Грамадства77

Палітвязень, які рэзка адказаў Васкрасенскаму, расказаў, як у турме перасякаўся з Пальчысам і як кадэбісты браніравалі столікі на Хрышчаціку

У 2021 годзе Дзмітрыя Абрамука з Брэста асудзілі па дзвюх крымінальных справах — «карагоднай» і «абразе Лукашэнкі» — агулам да трох гадоў «хіміі». Там Дзмітрый сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным ціскам, яму прысвоілі чырвоную бірку, а потым зрабілі больш жорсткім пакаранне і адправілі ў наваполацкую калонію. Амаль за два гады зняволення ён прайшоў 130 сутак у штрафных ізалятарах і чатыры з паловай месяца ў памяшканні камернага тыпу. Апынуўшыся ў бяспецы, Дзмітрый расказаў «Вясне» сваю гісторыю.

Дзмітрый Абрамук. Фота: spring96.org

«Дзякуючы амапаўцу, я не «сяджу» цяпер за «беспарадкі»

Дзмітрый расказвае, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Брэсце ў жніўні і верасні 2020 года. Аднак затрымалі яго толькі пасля маршу 13 верасня, калі карагод пратэстоўцаў прыехаў разганяць вадамёт.

«Мы з сябрам тады пайшлі «гуляць» па горадзе. Дайшлі да скрыжавання — людзі спыніліся, камусьці прапанавалі танчыць. Я не вадзіў карагоды, а стаяў збоку са сцягам. Потым праз карагод і скрыжаванне мы пайшлі з сябрам у краму па ваду.

Калі мы зайшлі, то туды пачалі забягаць людзі, таму што прыехаў вадамёт, а па вуліцы ездзілі сілавікі і забіралі мінакоў. Нас з сябрам затрымалі, калі мы ўжо сыходзілі па бульвары. Ён проста ўсю дарогу паўтараў: «Нас забяруць, нас забяруць, нас забяруць…»

І вось, калі нас ужо павялі ў бусікі, ён задаволены мне крыкнуў: «Я ж казаў!»

Амапаўцы, пачуўшы, што мы знаёмыя, развялі нас па розных машынах. Там на каленях я адразу стаў пісаць маме паведамленне, што я затрыманы і мяне сёння дома чакаць не варта.

Амапавец, калі ўбачыў, што я пішу ў тэлефоне нешта, забраў яго і разламаў на дзве часткі. Але, дзякуючы яму, сілавікі не знайшлі фота і відэа з мітынгу 10 жніўня.

Калі ён зламаў тэлефон, пачаў біць мяне галавой аб мяккае сядзенне. Я ўсміхаўся, бо было не балюча. Тады ён стаў на адно калена і пачаў біць мяне аб свой накаленнік. Але, дзякуючы якраз гэтаму амапаўцу, я не «сяджу» цяпер за «беспарадкі» 10 жніўня па фота і відэа з тэлефона. Мне наогул шанцавала. Да суда я «пасядзеў» двое з паловай сутак у ізалятары часовага ўтрымання, а на працэсе справу адправілі на «дапрацоўку». Затрыманаму са мной сябру прызначылі 15 сутак арышту».

«Следчыя сапраўды верылі, што нас не «пасадзяць» за карагод»

Восенню 2020 года Дзмітрый збіраўся з'язджаць у Польшчу на працу і нават паспеў зрабіць візу. Але яго планы змяніла позва ў Следчы камітэт.

«Па дарозе дадому з візавага цэнтра я праверыў паштовую скрыню, а там была позва. Я пайшоў на допыт, бо тады яшчэ не было зразумела, што нам усім будзе канец. Тады нават следчыя шчыра верылі, што тут не можа быць крыміналкі, а я атрымаю свае «суткі» або штраф і паеду ў Польшчу на працу. Яны сапраўды верылі, што нас не «пасадзяць» за карагод. Тады ў кабінеце следчага я прызнаў віну толькі таму, што следчы запэўніваў, што будзе адміністрацыйка. На крымінальным працэсе, дзе я ўжо не прызнаў віну, я расказваў гэта».

Дзмітрыя судзілі па так званай «справе карагодаў» у другой «дзясятцы».

Яму прызначылі два гады «хіміі», а яшчэ двух фігурантаў тады асудзілі да калоніі. За некалькі дзён да гэтага яго сябру прызначылі чатыры гады калоніі па справе брэсцкіх «беспарадкаў». Гэта моцна ўдарыла па Дзмітрыю. Пасля прысуду ён выпіў і патэлефанаваў на 102 і абазваў Лукашэнку «пі*арасам».

«У мяне сябра пасадзілі на чатыры гады калоніі за «ўдзел у беспарадках», а падчас абвяшчэння майго прысуду ў зале суда затрымалі яшчэ аднаго таварыша па «справе карагодаў», з якім нас разам затрымлівалі 13 верасня 2020 года.

Па дарозе дадому я зайшоў выпіць, вярнуўся і патэлефанаваў. Па тэлефоне я сказаў, што Лукашэнка пі*арас, я ненавіджу яго, а міліцыя можа прыехаць забраць мяне хоць зараз. Я сапраўды хацеў так зрабіць. І я толькі адзін раз пра гэта пашкадаваў. Мяне праз гэта ж паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да ўжывання алкагольных і наркатычных сродкаў». І вось калі на праверцы ў памяшканні камернага тыпу ў калоніі добры і светлы супрацоўнік спытаў, чаму ў мяне такі прафулік, бо я ж нармальны. І тады мне стала сорамна за тое, што я п'яны патэлефанаваў».

За гэта супраць Дзмітрыя распачалі яшчэ адну справу за абразу Лукашэнкі па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса.

«ПУАТ №9 — гэта цырк»

Дзмітрый Абрамук. Фота: spring96.org

Суд над Дзмітрыем па гэтай справе праходзіў, калі ён ужо адбываў тэрмін па «справе карагодаў» у ПУАТ №9. На працэс ён прыехаў з Віцебска ў Брэст. Агулам яму прызначылі тры гады «хіміі». Дзмітрый згадвае цяпер, што тады нават не думаў пра тое, каб з'ехаць.

«Мабыць, я думаў, што мы ўжо блізкія да перамогі. Ды і з «хіміі», здавалася, заўсёды можна ўцячы. Таму мне сабралі дзве велізарныя торбы, і я паехаў у Віцебск. Папраўдзе ўсё там можна было купіць, але хадзілі чуткі, што праз каранцін 15 дзён не будуць вадзіць у краму. Я вельмі быў злы, калі прыехаў з усялякімі кансервамі, а на наступны дзень нас павялі ў краму.

Але наогул ПУАТ №9 — гэта цырк. Я паводзіў сябе больш, чым адэкватна, але самыя галоўныя людзі на ПУАТ выпісвалі мне парушэнні. Гэта начальнік Мачэча Эдуард Фёдаравіч, атраднік Спосабаў Іван Пятровіч, намеснік па выхаваўчай рабоце Аляксееў, Кавалёў, Філімонаў Алег Аляксандравіч. Ёсць яшчэ маёр міліцыі Дзяніс Бруеў, але ён проста дурны, яго ўладкавалі туды па сувязях. Напрыклад, яму Мачэча сказаў бегаць за мной з камерай, а ён успрымаў гэта літаральна і рэальна бегаў за мной з камерай.

Неяк на пастраенні мы сказалі яму жартам, што падкінем яму БЧБ-сцяг, каб ён з намі тут «сядзеў», а ён адказаў: «Мне ўсё адно. Хто мне будзе плаціць — за таго я і буду».

Пры гэтым на «хіміі» сярод супрацоўнікаў я сустракаў шмат добрых людзей, якія ў сілу сваіх магчымасцяў дапамагалі мне. Многія не могуць сысці, таму што ўсё ўпіраецца ў грошы, кантракты, адпрацоўкі і тое, што пасля працы ў міліцыі іх нікуды не возьмуць».

У ПУАТ Дзмітрыя паставілі адразу на некалькі прафілактычных улікаў: «як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільнага да ўжывання спіртазмяшчальных рэчываў», а потым яшчэ «як схільнага да ўцёкаў».

Падчас адбыцця тэрміну на «хіміі» сябры Дзмітрыя неаднаразова паведамлялі ў медыя пра ціск на яго. Напрыклад, у снежні 2021 года адзін з супрацоўнікаў «хіміі» пагражаў нанесці сабе траўмы, а потым зваліць усё на палітвязня. Дзмітрый апісаў гэта ўсё ў заяве.

«З усіх палітычных на «хіміях» у Беларусі не працаваў толькі адзін я»

Дзмітрый Абрамук на «хіміі» адразу ж сутыкнуўся з праблемай — яго не выпускалі на працу. Такім было рашэнне начальства ПУАТ №9.

«Я не прапрацаваў там ніводнага дня. А ўсё таму, што першапачаткова начальнік Мачэча ўбачыў ува мне нейкага героя сярод палітычных. Наколькі я ведаю, з усіх палітычных на «хіміях» у Беларусі не працаваў толькі адзін я. Я знайшоў сабе працу на будоўлі, але мяне туды проста не пусцілі.

Іх не хвалявала, за што я буду там жыць, а толькі казалі: «Вы, змагары, пракорміцеся». Не пускалі працаваць дзеля прынцыпу. Мы пісалі ў медыя — на гэта рэагавалі праверкамі з Дэпартамента выканання пакаранняў, але ўсё адно мяне не пускалі, хоць абяцалі «працаўладкаваць днямі». А потым яны ўжо прыдумалі чырвоную бірку, каб была афіцыйная прычына абмежаваць мяне.

На ўваходзе вісела каля 25 фотаздымкаў «чырвонабірачнікаў», але з іх усё роўна толькі аднаго мяне не пускалі на працу».

«Рэпрэсіі закранулі амаль усіх маіх знаёмых»

Адказ Дзмітрыя Абрамука на прапанову аб памілаванні

Улетку 2021 года Юрый Васкрасенскі масава рассылаў палітвязням лісты з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні. Такая прапанова прыйшла і Дзмітрыю. Палітвязень адказаў яму, што ён не будзе прасіць аб памілаванні.

Знаёмыя Дзмітрыя адправілі яго адказ у медыя. 

«Я так напісаў, таму што рэпрэсіі закранулі амаль усіх маіх знаёмых. У мяне ў двары ўсе сябры так ці інакш пацярпелі. Калі я напішу на памілаванне, то як я буду ім у вочы глядзець потым? У мяне тады не было глабальнага філасофскага сэнсу, а была толькі злосць. Вось ёсць я, які сяджу ні за што, і ёсць мае сябры, якія сядзяць ні за што».

«Больш за ўсё мне запомніліся лісты ад дзяцей і пенсіянераў»

Дзмітрый расказвае, што ў 2021 годзе, калі быў на «хіміі» адчуваў вялікую салідарнасць беларусаў: яму пісалі ў сацыяльных сетках, дасылалі лісты і пасылкі.

«Прыходзіла шмат лістоў. Спачатку я быў вельмі шчаслівы. Шчыра. Потым гэта крыху надакучыла, таму што людзі пісалі адно і тое ж, як пад капірку: «Трымайцеся, вы малайчына!»

На пошце я папрасіў, каб мне лісты аддавалі ў рукі, а не перадавалі на ПУАТ, таму што там іх нават ускрывалі, хоць не маюць на гэта ніякага права. Мне вельмі шмат прыйшло лістоў у лютым 2022 года пасля ўцёкаў, калі я выйшаў з ШІЗА, і потым пасля 50 сутак ШІЗА. Тады за пару тыдняў прыйшло каля 100 лістоў. Сярод іх былі вельмі крутыя.

Больш за ўсё мне запомніліся лісты ад дзяцей і ад віцебскіх пенсіянераў. Апошнія мне даслалі нейкі плецены выраб з дрэва. Міліцыянты, калі бачылі гэта, былі не вельмі рады, бо іх так ніхто не віншуе і не піша словы «героі». Мне здаецца, ім было крыўдна, калі я ішоў з вялікім стосам лістоў.

Калі я быў на «хіміі», віцебскія «партызаны» рабілі акцыі з прозвішчамі палітвязняў з віцебскага ПУАТ. Там жа я быў адносна вольны і мог карыстацца тэлефонам. Гляджу TikTok, а там відэа выпадае з гэтай акцыяй — афігенна! Праўда, у іх усё сумна скончылася — яны цяпер самі «сядзяць». Таму, галоўнае, каб ад гэтай падтрымкі ніхто не пацярпеў. Я б не хацеў, каб цяпер, напрыклад, адзін чалавек выйшаў з БЧБ-сцягам дзесьці ў Брэсце і крычаў: «Свабоду Дзіму Абрамуку!» Мне ад гэтага нічога, а яму — бяда».

«А ў чым мне прызнаваць віну?»

Пры гэтым супрацоўнікі ПУАТ неаднаразова правакавалі Дзмітрыя пытаннямі, калі ён ужо ўцячэ і чаму дагэтуль не збег. Палітвязень ім адказваў: «Я нікуды не збіраюся, мне і тут добра».

