Упершыню беларускі брэнд адзення возьме ўдзел у New York Fashion Week
Заснавальніца маладога брэнда жаночага адзення Maymont (яму тры гады) падзялілася ў інстаграме навіною аб удзеле ў New York Fashion Week. Дата паказу — 9 лютага. «Maymont стаў першым фэшн-брэндам з Беларусі, які выйшаў на сусветную пляцоўку ў Нью-Ёрку», — гаворыць у сваім відэа Кацярына Вашчылка. Smartpress звязаўся з ёй, каб дазнацца падрабязнасцяў.
14.01.2024 / 15:40
Пасля падачы заяўкі і доўгіх перамоваў з аргкамітэтам Кацярыну запрасілі на сумоўе, і ў верасні мінулага года ўзгаднілі ўдзел Maymont у паказах New York Fashion Week. «Нават пасля пачатку падрыхтоўкі яшчэ нейкі час разам з камандай прыходзілі ў сябе ад такой крутой навіны», — успамінае яна.
Анансаваць падзею ў сацсетках вырашылі за месяц да шоу: паводле слоў заснавальніцы брэнда, лепш рабіць гэта, калі амаль усё гатова, а не калі гэта проста эмоцыі. Калекцыя ўжо прыбыла ў Нью-Йорк, а адшывалася ў Баранавічах: там знаходзіцца вытворчасць Maymont і адна з фірменных крамаў брэнда.
Скрын старонкі ў інстраграм Maymont
Якой атрымалася калекцыя? Гэта пяць вобразаў. «Плюс мне ж таксама трэба ў чымсьці выйсці на подыум — і гэта фактычна будзе шосты вобраз», — адзначае Кацярына.
У інстаграме брэнд ужо пачаў дзяліцца фрагментамі тканін і вышывак калекцыі, аднак поўную карціну можна будзе ўбачыць толькі на шоу.
— Maymont — гэта базавыя, капсульныя рэчы, — распавядае аб сваім брэндзе Кацярына. — Часам праскоквае «моднае», але пры правільным ужыванні і такія мадэлі могуць быць базай. Подыумную ж калекцыю мы вырашылі зрабіць больш вычварнай. Не, яна не крычыць, без дзіўных дэталяў, вельмі стрыманая і проста дарагая, такі вячэрні кэжуал. Напрыклад, у нас будзе чорная сукенка, цалкам вышытая ў чырвоныя кветкі.
Частка рэчаў подыумнай калекцыі пойдзе ў вясновую калекцыю брэнда, а частка — проста застанецца на памяць аб падзеі.
New York Fashion Week — адзін з чатырох самых вядомых тыдняў моды ў свеце. Разам з парыжскім, лонданскім і міланскім тыднямі, уваходзіць у «Вялікую чацвёрку» або Big 4 — найбуйнейшае падзея ў сусветнай моднай індустрыі, якая адкрывае велізарныя магчымасці перад дызайнерамі і моднымі брэндамі.
У 2021-м годзе ў паказах NYFW браў удзел іншы беларускі брэнд — HVILINA, ён займаецца вытворчасцю гадзіннікаў.
Чытайце таксама:
На сустрэчы з Лукашэнкам Наталля Качанава парушыла адразу тры правілы дзелавога дрэс-коду
Беражы галаву. Шапкі ад беларускіх вытворцаў, у якіх будзе не толькі цёпла, але і прыгожа
Вальфовіч засвяціўся на балі Лукашэнкі з дарагім гадзіннікам