Сацыёлагі ацанілі, як змяніўся стан Беларусі за тры гады
Даследчыкі акрэслілі тэндэнцыі, якія назіраюць у нашай краіне.
10.01.2024 / 15:54
Эксперты Цэнтра новых ідэй трэці год працуюць з індэксам рэзіліентнасці — паказчык, які дазваляе ацаніць устойлівасць чатырох сфер жыцця краіны: палітыкі, эканомікі, соцыума і інфармацыйнай сферы. Дадаткова ўлічвалася і ваенная сфера. Даследчыкі жадалі выявіць, як краіна можа пераадольваць крызісы, адаптавацца да іх наступстваў і развівацца, з улікам сітуацыі ў кожнай сферы. Сёлета індэкс рэзіліентнасці дапамагалі ствараць 45 экспертаў.
Большасць паказчыкаў у індэксе — адмоўныя.
Навукоўцы адсочваюць дынаміку індэкса рэзіліентнасці за 2021-2023 гады. Яны бачаць істотнае падзенне ў паказчыках нацыянальна-культурнага базісу, бюджэтна-фінансавай дзейнасці і грамадзянскай культуры. Нязначны рост характэрны для паказчыкаў медыйнай разнастайнасці, правапарадку і сістэмы дзяржаўнага кіравання, але пры гэтым яны застаюцца ў зоне крызісу.
Эксперты адзначаюць, што Беларусь дагэтуль знаходзіцца ў вельмі складаным стане. У эканоміцы ўкараняюцца адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, расце залежнасць ад Расіі як ад гандлёвага партнёра, і таму эканамічныя рызыкі Расіі ператвараюцца ў эканамічныя рызыкі Беларусі. Моцная і палітычная залежнасць Беларусі ад Расіі, наша краіна — саўдзельнік Расіі ў ваеннай агрэсіі ва Украіне. Нароўні з гэтым беларускія пасольствы адмаўляюцца ад таго, каб паўнавартасна прадстаўляць беларусаў замежжа.
Працягваецца русіфікацыя адукацыі і культуры ў Беларусі, ціск на недзяржаўныя медыя і манаполія дзяржаўных на асвятленне палітычных падзей. Заканамерны вынік — рост уплыву расійскіх наратываў у краіне.
У Беларусі і далей прымусова ліквідуюць грамадзянскія арганізацыі, тым часам у дыяспары працягваецца трэнд на моцную цікавасць да палітычнага жыцця. Паралельна эксперты адзначаюць новую тэндэнцыю — узнікненне ў беларускім замежжы грамадзянскіх арганізацый з радыкальнай ідэалогіяй.
Чытайце таксама:
Свабода слова за межамі дыктатуры. Ці могуць беларусы крытыкаваць палітыку Захаду?