«У сярэдзіне лістапада 2021 года мяне паставілі на прафілактычны ўлік, як схільнага да ўцёкаў, і выдалі чырвоную бірку. Мяне выклікалі тады на камісію і сказалі, што нібыта паступіла інфармацыя, што я збіраюся збегчы ў Расейскую Федэрацыю. Гэта ўсё трызненне, якая Расея? Я там пасварыўся трохі, выказаў сваё меркаванне на іх камеру. Ужо проста надакучыла маўчаць. Я сказаў ім, што яны баязліўцы і гэта ўсё цырк, а потым гэта відэа яны на сваіх планёрках глядзелі. Пасля гэтага пайшлі мае дзясяткі «сутак» у ШІЗА…»

Увесь гэты час знаходжання на «хіміі» Дзмітрыя прымушалі прызнаць віну, але ён гэтага не рабіў.

«А ў чым мне прызнаваць віну? Што я проста ішоў па дарозе? Я проста не мог прызнаваць віну. Як я мог прызнаваць віну, калі ведаў там, што ёсць такія людзі, як вы? Я ніколі не адмаўляў, што я хадзіў на мітынгі і што буду хадзіць на іх. У мяне такая цвёрдая пазіцыя».

Адным з палітвязняў, з кім Дзмітрый адбываў тэрмін на «хіміі», быў лідар панк-гурта Mister X і актывіст Ігар Банцар, з якім яны і пасябравалі. Адміністрацыя ПУАТ №9 Ігара і Дзмітрыя перыядычна адпраўлялі ў штрафныя ізалятары.

«Ігар — светлы і прышпільны чалавек. Спадзяюся, у яго ў эміграцыі ўсё атрымаецца. Як кажа сам Ігар, «мы сталі сябрамі».

Ігар Банцар і Дзмітрый Абрамук на «хіміі». Фота: spring96.org

«Дзіма, ты ж разумееш»

Праз тое, што палітвязень не прызнаваў віну, яму пачалі выпісваць рапарты з надуманых прычын і адпраўляць у штрафныя ізалятары. У агульнай суме ў ШІЗА падчас «хіміі» Дзмітрый утрымліваўся 110 сутак — з 5 снежня 2021 года па 24 красавіка 2022 года. Адбываў ён іх у ІЧУ на тэрыторыі СІЗА Віцебска. За гэты час ён вельмі схуднеў праз нервы.

«Мяне пасадзілі з паўторна асуджанымі з «хіміі» №11, хоць гэтага рабіць нельга. Яны хацелі, каб яны перавыхавалі мяне, але атрымалася ўсё наадварот. Начальнік той «хіміі» пытаўся, як я там.

Сядзець было холадна, але гэта ж была зіма. Мне не давалі ўзяць з сабой куртку ў ІЧУ ў Віцебску, хоць усе сукамернікі былі ў куртках. Холад я перанёс, але было непрыемна. Са мной сядзеў мужчына, якога злавілі на «хіміі» з шпрыцам — ён калоўся. Яму далі пяць сутак арышту. А мне далі 40 сутак незразумела за што. Пры гэтым ён быў у куртцы, а я — у кофце.

Самае нервовае — гэта калі выпісвалі парушэнні па надуманых прычынах. Напрыклад, я абапёрся аб стол, а яны кажуць: «Ты спаў, вось табе рапарт». Быў выпадак потым, калі ўжо пры мне казалі па рацыі, каб я дзяжурыў. А ў маё дзяжурства каляска проста не заязджала па смецце. За гэта выпісалі парушэнне са словамі: «Дзіма, ты ж разумееш».

Дзмітрый расказвае, што на «хіміі» сачылі, што пішуць у інтэрнэце пра ПУАТ №9. Па фактах публікацый у «Вясне», «Белсаце» і суполцы «УКантакце» «Беларуская турма» прыязджалі праверкі з Дэпартамента выканання пакаранняў.

«На «хіміі» нават больш сачылі за публікацыямі самі асуджаныя, якія хадзілі здаваць нас адміністрацыі. Потым нас выклікалі ў кабінет. Але напісана ж была праўда, таму мы не баяліся».

