Ці сапраўды морква карысная для здароўя, а сіняе святло шкоднае?
Сабралі для вас парады афтальмолагаў, як лепш захаваць зрок.
09.01.2024 / 22:13
Фота: Myron Standret / Vecteezy
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя летась не менш за 2,2 мільярда чалавек ва ўсім свеце мелі парушэнні зроку. А па выніках прафілактычных медыцынскіх аглядаў у Беларусі за 15 гадоў толькі ў дашкольнікаў выпадкі парушэння зроку павялічыліся больш чым у два разы.
Дактары адзначаюць, што шмат у якіх выпадках зрок можна скарэктаваць, а для яго падтрымання неабходна прытрымлівацца шэрагу рэкамендацый. Вось асноўныя.
Не трымайце кнігі ці гаджэты блізка перад вачыма
Вочы не могуць факусавацца працяглы час на аб'ектах, што знаходзяцца побач з нашым тварам. Калі мы гэта робім пастаянна, асабліва ў дзяцінстве, то наш вочны яблык падаўжаецца, што з цягам часу можа прывесці да блізарукасці.
Фота: Danil Rudenko / Vecteezy
Каб знізіць нагрузку на вочы, дактары рэкамендуюць прытрымлівацца правіла 20-20-20, якое распрацавалі каліфарнійскія спецыялісты па карэкцыі зроку. Пасля кожных 20 хвілін чытання трэба паглядзець на нейкі прадмет на адлегласці 20 футаў (прыкладна 6 метраў) на працягу 20 секундаў. Такія перапынкі дапамогуць знізіць напружанне вачэй.
Больш праводзьце часу на свежым паветры
Некаторыя даследаванні паказалі, што знаходжанне на свежым паветры можа знізіць рызыку развіцця блізарукасці ў дзяцей. Эксперты не да канца разумеюць, чаму гэта адбываецца, але некаторыя даследаванні паказваюць, што яркае сонечнае святло можа стымуляваць сятчатку да выпрацоўкі дафаміну, які перашкаджае падаўжэнню вачэй.
Асабліва гэта важна ва ўзроставым прамежку паміж 5 і 10 гадамі, калі вочны яблык актыўна расце. Акрамя гэтага, частыя прагулкі і гульні на вуліцы дазваляюць аслабіць напружанне вачэй, якое ўзнікае пры чытанні ці сядзенні за кампʼютарам.
Насіце сонцаахоўныя акуляры
Пра што, што ультрафіялетавае выпраменьванне шкодзіць скуры, ведаюць амаль усе. Але мала каму вядома, што яно таксама аказвае негатыўны ўплыў на зрок і прыводзіць да развіцця шэрагу захворванняў вачэй. Як адзначаюць спецыялісты, эфект уздзеяння ультрафіялету кумулятыўны, гэта значыць, што ён назапашваецца ў арганізме.
Фота: Andres Ramos / Vecteezy
З-за свайго іанізуючага ўздзеяння ультрафіялетавае выпраменьванне прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў, якія пашкоджваюць «нармальныя» малекулы. Пашкоджанні ў клетках назапашваюцца з узростам. У выніку гэта прыводзіць да пагаршэння зроку, развіцця катаракты і пашкоджання сятчаткі.
Найбольш востра праблема тычыцца дзяцей. Калі ў 30-гадовага чалавека сятчаткі дасягае каля 10% ультрафіялетавага выпраменьвання, то ў 10-гадовага дзіцяці гэты паказчык у тры разы большы.
Ежце моркву
Хоць дыета, багатая морквай, не забяспечыць ідэальнага зроку, гэтая агародніна ўтрымлівае пажыўныя рэчывы, карысныя для здароўя вачэй. Так, адно буйное клінічнае даследаванне паказала, што дадаткі, якія ўтрымліваюць такія пажыўныя рэчывы, як бэта-карацін, вітаміны С і Е, на якія багатая морква, могуць запаволіць прагрэс узроставай дэгенерацыі жоўтай плямы — месца найбольшай вастрыні зроку ў сятчатцы вока.
Але ў адной моркве такіх вітамінаў і мікраэлементаў не так шмат, як неабходна для здароўя вачэй. Таму морква можа разглядацца як адзін з кампанентаў збалансаванай дыеты.
У той жа час афтальмолагі звяртаюць увагу на няслушнасць некаторых стэрэатыпных поглядаў адносна фактараў, што шкодзяць здароўю вачэй.
Чытанне ў цемры
Спецыялісты сцвярджаюць, што на здароўе вачэй дарослых чытанне ў цемры з тэлефона ці гаджэта не аказвае сурʼёзнага ўздзеяння. Нашы вочы падладжваюцца пад любую ступень асветленасці. У цемры зрэнкі пашыраюцца, каб прапусціць на сятчатку больш святла. Але гэта прыводзіць да перанапружання і выклікае галаўны боль.
Фота: Oleksii Hrecheniuk / Vecteezy
Каб захаваць добры зрок, адзначаюць афтальмолагі, патрабуецца не асветленасць, а адлегласць да прадмета, дастатковая яркасць гаджэта, кантроль працягласці чытання і памер шрыфту. А вось дзецям лепш чытаць пры нармальным асвятленні, каб пазбегнуць перанапружання вачэй.
Сіняе святло экрана
Афтальмолагі адзначаюць, што няма пераканаўчых доказаў таго, што ўздзеянне сіняга святла ад экранаў можа пашкодзіць сятчатку. Таксама няма ніякіх доказаў, што нашэнне акуляраў, якія блакуюць сіняе святло, паляпшае здароўе вачэй.
Але экраны могуць нанесці шкоду па іншых прычынах. Калі мы працяглы час глядзім у манітор, то не так часта міргаем, чым выклікаем сухасць вачэй.
Спецыялісты звяртаюць увагу, што большасць прычын пагаршэння зроку з узростам, уключаючы ўзроставую дэгенерацыю жоўтай плямы, катаракту і глаўкому можна прадухіліць ці вылечыць, калі іх выявіць на ранняй стадыі. Для гэтага трэба рэгулярна наведваць афтальмолага. Спасылкі на тое, што зрок з узростам пагаршаецца і гэтаму нічога не дапаможа, зʼяўляюцца цалкам памылковымі.
Чытайце яшчэ:
Навукоўцы: Блізарукія людзі спяць горш, чым людзі са здаровым зрокам
Навукоўцы: кнігі і маніторы не ёсць прычынай блізарукасці школьнікаў