Меркаванні2222

«Лом у мурашніку». Зірніце, з дапамогай якіх прыёмаў адстаўнік Плавінскі фальсіфікуе гісторыю Курапатаў

У 2019 годзе пабачыла свет кніга Аляксандра Плавінскага «Куропаты — у истоков исторической сенсации». Былы супрацоўнік Вайсковай акадэміі, а цяпер пенсіянер, хімік па адукацыі, намагаецца аспрэчыць афіцыйную версію аб падзеях, якія адбываліся ў 1930-я гады ў Курапатах, сцвярджаючы, што там ляжаць ахвяры расстрэлаў, здзейсненых нацыстамі падчас акупацыі. 

Нягледзячы на тое, што гіпотэзы, выказаныя ў гэтай кнізе, пярэчаць высновам следстваў, праведзеных Генеральнай пракуратурай і вайсковай пракуратурай у 1980-я, 1990-я і 2000-я гады — а яны выявілі, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры сталінізму, Плавінскаму нядаўна зноў дала трыбуну газета Міністэрства абароны.

12 сакавіка ў рамках Рэспубліканскага краязнаўчага форуму, які праходзіў на базе Нацыянальнага гістарычнага музея, Аляксандр Плавінскі выступіў з дакладам «Злачынствы гітлераўскага генацыду ў раёне Зялёнага Лугу», які паўтарае асноўныя палажэнні, выкладзеныя ў ягонай кнізе — перадусім у частцы, дзе разглядаюцца вусныя і дакументальныя сведчанні відавочцаў падзей.

Мы спынімся на ёй, як на найбольш контраверсійнай, хаця ў самой кнізе таксама ёсць раздзелы, прысвечаныя археалогіі, тапаніміцы, тапаграфіі Курапатаў, спосабам забойства, якія прымяняліся карнымі органамі СССР ды Трэцяга рэйху, і г.д.

Нельга не заўважыць, што ў большасці выпадкаў крытыка Плавінскім афіцыйнай версіі падзей ператвараецца проста ў пярэчанне дзеля пярэчання — калі аўтар імкнецца выкарыстаць для пацвярджэння сваёй версіі факты, якія насамрэч ніякім чынам яе не падмацоўваюць і наўрад ці маюць дачыненне да Курапатаў наогул.

Так, Плавінскі без відавочнай прычыны палічыў патрэбным прапанаваць версію, што ў Курапатах нібыта расстрэльвалі ў ліпені 1941 года вязняў лагера, створанага нацыстамі ў Драздах на беразе Свіслачы. Аўтар цытуе паказанні сведкаў аб тым, як у лагеры людзей грузілі ў машыны, тыя ад’язджалі, а прыкладна праз 20 хвілін чуліся стрэлы. Адсюль Плавінскі робіць «лагічную» выснову:

«Грузавы аўтамабіль за 18—20 хвілін мог праехаць прыблізна 12—13 км, з улікам таго, што неабходна дадаць 1—2 хвіліны для выгрузкі людзей і падвядзення іх да месца расстрэлу. Але з такой адлегласці гук кулямётных стрэлаў ужо не будзе чутны. Гэта значыць, што аўтамабілі, выехаўшы на Заслаўскую трасу, не паехалі далей на поўнач. У выпадку павароту калоны на ўсход месца прыбыцця па часе якраз упісвалася ў Курапаты. З такой адлегласці ў Драздах пры зацішным надвор'і кулямётныя чэргі або вінтовачныя стрэлы даносіцца могуць».

Прытым аўтар не надта бянтэжыцца, што кулямётныя стрэлы чутныя, у найлепшым выпадку, на адлегласці 3—4 км, а месца лагера ў Драздах ад Курапатаў аддзяляюць мінімум 6 км. Якім чынам час паміж ад’ездам машыны і чутнымі стрэламі можа неяк сведчыць аб працягласці і кірунку гэтага руху — і зусім загадка. Да таго ж, даўно вядома, што вязняў лагера ў Драздах расстрэльвалі зусім непадалёк ад месца іх утрымання, у раёне паміж вуліцай Нававіленскай і Даўгінаўскім трактам, дзе цяпер на брацкай магіле стаіць помнік.

Але гэта не адзіны выпадак, калі Плавінскі імкнецца падагнаць любыя, самыя нязначныя факты пад сваю версію падзей аб расстрэлах у Курапатах яўрэяў падчас нацысцкай акупацыі. Напрыклад, згадку ў паказаннях супрацоўніка СД аб тым, што падчас візіту Гімлера ў Мінск і яго наведвання лагера СД на Шырокай вуліцы (цяпер Куйбышава) 15 жніўня 1941 года яўрэяў расстрэльвалі «за горадам на нейкай плошчы, дзе раней навучаліся войскі», аўтар інтэрпрэтуе наступным чынам: «Указанне месца расстрэлу дадзена гранічна дакладна і ясна. Ля Мінска іншых палігонаў для трэніроўкі савецкіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца паблізу лагера на вуліцы Шырокай і выкарыстоўваюцца для масавага пахавання людзей, проста няма!»