«Замовілі стол на Хрышчаціку на 8 сакавіка»

15 лютага 2022 года да Дзмітрыя паміж «суткамі» ў ШІЗА прыехалі супрацоўнікі віцебскага КДБ, каб дапытаць па гучнай «справе хімікаў» з-за тэлеграм-чата «Волейбол па выходным».

«Яны пыталіся, ці ведаю я, што гэта за чат, і ці ведаю я, што там заклікаюць паліць супрацоўнікаў. Але я ў той час не вылазіў з ШІЗА.

Кадэбэшнікі размаўлялі на розныя тэмы: пра Ціханоўскага, Бабарыку, Лосіка. Казалі пра іх правакацыйныя рэчы. Таксама сказалі, што іх таварышы [супрацоўнікаў КДБ] ужо замовілі стол на Хрышчаціку на 8 сакавіка. Заўважу, што гэта было сказана яшчэ ў сярэдзіне лютага.

Яны таксама прасілі запісаць відэа, дзе я кажу, што я прызнаю віну і ўсведамляю гэта. Але мы прыйшлі да таго, што я не магу запісаць такое відэа. Тады супрацоўнік пайшоў патэлефанаваць камусьці, вярнуўся і прапанаваў запісаць відэа, што я добраахвотна выйшаў з гэтага чата. Тут не было чагосьці такога, таму я сказаў на камеру: «Я, Абрамук Дзмітрый Міхайлавіч, адпісаўся ад тэлеграм-чата «Валейбол па выхадных». Больш мяне не чапалі».

«Хацела рабіць нешта для асуджаных»

Нягледзячы на беспрэцэдэнтны прэсінг на палітвязня на «хіміі», Дзмітрый згадвае гэты час з цяплом, бо сустрэў там каханне:

«Калі я прыехаў у ПУАТ, то мяне вельмі палохалі адной супрацоўніцай. Але пры гэтым яе хвалілі, як добрага спецыяліста, таму што яна дапамагала многім выходзіць па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, але не так, як у Беларусі заведзена — ты кагосьці здаў або зрабіў рамонт, а па справядлівасці. Мне вельмі гэта спадабалася. Таксама яна адна з нямногіх супрацоўнікаў на гэтай «хіміі» хацела сапраўды рабіць нешта для асуджаных. Мы шмат стасаваліся з ёй, а потым я папрасіў яе, калі я ёй не абыякавы, заплесці хвосцік. І яна зрабіла хвосцік. У нас з ёй завязаліся стасункі. Яна мяне вельмі падтрымлівала. Пасля прыезду КДБ з нагоды «фінансавання экстрэмістамі» я ёй зрабіў прапанову, на што яна адказала станоўча. Гэтым разам мне дапамаглі кадэбэшнікі, як і ў гісторыі з тэлефонам, зламаным амапаўцам. Потым яна звольнілася з ПУАТ. Забягаючы наперад скажу, што праз год яна вымушана была пакінуць Беларусь.

Калі мяне выпусцілі з ШІЗА пасля 30 сутак і я ведаў, што мяне адправяць у ШІЗА, а потым — у калонію, то я збег, каб развітацца з ёй. У мяне быў выбар: альбо з'ехаць з Беларусі, альбо паехаць да яе. Я выбраў другое і не шкадую пра гэта нават цяпер. У вышук мяне абвясцілі на працягу паўтары гадзіны, хоць павінны былі пасля трох сутак. Нас вялі ў краму, я выклікаў таксі і пабег. Калі мне выпісвалі парушэнне, то супрацоўнік Спосабаў казаў, што нібыта бег за мной, хоць гэтага не было».

Дзмітрый расказвае, што за тры дні ён паспеў купіць тэрмабялізну, лекі і іншыя неабходныя рэчы ў калонію. Палітвязень збіраўся вяртацца на «хімію», але яго затрымалі. Пасля гэтага Дзмітрый прабыў у ШІЗА 20 сутак.

«Міліцыя па ўсёй Беларусі шукала аднаго чалавека. Яны ездзілі да ўсіх, каму калісьці тэлефанавалі з майго тэлефона. Гэта смешна».

«Адным этапам мы ехалі з Эдзікам Пальчысам»

17 лютага 2022 года Дзмітрыю замянілі абмежаванне на пазбаўленне волі і адправілі ў наваполацкую калонію №1.

«Замест каранціну мяне зноў адправілі ў штрафны ізалятар даседжваць пяць сутак з віцебскага СІЗА. Ну і яшчэ 10 сутак дадалі — «для прафілактыкі».

