагоддзі аўтары ўсё смялей пішуць пра гомасэксуальны досвед.
«У польскай анталогіі няма такога разрыву [амаль на два стагоддзі], як у нашай беларускай — гэтаму ёсць цалкам зразумелыя прычыны. XIX ст. з паўстаннямі і «зачысткай» прадэмакратычнай грамады, высылкай і эміграцыяй — і ўсё ў адсутнасць дзяржаўнасці і антыбеларускасці імперыі ў прынцыпе — не спрыяла развіццю і эмансіпацыі сэксуальных дысідэнтаў. Гвалт імперыі з аднаго боку, і іншыя прыярытэты слабога беларускага руху з другога, адкінулі гэтую тэму, цалкам маргіналізаваўшы яе. Гэта не азначае, што гомасэксуальнасці не існавала ў Беларусі — яна ўсяк хавалася».
Пэўныя падазрэнні ў гомасэксуальнасці ўкладальнік мае да Аляксандра Рыпінскага (1809-1886), беларуска-польскага паэта, які збіраў беларускі фальклор і даследаваў беларускую літаратуру, яму ж прыпісваецца ўвядзенне ў лацінку літары «у нескладовае» — Ŭ.
«Маркеры [якія наводзяць на такія падазрэнні] ёсць, але, безумоўна, яны часта хібныя. Гэта не рацыянальна і не навукова, бо не даведзена дакладна, таму я не спяшаюся з высновамі. Але той факт, што Рыпінскі жыў адзін, часта ў кампаніі іншых мужчын, сяброў, прыяцеляў, выходзіў у свет у суправаджэнні жанчын па дамоўленасці, каб яго ўспрымалі «нармальным», бо выхад у свет часта вымагаў у XIX ст. доказу спеласці, то-бок замужжа, і падобнае дае падставы лічыць яго не зусім і не заўсёды гетэранарматыўным.
Тое, што ў тэкстах ён часам пісаў пра жанчын — нічога не значыць. Мы ведаем, як Шэкспір быў вымушаны гетэрасэксуалізаваць многіх сваіх герояў і гераінь.
Будучыя даследаванні, няма сумневу, раскрыюць новыя цікавыя факты і ўзбагацяць беларускую гей-гісторыю і літаратуру».
Польская гей-анталогія, нягледзячы на ўяўную кансерватыўнасць і рэлігійнасць польскага грамадства, не сустрэла чаканай рэзка адмоўнай рэакцыі, хоць туды былі ўключаны і паказаны з нязвыклага ракурсу амаль міфалагізаваныя культурныя дзеячы — наадварот, польскае грамадства вельмі зацікавілася тэмай.
«Польскае грамадства ўсялякае: і кансерватыўнае, і вельмі ліберальнае. Уладныя эліты так, кансерватыўныя, але значная частка насельніцтва, тым больш у буйных гарадах Польшчы, адкрытае і за сацыяльныя і гендарныя змяненні. Дарэчы, польская літаратура здаўна гэта ілюструе: класікі і класікіні польскай літаратуры былі бі— ці гомасэксуальнымі асобамі, і пры гэтым імі зачытваюцца ў краіне.
Калі з'явілася польская анталогія, то рэакцыя была і станоўчая: кніга разышлася ў хвілю. Другое выданне таксама раскупілася. Навіной для палякаў не стала гомасэксуальнасць Славацкага, Жмыхоўскай, Івашкевіча, Канапніцкай, Пшыбышэўскага, Камарніцкай, Шыманоўскага, Дамброўскай, Дэгнела і іншых. Плюс да гэтага трэба дадаць бісэксуальнасць многіх іншых пісьменнікаў і пісьменніц. Таму анталогія проста падкрэсліла, што было вядома і часта хавалася, замоўчвалася ўладай і Касцёлам».
Што тычыцца выхаду беларускай анталогіі, якая выцягвае з нябыту многія цікавыя тэксты, якія ўзбагачаюць літаратуру, то Уладзіслаў Гарбацкі ў першую чаргу чакае кур'ёзнасці і зацікаўленасці ёю.
«Таксама ведаю, што рэакцыя можа быць і негатыўнай: як з боку афіцыйнай Беларусі, так і многіх беларусаў, якія з'ехалі. Але я гатовы да гэтага. Негатыўная рэакцыя сведчыць толькі аб тым, што беларусы застаюцца кансерватыўнымі і аўтарытарнымі».
Заканадаўчая навела аб пераследзе за «прапаганду нетрадыцыйных адносін», якая была анансавана лукашэнкаўскім рэжымам, на думку ўкладальніка, яшчэ больш маргіналізуе анталогію.
«Аднак тое, што мы ў замежжы і шмат беларусаў і беларусак па-за межамі краіны, спрыяе нам. Бо ва ўмовах дэмакратыі кніга жыве паўнавартасна. Плюс кніга будзе ў электронным фармаце, а таму даступнай для беларусаў Беларусі».
Таксама за агучку анталогіі ўжо ўзяўся праект «Народная аўдыякніга». Аўтары адзначаюць, што беларуская квір-літаратура ўжо робіць свае першыя крокі, гэта цікавая і важная з’ява, якая мусіць аспрэчыць меркаванне, што беларуская літаратура бездапаможная і стэрыльная ў апісанні цялеснасці, сэксуальнасці і інтымнасці.
Першая прэзентацыя першай анталогіі беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» адбылася 7 кастрычніка ў Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Чарговая прэзентацыя ў рамках фестывалю адбудзецца 14 кастрычніка ў віленскім «Павільёнасе» на Завальнай вуліцы, 21 (Pylimo g., 21).
Пасля прэзентацыі адбудзецца дыскусія на тэму гей-пісьменства ў Беларусі, што яно прыўносіць і чаму вучыць. У прэзентацыі возьмуць удзел выдавец Ігар Іваноў і некаторыя аўтары. Прэзентацыю будзе весці ўкладальнік Уладзіслаў Гарбацкі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары