Сёння споўнілася б 70 гадоў Уладзіміру Жбанаву, чые скульптуры ўпрыгожваюць Мінск і Беларусь
Яго «жывыя» скульптуры спарадзілі і розныя легенды. Да іх дакранаюцца на шчасце, каля іх прызначаюць спатканні. На іх фоне любяць фатаграфавацца.
26.01.2024 / 09:33
Скульптурная кампазіцыя ў Маладзечне
Пасля заканчэння Мінскай мастацкай вучэльні Уладзімір Жбанаў паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне скульптуры мастацкага факультэта, які скончыў у 1979 годзе.
Пасля заканчэння інстытута Уладзімір Іванавіч служыў у Афганістане (1979-1980). Па вяртанні з войска ён працягнуў навучанне ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР, дзе правучыўся тры гады.
З 1985 па 1999 год Уладзімір Іванавіч працаваў выкладчыкам у Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава. З 1993 года ён з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў.
Пачынаючы з 1997 года ён займаўся толькі паркавай і вулічнай скульптурай, піша «Звязда».
Першай з’явілася «Дзяўчына на лаўцы» («Мінчанка») у Міхайлаўскім скверы, затым — «Хлопец, які прыкурвае».
Пасля трагедыі ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга», калі ў цісканіне, якая ўзнікла праз дождж, загінулі 53 чалавекі, большасць з якіх былі маладыя дзяўчаты, Жбанаў стварыў «Дзяўчынку з парасонам». Для гэтай скульптуры Жбанаву пазіравала яго дзесяцігадовая дачка Маша. Адкрыццё кампазіцыі адбылося ў 2000 годзе ў Дзень абароны дзяцей.
Сярод іншых работ Уладзіміра Жбанава можна адзначыць «Фатографа», «Даму з сабачкам», «Каня», «Гусей у фантане», «Лазеншчыка» і «Астролага».
Работы скульптара ўстаноўлены не толькі ў Мінску, але і ў Бабруйску, Магілёве, Віцебску, пад Гомелем, у Светлагорску, у Падмаскоўі (Расія), у Табольску (Расія), Паўлаградзе (Украіна).
Дзіўна, але пры жыцці Жбанава не было арганізавана ніводнай яго персанальнай выставы. Майстар адкладваў гэтую падзею да свайго 60-годдзя. Але не паспеў.
Уладзімір Жбанаў памёр 16 студзеня 2012 года ад вострага панкрэатыту ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках. У яго засталася жонка, а таксама сын і дзве дачкі, якія таксама прысвяцілі сябе мастацтву.
Уладзімір Жбанаў аднойчы прызнаўся: «Цяпер нават не ўяўляю, чым бы я мог займацца ў жыцці, калі б не захапленне скульптурай з самага ранняга дзяцінства. Апантанасць ствараць маленькіх чалавечкаў ніколі не пакідала мяне самотным. У гэтым свеце казак я адчуваў сябе самым шчаслівым з дзяцей».
Чытайце таксама:
Беларус зрабіў карабель з ільду і праплыў на ім па Цнянскім вадасховішчы