Адным этапам мы ехалі з Эдзікам Пальчысам, але пазнаёміліся з ім ужо ў ШІЗА, куды яго, як і мяне, адправілі «для прафілактыкі». Да гэтай сустрэчы я пра яго раней не чуў, але з яго апавяданняў я зразумеў, што ён вельмі круты і светлы чалавек. Мне ён вельмі спадабаўся — Эдзік выдатны чалавек! Я вельмі хачу, каб ён хутчэй вярнуўся дадому. Мы з ім сядзелі на падлозе, абапёршыся аб батарэю, і размаўлялі па душах. Ён верыў, што ў найбліжэйшы час усё будзе добра. Праўда, прайшло больш часу, чым ён верыў, на жаль…

Наогул сярод палітвязняў сустракаюцца вельмі розныя людзі. Ёсць тыя, хто адстойвае сваю пазіцыю нават там, таму што шчыра верыць. Але такіх, на жаль, меншасць. Большасць палітвязняў — гэта тыя, хто ішоў у краму па батон, умоўна кажучы, і трапіўся. Я не магу сказаць, ці шмат тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй, таму што гэта можна праверыць, толькі калі ён перакажа нашу размову оперу або атрадніку. Сярод палітвязняў ёсць і тыя, хто непрыгожа сябе паводзіць з іншымі асуджанымі, як быццам яны не вартыя яго. Сярод такіх ёсць і знакамітыя палітвязні, але я не буду называць прозвішчаў».

Паводле былога палітвязня, лісты на ПК-1 не даходзяць ад несваякоў.

«Мне адразу не хацелі нават лісты ад мамы аддаваць, бо ў яе іншае прозвішча, але начальнік Пальчык дазволіў».

«Мне адразу сказалі, што да канца тэрміну паеду на ПКТ»

У віцебскім СІЗА Дзмітрыю выдалі чырвоную бірку, якая паехала з ім у калонію. У Беларусі толькі некалькі палітвязняў маюць такую бірку. Асуджаных па палітычных артыкулах ставяць на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці і выдаюць жоўтую бірку. Праз чырвоную бірку Дзмітрыя зноў не выпускалі на працу, абмяжоўвалі перамяшчэнні па тэрыторыі калоніі, а таксама прымушалі адзначацца кожную гадзіну.

«У нашай калоніі былі чатыры чалавекі з чырвонай біркай, і я сярод іх. Усе палітвязні працуюць шэсць дзён на тыдзень на прамысловай зоне, а мне трэба было ўвесь час знаходзіцца ў бараку і хадзіць адзначацца кожную гадзіну. Але я ўжо прывык потым і нават на час не глядзеў».

Дзмітрый адзначае, што з катаваннямі ў калоніі ён не сутыкаўся і іншыя зняволеныя яму не расказвалі пра гэта. Але з ягоных словаў, прадузятае стаўленне да палітвязняў сустракаецца ў некаторых супрацоўнікаў наваполацкай калоніі:

«Мне адразу сказалі, калі я буду сядзець моўчкі, то да канца тэрміну паеду на ПКТ, таму што я прыехаў туды з вельмі вялікім шлейфам. Калі я сядзеў у ШІЗА, то ў першыя чатыры дні прыйшоў амаль увесь афіцэрскі склад паглядзець, хто такі Абрамук. Тады Пальчысу давялося апавядаць сваю гісторыю.

Неяк Эдзіка Пальчыса адправілі ў ШІЗА за тое, што ён пагаварыў з Віктарам Бабарыкам. Яму адразу сказалі, што ён паедзе ў турму, але папярэдзілі загадзя, каб ён паспеў падрыхтавацца.

Банкіра я бачыў некалькі разоў, калі хадзіў на адзнаку. Адзін раз я з ім павітаўся».

Паводле Дзмітрыя, прыкладна 18 красавіка Віктара Бабарыку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Праз некалькі дзён стала вядома, што яго прывезлі ў наваполацкую бальніцу. Цяпер яго стан здароўя і месцазнаходжанне невядомыя. Дзмітрый адзначае, што на выбарах ён галасаваў бы за Віктара Бабарыку.

«Бачыць яго ў калоніі — сумна. Я галасаваў бы за поўнага веселуна, а цяпер ужо не тое…»

Як адзначае Дзмітрый, у ПК-1 палітвязняў досыць часта адпраўляюць у ШІЗА і ПКТ.

