На выбарах у парламент выклік прапагандысту Шпакоўскаму кідае камуніст Плавінскі, які адмаўляе Курапаты
Кандыдатам па «дыпламатычнай» Свіслацкай акрузе №95 зарэгістраваны адстаўны палкоўнік Аляксандр Плавінскі. Ён балатуецца як вылучэнец ад Камуністычнай партыі Беларусі, таму яму не трэба было збіраць аніводнага подпісу ў сваю падтрымку.
14.01.2024 / 15:50
Чаму Свіслацкую акругу можна назваць дыпламатычнай? Дэпутата ў Палату прадстаўнікоў тут прызначаюць з ліку супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў. Папярэднія разы квоту аддавалі Валерыю Варанецкаму, цяпер надышла чарга Аляксандра Шпакоўскага. Прычым дыпламатам Шпакоўскі стаў паўгода таму, калі атрымаў прызначэнне дарадцы-пасланніка ў Маскве.
Зрэшты, гаворка не пра Шпакоўскага (які, натуральна, і стане дэпутатам), а пра яго апанента Плавінскага.
Плавінскі перадусім вядомы сваімі антыгістарычнымі публікацыямі. Ён даводзіць, што ў Курапатах ладзіліся расстрэлы падчас Вялікай Айчыннай вайны. Насамрэч жа гэта было месца масавых расстрэлаў і пахаванняў 1937-1940, што даказана нават беларускай пракуратурай.
Аляксандр Плавінскі ў Курапатах
Чытайце таксама:
З Плавінскім звязаная і камічная гісторыя. Ён ужо балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе, і «Наша Ніва» тады памылкова палічыла яго, работніка Ваеннай акадэміі, кандыдатам ад вертыкалі. І што вы думаеце? Плавінскаму давялося тэрмінова згортваць сваю актыўнасць і забіраць дакументы з выбарчай камісіі, спасылаючыся на раптам узніклыя праблемы са здароўем.
Ён быў кандыдатам і ў 2019, але тады не было ілюзій, што Плавінскі можа выглядаць праўладным прызначэнцам, таму яго пакінулі ў выбарчых бюлетэнях.
Дарэчы, Аляксандр Плавінскі — спадчынны шляхціц, сын вілейскага краязнаўцы Стэфана Баляслававіча Плавінскага. Аляксандр расказваў, што дванаццаць гадоў збіраў інфармацыю пра свой род, у выніку выдаўшы кнігу «500 гадоў роду Плавінскіх».
Чытайце таксама: