«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій
«Як ні парадаксальна, пазітыўнае стаўленне да Расіі можа павысіцца», — мяркуе адзін з апытаных экспертаў. «Нейтралаў становіцца больш, але, калі выбараў няма, не яны маюць вырашальнае значэнне», — кажа іншы. Пра тое, якім наша грамадства выйдзе з татальных рэпрэсій і вайны, разважаюць палітычны аналітык, сацыёлаг і псіхолаг.
«Людзі дыстанцыююцца ад палітыкі, хочуць спакою і стабільнасці»
Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае, што беларускае грамадства вельмі неаднароднае і расколатае. А той тэзіс, што ў 2020 годзе ўвесь народ паўстаў супраць дыктатуры, не зусім адпавядае рэчаіснасці, бо прыхільнікаў Лукашэнкі хоць і блізка не большасць, але і далёка не 3%. Раскол і напружанасць у грамадстве ў цяперашніх умовах, на думку аналітыка, будуць толькі расці.
«У нашым грамадстве ёсць не толькі два ядры: зацятыя праціўнікі рэжыму і зацятыя лукашысты. Ёсць яшчэ і вялікі трэці слой, які можна назваць «балотам», ці, калі браць больш карэктны тэрмін, «нейтраламі».
Менавіта на гэтую катэгорыю людзей, на думку Класкоўскага, і ўплывае беларуская і крамлёўская прапаганда.
«Гэта пацвярджае сацыялогія, калі мы бачым, што пэўная частка грамадства падзяляе расійскі погляд на падзеі ва Украіне і сімпатызуе агрэсару, а не ахвяры.
Што тычыцца зацятых праціўнікаў Лукашэнкі, то ніякая прапаганда на іх не падзейнічае. Але не варта забываць, што актыўныя апаненты рэжыму вымушаны масава з’язджаць з краіны. Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе, што, у сваю чаргу, уплывае на суадносіны паміж тымі, хто супраць рэжыму і за яго».
Аналітык лічыць, што ў Беларусі будзе працягвацца працэс дэпалітызацыі грамадства. Пераважна за кошт той часткі, якую можна прылічыць да нейтралаў.
«Так, частка з іх на ўздыме 2020 года ўдзельнічала ў акцыях або праяўляла іншую актыўнасць. Але цяпер гэтыя людзі проста хочуць спакою і нейкай стабільнасці. Яны дыстанцыююцца ад палітыкі, і апазіцыі даволі цяжка на іх уплываць», — кажа Класкоўскі.
Так як значная частка актыўных праціўнікаў рэжыму выціснута з краіны, на гэтым фоне хоць і не моцна, але, паводле незалежнай сацыялогіі, узрастае давер да рэжыму.
«Канечне, на вынікі апытанняў уплывае чыннік страху. Аднак пэўныя трэнды ўсё ж фіксуюцца. Як ні парадаксальна, але на фоне саўдзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны ўлады нават змаглі крышку павысіць ступень даверу да сябе. Мабыць, гэта адбываецца за кошт цягі да стабільнасці. Маўляў, нам не трэба хавацца ў бамбасховішчы, ды і цынкавыя труны не ідуць у Беларусь. Частка людзей бачыць у гэтым заслугу Лукашэнкі».
«Настроі нейтралаў не маюць вырашальнага значэння ва ўмовах, калі выбараў няма»
Сітуацыю, у якой аказалася Беларусь, аналітык не лічыць фатальнай.
Ён мяркуе, што пасіянарную частку праціўнікаў Лукашэнкі ніякай прапагандай ужо не пераробіш, а настроі нейтралаў не маюць вырашальнага значэння ў тых умовах, калі ніякіх выбараў няма і лёс краіны вырашаецца не на электаральным полі.
«У нейкі вырашальны момант бітвы за будучыню краіны выйграе пасіянарная меншасць. Такіх прыкладаў у гісторыі шмат.
