Пра каго з беларускіх палітыкаў найбольш чытаюць у Вікіпедыі?

Ці забыліся на Бабарыку і дзе пра Пазняка чытаюць больш, чым пра Ціханоўскую? Паглядзелі, за каго з дэмакратычных сіл людзі галасуюць сваімі праглядамі.

04.02.2024 / 17:28

Святлана Ціханоўская і Зянон Пазняк на роўных змагаюцца за прагляды чытачоў Вікіпедыі.

Вікіпедыя — найбуйнейшая крыніца свабодных ведаў, дзе можна знайсці артыкул на любую тэму на шматлікіх мовах. Правіць яе можа кожны. Натуральна, што людзі карыстаюцца гэтым і пішуць пра тое, што для іх важна, у тым ліку пра лёсавызначальныя падзеі 2020 года і палітычных лідараў. Сёння ў Вікіпедыі ёсць артыкулы амаль пра ўсіх палітыкаў з дэмакратычнай апазіцыі. 

Для аналізу папулярнасці беларускіх палітыкаў мы звярнуліся да статыстыкі англійскай, рускай, украінскай і абедзвюх беларускіх Вікіпедый за 2023 год. На жаль, у некаторых з гэтых раздзелаў няма артыкулаў пра палітыкаў, пра якіх ёсць артыкулы ў іншых, таму спісы трошкі адрозніваюцца.

Статыстыка па праглядах беларускіх палітыкаў у англійскай Вікіпедыі.

Найбуйнейшая ў свеце англійская Вікіпедыя ведае пра многіх беларускіх палітыкаў, але з велізарным адрывам першае месца па праглядах мае дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Пра яе на англійскай мове за год прачыталі 197 тысяч разоў. Пра ўсіх наступных палітыкаў чыталі ў дзясяткі разоў менш.

Не забываюць замежнікі і на Віктара Бабарыку, які застаецца за кратамі, ён займае другое месца з 16 тысячамі праглядаў. Не нашмат адстае ад яго старая гвардыя — Зянон Пазняк займае трэцяе месца. 

Чацвёртае месца ў Валерыя Цапкалы. Дарэчы ў яго выпадку звяртае на сябе памер артыкула — ён найбольшы за ўсіх іншых палітыкаў, удвая большы за артыкул пра Ціханоўскую. Нехта папрацаваў над ім на славу.

У канцы топ-10 дыпламат Валерый Кавалеўскі, які прадстаўляе Аб'яднаны пераходны кабінет на міжнароднай арэне. Яшчэ ніжэй Вольга Карач са 145 праглядамі.

Статыстыка па праглядах беларускіх палітыкаў у рускай Вікіпедыі.

У рускай Вікіпедыі карціна блізкая, але не ідэнтычная. Першае месца займае Ціханоўская з 188 тысячамі праглядаў. Другое месца са значным адрывам займае Зянон Пазняк. З падобнай колькасцю праглядаў, каля 40 тысяч, на трэцім і чацвёртым месцы Віктар Бабарыка і Валерый Сахашчык. Далей з розніцай 10 тысяч праглядаў адзін за адным ідуць Павел Латушка, Валерый Цапкала, Франак Вячорка.

У спісе за год усяго 9 асоб, бо артыкул пра Кавалеўскага быў створаны нядаўна і ў статыстыку за 2023 года не трапляе. Калі глядзець статыстыку за апошні месяц, то Кавалеўскі ідзе адразу за Сахашчыкам.

Гадавы спіс замыкаюць Вадзім Пракоп’еў і Аляксандр Мілінкевіч. Анатоль Лябедзька і Вольга Карач у топ-10 не трапляюць.

Ізноў звяртае на сябе памер артыкула пра Валерыя Цапкалу. Ён, няхай не ў разы, як у англійскай Вікі, перавышае памер артыкулаў пра іншых палітыкаў, але ўсё ж такі большы за ўсе іншыя.

