Васкрасенскі згадаў «круглы стол» у СІЗА КДБ: «Лукашэнку адкрыта хамілі»
Юрый Васкрасенскі ў інтэрв'ю Азаронку згадаў, як у 2020-м Лукашэнка прыходзіў на сустрэчу з палітвязнямі ў СІЗА КДБ.
04.02.2024 / 22:00
Сустрэча ў СІЗА КДБ, 11 кастрычніка 2020 года. Скрыншот відэа СТБ
Васкрасенскі тую сустрэчу назваў сталом перамоў. Але ў тым, што перамовы не адбыліся, абвінаваціў палітвязняў.
«І я глядзеў на гэтых 11 чалавек, якія там знаходзіліся (апроч прэзідэнта і яго суправаджаючых асоб) і проста дзівіўся іх нікчэмнасці, іх драбнаце. (…) Нейкія дурныя філасофскія тэмы падымалі, або нейкія драбнатраўчатыя пытанні спрабавалі рашыць, або адкрыта хамілі».
Палітвязняў Васкрасенскі назваў «злобнымі людзішкамі», якія не ацанілі «гістарызм гэтага дня».
Сустрэча ў СІЗА КДБ, 11 кастрычніка 2020 года. Скрыншот відэа СТБ
Трэба згадаць, што ініцыятыва самога Васкрасенскага, калі ён, аказаўшыся на волі, стаў прапаноўваць палітвязням пісаць прашэнні аб памілаванні, вялікага поспеху не мела. Многія, нягледзячы на прашэнне, засталіся даседжваць свой тэрмін.
Сустрэча Лукашэнкі з вядомымі палітвязнямі ў СІЗА КДБ адбылася 11 кастрычніка 2020 года. На яе, апроч Васкрасенскага, прывялі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Сяргея Ціханоўскага, Аляксандра Васілевіча, адвакатаў Лілію Уласаву, Іллю Салея і Максіма Знака, паліттэхнолага Віталя Шклярава, Дзмітрыя Рабцэвіча (дырэктара мінскага офіса PandaDoc), топаў Белгазпрамбанка Сяргея Дабралёта і Кірыла Бадзея.
Пасля яе на волю выйшлі Васкрасенскі і Рабцэвіч.
Чытайце таксама:
Васкрасенскі расказаў, ці пойдзе ў дэпутаты
Халатран пра тое, што ў штабе Бабарыкі рабіў Васкрасенскі і ці магла б Калеснікава стаць прэзідэнтам