Барацьба працягваецца, яе зыход яшчэ не прадвызначаны і залежыць абсалютна ад кожнага неабыякавага грамадзяніна. Канечне, сёння ў Беларусі не выйдзеш з БЧБ-сцягам, але можна рабіць нешта іншае, напрыклад, карыстацца беларускай мовай, вучыць мове сваіх дзяцей, чытаць ім беларускія кнігі. Можна дапамагаць сем’ям палітвязняў. Гэта тыя рэчы, якія можна рабіць сёння дзеля набліжэння лепшай будучыні», — лічыць Класкоўскі.
Што тычыцца беларускай мовы і культуры, то, на думку аналітыка, яны будуць развівацца яшчэ і за кошт інтэрнэту і людзей у эміграцыі.
«Вельмі мала людзей прагне ўваходу ў склад РФ»
«Мы назіраем, як сярод публічных суайчыннікаў большае тых, хто пераходзіць на беларускую мову, актыўна прадукуецца беларускамоўны кантэнт. У эпоху развітага інтэрнэту межы не маюць такога значэння, як раней».
З пазітыўнага аналітык адзначае, што нават сярод тых, хто адданы рэжыму Лукашэнкі, вельмі мала людзей, якія прагнуць уваходу Беларусі ў склад РФ.
Пры гэтым Класкоўскі зазначае, што сёння не варта чакаць новага паўстання мас.
«Тым не менш цяпер такі час, калі падзеі развіваюцца вельмі дынамічна. Таму можна ўявіць сабе, што адбудзецца такі збег абставін, калі сітуацыя пачне змяняцца вельмі хутка, прычым і праз падзеі, якія адбываюцца не ў самой Беларусі. Напрыклад, такое можа адбыцца, калі Лукашэнка адправіць свае войскі ва Украіну і ў Беларусь пачнуць прыходзіць труны з фронту, ці калі Пуцін атрымае моцную паразу ва Украіне і Расіі ўжо будзе не да Беларусі.
Лукашэнка можа моцна захварэць або памерці, а на яго месца прыйдзе нехта слабейшы. Таму пры нейкіх спалучэннях форс-мажорных чыннікаў магчымы новы палітычны крызіс, які прывядзе да змены рэжыму. Але гэта ўжо не будуць проста пратэсты з кветкамі і паветранымі шарамі, бо праціўнікі рэжыму і не ўтойваюць, што ў вырашальны момант пастараюцца ўжыць і сілавы чыннік».
Аляксандр Класкоўскі адзначае, што працяг рэпрэсій толькі ўскладняе сітуацыю, бо, з аднаго боку, мы маем людзей, якія цярпяць ад іх, а з іншага — тых, для каго рэжым Лукашэнкі ці падобны да яго застаецца жыццёва неабходным.
Калі да 2020 года здавалася, што можа быць адносна мяккая трансфармацыя сістэмы, то цяпер, мяркуе Класкоўскі, калі яна будзе адбывацца, то найхутчэй што ў нейкіх жорсткіх формах. Людзі, моцна звязаныя з сістэмай, будуць бараніць яе да апошняга.
Для датычных да рэпрэсій захаванне рэжыму — гарантыя таго, што яны не адкажуць за злачынствы, не страцяць працу і г. д. Сістэма намагаецца запляміць як мага больш людзей, каб у іх ужо не было шляху назад. «І гэта страшная праблема краіны і грамадства», — заўважае аналітык.
«Незалежныя СМІ нясуць пасыл «Не вайне», а СМІ ўнутры краіны — «Вайны няма»
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі кажа, што цяпер Беларусь перажывае такі спецыфічны перыяд, калі з’яўляецца магчымасць да падвышэння пазітыўнага стаўлення да Расіі. З 2018-га па 2020-ы ўзровень сімпатыі да саюзу з Расіяй зніжаўся штогод на 5—10%, прыводзіць ён лічбы.
«У адказ на пытанне «Беларусам лепей жыць у саюзе з РФ ці з ЕС?» было паступовае зніжэнне з 60% у 2018-м да 45% у 2020-м. Але пасля 2020 года гэты працэс спыніўся», — адзначае эксперт.
Вардамацкі звязвае гэта з тым, што ад пачатку вайны істотна змяніўся кантэнт у дзяржаўных СМІ, што аказала некаторы ўплыў на геапалітычную масавую свядомасць. Сітуацыю, якая склалася, сацыёлаг называе пэўным чэленджам для незалежным СМІ.
«Апошнія некалькі месяцаў наогул назіраюцца змены ў парадку дня дзяржаўных медыя. Цяпер яны менш гавораць непасрэдна пра саму вайну, але больш пра Расію наогул. Яны намагаюцца стварыць пазітыўны вобраз РФ. Распавядаюць, якая Расія цудоўная краіна з добрай прыродай, разумнымі і прыгожымі людзьмі», — звяртае ўвагу эксперт.
Працягваючы тэму медыя і іх уплыву на грамадскую думку, сацыёлаг адзначае стварэнне двух коканаў у адносінах да вайны. Па ягоных словах, незалежныя СМІ, выгнаныя з краіны, нясуць пасыл «Не вайне», а СМІ ўнутры краіны — «Вайны няма».
Вардамацкі пагаджаецца, што ў Беларусі будзе ісці працэс дэпалітызацыі грамадства, але не лічыць, што ў нас ёсць раскол.
Вардамацкі прапануе глядзець не на лічбы, што ў нас, напрыклад, 20% лукашыстаў і 20% прыхільнікаў перамен, а на энергетыку, якая напаўняе тую ці іншую групу.
«Бальшавікоў у 1917 годзе было каля 11—15 тысяч, але яны перавярнулі 150-мільённую краіну, хоць у адсотках гэта былі дробязі», — прыводзіць прыклад Вардамацкі.
Іншы факт, на які сацыёлаг звартае ўвагу, лічбы ўдзельнікаў у акцыях за перамены і ў падтрымку ўлады.
«Так званым ябацькам ніводнага разу не ўдалося прыблізіцца па колькасці ўдзельнікаў сваіх акцый да тых, што ладзілі прыхільнікі перамен. І гэта нават з улікам таго, што для гэтага напоўніцу выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, а акцыі прыхільнікаў перамен, наадварот, жорстка разганяліся.
Таму далёка не факт, што гэты раскол у беларускім грамадстве сапраўды ёсць», — прыводзіць довады сацыёлаг.
У той жа час Вардамацкі прызнае, што ў грамадстве існуе даволі высокі ўзровень палярызацыі. Па словах эксперта, у прыхільнікаў і праціўнікаў рэжыму моцна адрозніваюцца погляды на сучаснасць і будучыню краіны.
«Ябацькі параўноўваюць жыццё, азіраючыся назад. Яны параўноваюць усё з тым, як было раней. А прыхільнікі перамен глядзяць на гэта праз прызму, якой магла б быць краіна, калі б мы пайшлі іншых шляхам. Яны параўноўваюць Беларусь з больш паспяховымі і развітымі краінамі, а не наадварот».
«Гвалту будзе толькі большаць»
Псіхолаг Наталля Скібская адзначае, што наша грамадства ўжо перажывала падобную сітуацыю ў часы сталінскіх рэпрэсій.
«У нас быў Савецкі Саюз з чысткамі пры Сталіне на працягу дзесяцігоддзяў. Сітуацыя ў Беларусі будзе развівацца па падобным сцэнары», — мяркуе яна.
Скібская ўпэўненая, што ўлады працягнуць працаваць над тым, каб зрабіць з беларусаў паслухмяную масу. А каб здушыць і запалохаць людзей, гвалту будзе толькі большаць.
«Таксама мы бачым, як актыўна падключаецца ідэалогія.
Як бы гэта груба ні гучала, але яна накіравана на тое, каб дэбілізаваць насельніцтва. Так як свабодныя людзі з крытычным мысленнем гэтаму рэжыму не патрэбныя. Будзе ўраўнілаўка па ўсіх параметрах, каб выхаваць з чалавека не асобу, а шрубку сістэмы».
