«Кіберпартызаны» ўзламалі звесткі расійскага прадпрыемства па вытворчасці дронаў — і перадалі ўкраінцам

Беларуская групоўка «Кіберпартызаны» атрымала доступ да сакрэтных звестак расійскага прадпрыемства «Спецыяльны тэхналагічны цэнтр», што спецыялізуецца на беспілотніках «Арлан».

08.02.2024 / 15:23

Беспілотнік «Арлан». Фота: Wikimedia Commons

«Пра большасць кібераперацый мы можам паведамляць толькі праз час. Цяпер можам расказаць, што атрымалі і перадалі ўкраінскаму боку даныя аднаго з крытычна важных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Расіі — ТАА «Спецыяльны тэхналагічны цэнтр» (СТЦ)», — паведамілі «Кіберпартызаны» ў сацсетках.

Яны зазначаюць, што выпампавалі частку ўнутраных перапісак, даныя супрацоўнікаў, размяшчэнні трэніровачных пляцовак і вайсковых часцей, некаторыя тэхнічныя звесткі і дакументацыю.

ТАА «СТЦ» выпускае беспілотнікі «Арлан», сродкі радыёэлектроннай барацьбы, разведкі і іншую ваенную прадукцыю РФ.

Хакеры апублікавалі даныя начальнікаў аддзелаў і некаторых супрацоўнікаў. «Няхай усе ведаюць саўдзельнікаў расійскіх захопнікаў у атаках па Украіне», — рэзюмуюць яны.

Чытайце таксама:

Праклён беларускіх сілавікоў. Як паміраюць людзі ў пагонах пасля 2020 года — даныя «Кіберпартызанаў»

«Кіберпартызаны» расказалі пра новы спосаб махлярства ў тэлеграме

Стала вядома, колькі зарабляюць Ірына Акуловіч і іншыя кіраўнікі БелТА

Nashaniva.com