Стала вядома аб смерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Украіны, якую расейцы прымусова вывезлі з-пад Кіева

Грамадзянка Украіны памерла ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Беларусі праз тры месяцы пасля прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласці ў Беларусь.

04.01.2024 / 15:20

Барадзянка Кіеўскай вобласці пасля вызвалення ад акупацыі расейцамі. Красавік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Украінку, якой было 96 гадоў, расейцы прымусова вывезлі ў Беларусь у сакавіку 2022 году з горада Барадзянка Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці.

Як стала вядома «Свабодзе», у Беларусі яе перавезлі ў горад Ветка Гомельскай вобласці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. У чэрвені 2022 году ў выніку сардэчнай недастатковасці яна памерла, і яе пахавалі на могілках у Ветцы. Ва Украіне ў яе застаўся толькі ўнук.

У снежні 2023 году стала вядома аб смерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуявацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасля таго, як цела перадалі ва Украіну ў парадку абмену.

Расейскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласць Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Праваахоўныя органы Украіны па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калабарантаў.

Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласці сталі сімваламі жорсткасці расейскіх вайскоўцаў датычна да цывільнага насельніцтва.

Чытайце таксама:

Кот Жоўцень не перажыў ракетную атаку Расіі па Кіеўскай вобласці

Жылі на памежжы, бацька родам з Украіны. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомелі за «здраду дзяржаве»

Цела забітай пад Кіевам дзяўчынкі, якую амаль два гады шукалі ва Украіне, знаходзілася ў Мазыры

Nashaniva.com