Псіхолаг таксама звяртае ўвагу на тое, што паралельна з гэтым прапаганда будзе ўсё больш прасоўваць у масы ідэі аб варожым Захадзе і брацкай Расіі.
Мы ўжо назіраем гэты працэс, калі з Захаду робяць ворага, усяляк дэманізуюць яго. А Расію падаюць выключна ў пазітыўным ключы, выкарыстоўваючы наратывы пра «братоў і сясцёр».
Пры гэтым эксперт адзначае, што гэты працэс будзе прасоўвацца больш павольна, чым гэта было ў часы СССР, бо беларускае грамадства цяпер больш разумнае і адукаванае, чым было тады.
Скібская адзначае важнасць мінімізаваць негатыўны эфект.
«Гэта ўжо наша агульная задача на ўзроўні «чалавек—чалавек» зрабіць так, каб гэты тлятворны ўплыў быў мінімальным».
«Частка грамадства пачынае мяняць свой пункт гледжання»
Аднак пэўныя поспехі ў частцы запалохвання і замбавання насельніцтва ўжо можна назіраць, мяркуе псіхолаг. Пад уплывам рэпрэсій і прапаганды частка грамадства пачынае мяняць свой пункт гледжання. Псіхолаг тлумачыць такія паводзіны:
«Жыць у пастаянным унутраным канфлікце вельмі складана. Гэта вельмі цяжкія перажыванні, калі ты разумееш, што ты супраць таго, што адбываецца, што ўсё трэба мяняць, што цябе гэта не задавальняе, але ніяк не можаш паўплываць на сітуацыю.
Чалавеку цяжка пастаянна жыць у такім стане, і тады мозг пачынае шукаць спосабы, як адысці ад гэтага. І калі ён не зможа знайсці спосаб, як змяніць карцінку звонку, то ён памяняе сваё стаўленне ўнутры. Проста каб не звар'яцець. Тады і пачынаюць прыходзіць думкі пра тое, што, можа, так і трэба. Гэта ўсё свайго роду ахоўная рэакцыя арганізма, падобная да стакгольмскага сіндрому».
Па словах псіхолага, па той жа прычыне мы будзем назіраць працэс дэпалітызацыі грамадства і ўнутранай міграцыі. Усё гэта эксперт лічыць непазбежным, бо людзям трэба неяк прыстасоўвацца і жыць у гэтым.
Што тычыцца магчымасці паўтарэння 2020 года, то псіхолаг упэўненая, што зараз для ўзняцця мас патрэбныя куды большыя трыгеры, чым тры гады таму.
«Народу ўжо зрушылі межы дазволенага. Калі ўявіць, што такі ўзровень гвалту быў бы тры гады таму, то людзі б яшчэ сталі супраціўляцца. Але так як рэпрэсіі цягнуцца ўжо не адзін год, а іх градус перманентна павялічваецца, то ў грамадства ўзрастае талерантнасць да гвалту. Таму толькі вельмі жорсткія падзеі могуць гэта змяніць», — лічыць псіхолаг.
«Намаляваныя вынікі выбараў больш не выведуць людзей на вуліцы»
Сярод падзей, якія тэарэтычна маглі б ускалыхнуць беларускае грамадства, яна вылучае непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне альбо пачатак вайны на нашай тэрыторыі.
«Магчыма, такім трыгерам магла б стаць мабілізацыя, так як у нас іншае стаўленне да дзяцей і каштоўнасць чалавечага жыцця вышэйшая, чым у Расіі.
Ніякія працэнты падтрымкі, намаляваныя на наступных выбарах, не змогуць зноў вывесці людзей на вуліцы. Хай нават гэта будзе 90 і больш працэнтаў за Лукашэнку. Людзі ўжо ведаюць, наколькі небяспечна пратэставаць, ведаюць, што ёсць забітыя, што апанентам рэжыму даюць неймаверныя тэрміны. Зараз выказаць любы супраціў рэжыму — гэта проста пайсці на плаху. Таму час нейкіх адчайных крокаў можа прыйсці толькі тады, калі прыйдзе надзея. Неабходна рэальная верагоднасць поспеху».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Каментары