Гэткім самым парадаксальным чынам Плавінскі залічвае як апісанне сваёй версіі падзей любыя згадкі аб расстрэлах падчас акупацыі яўрэяў «за Выстаўкай у лесе» — маецца на ўвазе раён Усебеларускай выстаўкі 1930 года. Тое, што колішнюю Выстаўку (раён бульвара Талбухіна) і Курапаты падзяляюць чатыры кіламетры, аўтара таксама не бянтэжыць. Гэтаксама ён адвольна лакалізуе ў Курапатах ўспаміны сведкаў аб расстрэлах, якія насамрэч адбываліся падчас акупацыі ў раёне Уручча і Баравой.

Зразумела, з яшчэ большым захапленнем Плавінскі інтэрпрэтуе на карысць сваёй версіі любыя згадкі пра забойствы, якія насамрэч адбываліся падчас нацысцкай акупацыі ў ваколіцах Курапатаў — як, напрыклад, у выпадку са сведчаннямі пра расстрэлы «ў раёне саўгаса «Зялёны Луг» і вёсак Дубаўляны, Кажухова, Паперня Мінскага раёна». Занадта шырокая геаграфія, як заўжды, аўтара зусім не бянтэжыць — сустракаючы звесткі аб тым, як паліцэйскі «на ўскраіне Мінска ў кірунку да Зялёнага Лугу расстраляў яўрэйку», ён каментуе гэта наступным чынам: «Хіба з гэтага не ясна, што згаданы паліцай канваіраваў яўрэяў з гета да Зялёнага Лугу і па дарозе застрэліў жанчыну?»

Даходзіць да смешнага, калі б не было так прыкра. Аўтар цытуе адзін з дакументаў, які апісвае вынікі карнай акцыі нацыстаў у мінскім гета 7 лістапада 1941 года: «Падчас першага пагрому ля ямаў у 6-й калоніі, за горадам на Камароўцы, было знішчана больш за 12 тысяч чалавек». Гэта відавочная памылка складальніка дакумента, бо са шматлікіх успамінаў сведкаў агульнавядома, што яўрэяў у тыя дні знішчалі на Тучынцы — у раёне Харкаўскай вуліцы, дзе да вайны непадалёк насамрэч змяшчалася 6-я калонія НКВД. Але гэты адзіны недакладна складзены дакумент дае Плавінскаму чарговую падставу меркаваць, што насамрэч тыя расстрэлы адбываліся… у Курапатах.

Аўтар шчыра лічыць, што ягоная версія — адзіна верная: «Падводзячы вынік усіх гэтых шматлікіх паказанняў, якія захаваліся ў архіўных дакументах і апублікаваныя ў розны час у кнігах і перыядычным друку, задаешся пытаннем: якія, скажыце, патрэбныя яшчэ доказы таго, што ў Курапатах ляжаць ахвяры гітлераўскага генацыду?»

Прытым да сваіх апанентаў Плавінскі бязлітасны — ён лёгка абвінавачвае ў хлусні сведкаў даваенных расстрэлаў нават з той прычыны, што яны нібыта недакладна памятаюць колер машын, на якіх прывозілі ахвяраў — а значыць, свядома маняць. Плавінскі перакананы, што сведкі і прыхільнікі афіцыйнай версіі намагаліся выдаць тое, што адбывалася падчас нацысцкай акупацыі, за падзеі даваеннага перыяду.

Як зазначае на сваёй старонцы ў сацсетках сам дакладчык, ягоны выступ на Краязнаўчым форуме выклікаў эфект «лома, уторкнутага ў мурашнік», сутыкнуўшыся з крытыкай прысутных. Плавінскі сцвярджае таксама, што падчас абмеркавання даклада ягонае меркаванне падзяліў вядомы даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій, былы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка, які таксама паведаміў, што насамрэч спецзоны для пахавання расстраляных былі створаныя НКВД БССР не ў Курапатах, а ў раёне Сцяпянкі і Калодзішчаў.

Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь гэтыя месцы будуць адпаведным чынам даследаваныя, і гэта дапаможа высветліць праўду аб сталінскіх рэпрэсіях у Мінску.

Чытайце таксама: Курапаты: на сёння вядома амаль усё

Каментары22

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →