Жылі на памежжы, бацька родам з Украіны. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомелі за «здраду дзяржаве»
Пра затрыманне сям’і Прохаравых стала вядома 28 снежня. Падрабязнасцяў пра іхную справу амаль няма. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх сямейнікаў абвінавачваюць у адным — «здрада дзяржаве». «Радыё Свабода» даведалася, хто гэтыя людзі.
Як стала вядома выданню, Прохаравы жывуць у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна. Яна знаходзіцца ў памежнай зоне, за 15 кіламетраў ад мяжы з Украінай і 17 — ад вёскі Зябраўка, дзе з зімы 2022 года размяшчалася база расійскіх вайскоўцаў. З Зябраўкі з лютага 2022 года рэгулярна выляталі расійскія вайсковыя самалёты і верталёты, адтуль запускалі ракеты па Украіне.
Як паведамілі Свабодзе ў Belpol, старэйшы з гэтай сям'і Прохараў Васіль Васільевіч 1969 года нараджэння, — этнічны ўкраінец. Ён нарадзіўся ў сумнавядомым на ўвесь свет Чарнобылі Кіеўскай вобласці.
Васіль Прохараў часта ездзіў з Беларусі ва Украіну. Паводле стану на 2021 год, на яго не было распачатых крымінальных спраў. Працаваў Васіль у асноўным у сферы будаўніцтва, прарабам і майстрам.
У 2021 годзе выданне «Вестник Кавказа» пісала пра яго як пра пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.
Журналіст сустракаўся з Васілём Прохаравым у Маскве, на Міцінскіх могілках — там пахаваныя 28 першых ліквідатараў, якія загінулі пры аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Васіль там быў разам з сябрам-украінцам, ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Яны ўзгадвалі свайго знаёмага, які загінуў падчас ліквідацыі аварыі і пахаваны ў Маскве.
Пра жонку Васіля, Ларысу, вядома, што яна 1975 года нараджэння, беларуска, нарадзілася ў Грабаўцы Гомельскага раёна. Там жыла і зарэгістраваная. Раней працавала санітаркай у адным з гомельскіх шпіталяў. З 2008 па 2020 год чатыры разы выязджала ва Украіну. Да затрымання не мела крымінальных ці адміністрацыйных спраў.
Іхняя дачка, Настасся, нарадзілася ў 2000 годзе ў Гомелі. Зарэгістраваная ў Грабаўцы, дзе і бацькі. Вядома, што яна некалькі разоў выязджала за мяжу, у тым ліку тройчы ва Украіну, з 2008 па 2019 год. Працуе медыцынскай сястрой.
Сын Прохаравых 1996 года нараджэння. З 2007 па 2019 год 7 разоў быў за мяжой — ва Украіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсце.
Жыхара вёскі, якая была пад расійскім кантролем, пасадзілі за «здраду дзяржаве»
У студзені 2023 года жыхару вёскі Зябраўка Яўгену Глушкову прысудзілі 9 гадоў нібыта за «здраду дзяржаве». Рашэнне прыняў Гомельскі абласны суд на закрытым працэсе. Хлопца вінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Працэс пачаўся 3 студзеня.
У ноч з 10 на 11 жніўня 2022 года на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт — падарвалі расійскі шматцэлевы радар кіравання агнём. Падчас праверкі мясцовых жыхароў у Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрома, які ён рабіў з дрона, а таксама кантакты грамадзян Украіны. Пасля службы Глушкоў пэўны час жыў там. Ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі.
Не першыя людзі, звязаныя з Украінай і затрыманыя органамі
Рэжым Лукашэнкі пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ва Украіне з асаблівай пільнасцю ставяцца да грамадзян Украіны ці этнічных украінцаў. У ліпені 2023 года ў Мазыры «знікла» жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка. Родным удалося высветліць толькі тое, што яе затрымалі «па лініі КДБ». Што з ёю цяпер — невядома.
На пачатку ліпеня 2023 года з гомельскага ІЧУ вызвалілі двух украінцаў, затрыманых у траўні па дарозе дадому, у Луганскую вобласць. Іх пратрымалі каля 2 месяцаў у ізалятары без ніякіх абвінавачанняў і забаранілі ім уезд у Беларусь.
19 студзеня ў Віцебску затрымалі ўкраінца Андрэя Шмая. На тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм, дзе Андрэя паказалі як «шпіёна» ці «агента». Як расказалі ў стужцы, Шмай нібыта з верасня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Украіну праз мэсенджар Signal. Брат Андрэя служыць ва Украіне памежнікам.
У студзені 2023 года ў Кобрыне быў затрыманы 23-гадовы Арцём Макавей, таксама грамадзянін Украіны. Ягоная маці Іна прыязджала ў Беларусь, каб знайсці сына. Яна даведалася, што сына абвінавацілі паводле артыкула 358 КК («Агентурная дзейнасць»).
Каментары