Статыстыка па праглядах беларускіх палітыкаў ва ўкраінскай Вікіпедыі.

Першае месца ва ўкраінскай Вікіпедыі чакана займае Святлана Ціханоўская.

А вось далей адбіваюцца палітычныя перавагі ўкраінцаў. Другое месца займае Валерый Сахашчык, які адказвае за пытанні абароны і нацыянальнай бяспекі ў Аб’яднаным кабінеце і мусіць наладжваць сувязь з беларускімі падраздзяленнямі, што ваююць на ўкраінскіх франтах.

А вось постаццю Віктара Бабарыкі цікавяцца значна менш, ён у тройкі не трапіў. Трэцяе месца займае Зянон Пазняк. У разы менш чыталі пра Латушку, Бабарыку, Цапкалу і Вячорку. Артыкулы пра Мілінкевіча і Кавалькову адкрывалі менш чым раз на дзень.

Статыстыка па праглядах беларускіх палітыкаў у беларускай Вікіпедыі «тарашкевіцай».

Але ў беларускіх Вікіпедыях лідар зусім не Ціханоўская, а Зянон Пазняк! Ціханоўская няхай і з невялікім адрывам, але займае толькі другое месца. А вось далейшы спіс палітыкаў істотна адрозніваецца ў раздзелах класічным і акадэмічным правапісамі.

У раздзеле тарашкевіцай на трэцім месцы знаходзіцца Франак Вячорка, пасля ідуць Лябедзька, Цапкала, Латушка, Бабарыка, Мілінкевіч, завяршаюць спіс Вольга Кавалькова і Андрэй Дзмітрыеў — артыкулы пра ўсіх іх наведвалі не больш чым раз на дзень.

Статыстыка па праглядах беларускіх палітыкаў у беларускай Вікіпедыі.

У акадэмічным раздзеле тройку лідараў замыкае Павел Латушка, а Франак Вячорка займае толькі пятае месца, пасля Мілінкевіча. Далей ідуць Бабарыка, Лябедзька, Цапкала, нарэшце ў топе аказалася Карач. Найменш па-беларуску чытаюць пра Вольгу Кавалькову, але пра яе тут і мала напісана — у разы менш, чым пра іншых палітыкаў.

Цікава, што ў абодвух беларускіх раздзелах няма артыкула пра Сахашчыка.

Такім чынам, Святлана Ціханоўская застаецца лідаркай па колькасці праглядаў вікі-артыкулаў пра яе. Не забываюць і пра Віктара Бабарыку, які дагэтуль застаецца за кратамі. Новае палітычна жыццё пасля 2020 года здабыў і Зянон Пазняк, у нацыянальна арыентаваных колах, якія часцей звяртаюцца да артыкулаў у беларускай Вікіпедыі, ён можа канкураваць з Ціханоўскай.

Украінцаў жа мала цікавяць цывільныя асобы з часоў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, куды больш — вайсковец Сахашчык, у той жа час беларусы нават не падумалі напісаць пра такую ключавую асобу хоць бы пару абзацаў тэксту.

Каманда Цапкалы, у прыклад іншым, добра папрацавала над ягоным іміджам і прадстаўленасцю ў Вікіпедыі, чаго, відавочна, бракуе прадстаўнікам Аб'яднанага пераходнага кабінета.

У аўтсайдарах аказаліся Кавалькова, Карач і Кавалеўскі, пра якога ўвогуле амаль няма артыкулаў у моўных раздзелах.

Чытайце таксама:

Якія беларусы часцей за ўсё з'яўляюцца на старонках «НН» — рэйтынг

«Цапкала — гэта трагедыя. А адлігі не чакайце». Стрыжак — пра палітыкаў і логіку рэпрэсій, свой заробак, памылкі і гонар

Вікіпедыя назвала старонкі, якія найбольш праглядаліся ў 2023 годзе

Nashaniva.com