«Адзін пабудаваў краіну пад сябе, а другі — турму»

Былы палітвязень пацвярджае, што наваполацкая калонія лічыцца адной з самых жорсткіх па рэжыме:

«Гэта значыць, што ўсё павінна быць запраўлена. У «кешары» (сумцы) павінна быць сабрана, у тумбах — парадак, гузікі — зашпіленыя, стаяць на пастраеннях — роўна. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на ўсіх зняволеных: і на палітычных, і на асуджаных за забойства. Пры мне зняволеных не збівалі, але чуткі такія хадзілі. За два гады мне было фізічна балюча толькі два разы. Калі ў віцебскім СІЗА мяне канваіры не ўтрымалі на лесвіцы і я паваліўся, ідучы «ластаўкай» у кайданках. І калі на другі дзень у ШІЗА ў калоніі Пальчык мяне паставіў на занадта шырокую расцяжку, а потым у мяне тыдзень балела цягліца.

Што тычыцца Пальчыка, то ПК-1 пабудавана цалкам пад яго. Адзін пабудаваў краіну пад сябе, а другі — турму. Але тут ёсць спрэчны момант. Таму што такі рэжым добры для асуджаных за забойства, напрыклад. Я яго не падтрымліваю, але ён малайчына тут. Але калі там сядзіць дзядуля, у сацыяльных сетках якога двухгадовы ўнук выпадкова паставіў лайк, і таго, не разабраўшыся, адправілі ў калонію, то гэта няправільна. Пальчык быў ідэальным чалавекам для гэтай сістэмы. Калі мне на ПКТ сказалі, што яго прыбралі і панізілі, то я быў вельмі здзіўлены».

Дзмітрыя Абрамука адправілі ў памяшканне камернага тыпу на чатыры з паловай месяца. Там ён прабыў да канца свайго тэрміну. 22 красавіка ён выйшаў на волю з наваполацкай калоніі. Былы палітвязень адразу стаў займацца сваім выездам:

«Я калі яшчэ сядзеў там, ведаў, што з'еду. Абмяркоўвалі гэта з сябрамі з ПК-1, якія ўжо таксама выехалі. На працягу ўсяго тэрміну мне пагражалі, што мяне «пасадзяць», хоць я ўжо «сядзеў». На «хіміі» казалі, што адправяць у калонію, а там пагражалі турмой. Але ў мяне па тэрмінах не атрымлівалася — навошта з-за мяне так затлумляцца? Яны і так вельмі шмат мне ўвагі надавалі — часам мне здавалася, што Бабарыкі менш было.

З Беларусі я з'ехаў, бо было страшна. Зноў «сядзець» не хацелася. Ледзь ні праз дзень да мяне прыходзіла міліцыя правяраць. Мы ім кажам, што я свабодны чалавек ужо, а яны толькі адказвалі: «Нам сказалі правяраць».

«Добрых было занадта мала?»

Дома ў Брэсце Дзмітрый прабыў месяц да ад'езду.

«9 мая выйшаў на вуліцу, а там усе ходзяць са стужачкамі на грудзях і з шарыкамі ў колерах дзяржаўнага сцяга. Гэта непрыемнае відовішча. Зразумела, што многія сагнаныя з заводаў і прадпрыемстваў, але ўсё адно гэта занадта шмат для «загону».

Складана патлумачыць знаёмым з Украіны вось гэтую карціну або натоўп на канцэрце Газманава ў Гродне, нягледзячы на тое што сам «сядзеў». Я калі «сядаў» у 2021 годзе, усе ж адкрыта тапілі за бел-чырвона-белы сцяг. 9 мая 2021 года нас затрымлівалі на трое сутак за БЧБ-налепкі. Усе ведалі, што можна быць затрыманым, але ўсё роўна клеілі і развешвалі БЧБ-сімволіку. Мне цяпер знаёмыя тлумачылі такую змену тым, што ўсе добрыя людзі з'ехалі. Але тады, атрымліваецца, што добрых было занадта мала?

Амаль усе мае сябры, якія засталіся ў Беларусі, ненавідзяць, што адбываецца навокал, напрыклад рэпрэсіі за лайкі і падпіскі. Але яны нічога зрабіць не могуць. Нічога не зменіцца, калі выйдуць гэтыя дзесяць чалавек, таму што астатнія «сядзяць» або ім давялося з'ехаць».

«Цяпер лепш падтрымліваць блізкіх палітвязняў»

Пасля вызвалення Дзмітрый стаў на наглядны ўлік — кожную нядзелю павінен адзначацца на працягу двух гадоў.

«Супрацоўніца інспекцыі сказала, што я магу спакойна выехаць, загадзя папярэдзіўшы, толькі трэба праверыць па базе, ці выязны ты. І пры гэтым дадала, што звычайна з гэтым праблем не было».

16 мая Дзмітрыя выклікалі па позве ў РАУС на допыт у якасці сведкі, дзе правялі прафілактычную гутарку. Праз некалькі дзён ён пакінуў Беларусь. Былому палітвязню не абмежавалі выезд, нягледзячы на тое што яго ўнеслі ў «Спіс экстрэмістаў».

Дзмітрый выказаўся пра Дзень палітвязняў і пра падтрымку палітычных зняволеных:

«Гэтыя ўсе акцыі салідарнасці за мяжой вельмі мяне бадзёрылі. Іншых палітвязняў гэта таксама падтрымлівае, як мне здаецца. Гэта паказвае, што на волі пра іх не забываюць. Усё роўна гэта да іх дойдзе і яны даведаюцца, што пра іх памятаюць.

Вулічныя акцыі салідарнасці за мяжой важныя, каб, напрыклад, бацькі палітвязняў у інтэрнэце бачылі, што людзі выходзяць з партрэтам або прозвішчам ягонага сына. Але хочацца, каб гэта было больш маштабна, каб па мясцовым тэлебачанні ў Варшаве, напрыклад, гэта паказалі. Было б крута, каб больш пра гэта пісалі замежныя медыя.

Я думаю, што цяпер лепш падтрымліваць блізкіх палітвязняў. Напрыклад, суседцы, у якой «сядзіць» муж, зычыць бы добрага дня. Памятаю, маёй маці неяк даслалі кветкі. На «хімію» яна даслала мне сваё задаволенае фота з кветкамі. У яе «сядзіць» сын незразумела за што, і ёй дорыць нейкая незнаёмая жанчына кветкі і кажа, што яе сын — малайчына. Мне гэта было прыемна, як мінімум.

У 2021 годзе ў праўладным тэлеграм-канале апублічылі нумар тэлефона маёй маці, разлічваючы на тое, што ёй будуць тэлефанаваць і абражаць. Але ёй тэлефанавалі незнаёмыя людзі і падтрымлівалі.

Вельмі важная ў такіх гісторыях падтрымка блізкіх і сваякоў. У мяне было адзін раз жаданне здацца і прызнаць віну на «хіміі», але мяне вельмі падтрымлівала каханне. Акрамя гэтага, важна падтрымліваць былых палітвязняў, якія толькі вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і з'ехалі з краіны. У нас вельмі мала ініцыятыў і арганізацый, якія гэтым займаюцца.

Дзмітрый разважае цяпер, што не шкадуе пра пройдзены шлях. Адзінае — шкада часу і здароўя.

«За гэтыя два гады я састарэў і здароўе сапсавалася. У астатнім, як чалавек, я не змяніўся. Калі я вызваліўся, то я ўсё роўна не адчуў свабоду і бяспеку, бо цяпер у нашай краіне нават лайкі ставіць небяспечна».

Чытайце таксама:

Як у КДБ вісяць партрэты не Лукашэнкі, а Пуціна, як трапіў у «камеру смяротнікаў» і як стаў сведкам спробы ўцёкаў палітычнага — моцны аповед былога палітвязня

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратам

«Ты што, лесбіянка?» Былыя палітзняволеныя расказалі пра дзівацтвы памочніка начальніка жаночай калоніі

Каментары7

  • барадзед
    29.05.2023
    моцны чалавек
  • mikola
    29.05.2023
    Sto za akuljary ion nadzeu? Tak jago ni paznac ? Tak gety REZYM zapalohau=na *akcyjah* ci piketah=u neikih masaczkah ci akuljarah- kab ni paznali ?  Jany i tak vedaiuc !
  • Злобный вожык
    29.05.2023
    Каханне на почве стокгольмского синдрома, плохое здоровье, бегство заграницу. Все не напрасно, Дима, повторяй это себе по утрам в зеркало.

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»10

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»34

Маргарыта Ляўчук нарэшце атрымала пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці7

«На асуджаных могуць уздзейнічаць звонку». Сілавікі вучыліся душыць бунт у калоніі

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці3

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»10

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →